Мероприятия

"День белорусской письменности"

Інфармацыя

аб святкаванні Дня беларускага пісьменства

 

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь" Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.

Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.

 

Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:

1994 – Полацк

1995 – Тураў

1996 – Навагрудак

1997 – Нясвіж

1998 – Орша

1999 – Пінск

2000 – Заслау'е

2001 – Мсціслаў

2002 – Мір

2003 – Полацк

2004 – Тураў

2005 – Камянец

2006 – Паставы

2007 – Шклоў

 

Селета свята адбудзецца 7 верасня ў г. Барысаве Мінскай вобласці.

Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.

За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліке. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.

У ліку важнейшых мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства – урачыстая цырымонія ўзнагароды пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". Таксама, пачынаючы з 2007 года, праводзіцца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з'яўляюцца грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім работаюць кніжныя выставачныя павільоны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, тарговыя павільоны і палаткі. У час правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.

Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Па благаслаўленню Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарета экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.

Таксама напярэдадні Дня беларускага пісьменства штогод Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя, у якой прымаюць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі, Інстытута літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі, Белдзяржуніверсітэта, іншых навуковых устаноў нашай краіны.