Мероприятия

"День белорусской письменности"

Інфармацыя
аб святкаванні Дня беларускага пісьменства 7 верасня 2008
ў г. Барысаве Мінскай вобласці

  У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь" Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Упершыню свята было праведзена ў 1994 г. у г. Полацку. Пасля яго сталіцамі былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў.
     Сёлетнее Свята ў Барысаве юбілейнае – пятнаццатае. Асноўная тэма Свята – гісторыя Дня беларускага пісьменства, яго рух па гарадах Беларусі.
У мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прынялі ўдзел  вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі дыпламатычных місій Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Венгрыі, Вьетнама, Грузіі, ЗША, Індыі, Казахстана, Кубы, Кыргізіі, Лівіі, Літвы, Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Украіны, Чэхіі і Эстоніі,  а таксама ААН/ПРААН, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы, Выканаўчага камітэта СНД, замежныя літаратары з Расіі, Сербіі, Польшчы, Чарнагорыі, беларускія пісьменнікі, журналісты, навукоўцы.
Дзень беларускага пісьменства распачала навукова-творчая экспедыцыя "Дарога да святыняў" ад Гроба Гасподнягя, якая стартавала ў г. Мінску 3 верасня і завершылася 7 верасня ў горадзе Барысаве ўрачыстай літургіяй з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі. Шлях экспедыцыі, у якой прынялі ўдзел святары, навукоўцы, артысты, грамадскія дзеячы, журналісты, прайшоў праз гарады, вёскі, манастыры і храмы Міншчыны.
     Напярэдадні Свята – 6 верасня – ў РУП "Міжнародны цэнтр інтэграцыйнай інфармацыі. Грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы" (Мінск) адбыўся "круглы стол" на тэму  "Мастацкі пераклад як шлях адзін да аднаго. Славянскі вектар" з удзелам замежных пісьменнікаў, які быў арганізаваны РВУ "Літаратура і Мастацтва". У Барысаве ў гэты дзень прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Барысаўскія чытанні", якая штогод арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
     У дзень ХV юбілейнага свята на плошчы перад Домам культуры адбыўся Фестываль гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. Кожны горад, ў якім у розныя гады праходзіла Свята, быў прадстаўлены на асобнай пляцоўцы. Увесь дзень на сцэне праходзілі прэзентацыі гарадоў-сталіц, выступалі мастацкія калектывы з розных раёнаў Беларусі. На цэнтральнай плошчы праходзіў Фестываль кнігі і прэсы, працавалі выставачныя кніжныя павільёны "Гісторыя беларускага кнігадрукавання" і "Сучасная беларуская кніга", тэматычныя пляцоўкі, кнігагандлёвыя палаткі, Гарадок друкаваных СМІ, выставачныя павільёны РУП "Белсаюздрук" і УП "Мінаблсаюздрук" з экспазіцыяй, прысвечанай 90-годдзю сістэмы распаўсюджвання друку. На цэнтральных вуліцах Барысава размесціліся тематычныя пляцоўкі, выступалі мастацкія калектывы вобласці, праходзіла Свята юнацтва, якое было арганізавана ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", працаваў горад майстроў.
     Апоўдні адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства і ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, пераклада, сатыры і гумару, дэтэктыўнага і песеннага жанру. Дыпломы і ганаровыя знакі "Залаты фаліянт" і "Залаты Купідон" атрымалі вядучыя беларускія выдаўцы, мастакі, пісьменнікі.
На працягу дня жыхары і госці г. Барысава прынялі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі А.Каладзееву – мецэнату, стваральніку першай бібліятэкі ў г. Барысаве, і выстаўкі беларускага мастака Валерыя Шкарубы, а таксама ў "Свяце дзяцінства" і Форуме маладзёжнай прэсы ў Гарадскім парку.
Адметнай падзеяй Дня бераускага пісьменства ў Барысаве стала адкрыццё памятнага знака "Да 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства".
Пад вечар на Галоўнай сцэне адбыліся цырымонія ўрачыстага закрыцця Дня беларускага пісьменства і перадачы эстафеты Свята, гала-канцэрт і ў завяршэнні – святочны феерверк.