Беларусь 21 лютага святкуе Дзень роднай мовы

Беларусь 21 лютага святкуе Дзень роднай мовы

Кожны год 21 лютага па ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго галоўная мэта – падтрыманне нацыянальных моў і культур, захаванне адметнасці i самабытнасці, забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай і стварэнне ўмоў для гэтага з боку дзяржаўных органаў улады. 

А для нас, беларусаў, гэта яшчэ і дзень, калі варта падцвердзіць вядомае: чытаць, пісаць і думаць па-беларуску здольны кожны. Бо мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. У 2021 годзе, вызначаным у нашай краіне як Год народнага адзінства, асаблівае значэнне набывае навукова-практычнае забеспячэнне функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. І сёння наша галоўная задача – задумацца пра тое, як пашырыць ужыванне роднай мовы ў паўсядзённым жыцці, упэўнены начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі” Вячаслаў Караткевіч:

– Сучасныя працэсы глабалізацыі маюць сур’ёзны ўплыў на стан мовы. І нельга не звярнуць увагу на тую небяспеку, якая сёння паграджае многім краінам, не толькі Беларусі. Гэта звязана, у першую чаргу, з пашырэннем выкарыстання інтэрнэта. Ёсць дадзеныя: у 2000 годзе было зарэгістравана 80 мільёнаў карыстальнікаў гэтай сусветнай сеткай. Праз тры гады іх было ўжо 3 мільярды. На студзень 2021 года інтэрнэт налічвае больш за 4,5 мільярдаў карыстальнікаў. Толькі падумайце: ім карыстаецца амаль палова света! І гэта адзін з тых фактараў, які перашкаджае разнастайнасці моў. Некаторым паграджае нават знішчэнне. Згодна дадзеным ЮНЕСКА, беларуская мова зараз мае статус хісткага становішча. Гэта значыць, што сфера выкарыстання беларускай мовы істотна абмежаваная. 

Вячаслаў Караткевіч адзначыў, што Нацыянальным інстытутам адукацыі робіцца шмат для таго, каб у школах і іншых навучальных установах было неабходнае метадычнае забеспяэнне, каб прадметы (фізіка, матэматыка, хімія ды іншныя) таксама выкладаліся на беларускай мове. 

– Акрамя таго, з 2021 года пачаў дзейнічаць адзіны адукацыйны рэсурс – Нацыянальны адукацыйны партал, які прызначаны ў тым ліку для самастойнага дыстанцыйнага навучання. Многае там, безумоўна, на рускай мове, але зараз перад намі пастаўлена задача аб беларускамоўным напаўненні рэсурса. Таксама на стадыі завяршэння знаходзіцца распрацоўка буквара для беларускамоўных школ. Гэта вельмі цікавая, незвычайная і неабходная праца, таму хутка, я ўпэўнены, такі буквар для беларускамоўных дезетак пабачыць свет.

Спецыялісты “Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН таксама працуюць зараз над цікавымі даследваннямі. Загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Валянціна Русак распавядае: 

– Так склалася, што у нас дзве родныя мовы. Так сталася гістарычна. Таму абедзве гэтыя мовы лічацца здабыткам нашай нацыі і нашага народа. Мне імпануе гэты тэзіс, які быў выказаны Прэзідэнтам падчас Усебеларускага народнага сходу. Тым больш я добра і дэталёва знаёма з моўнай сітуацыяй ў іншых краінах славянскага свету… Мне падаецца вельмі важнай тая праца, над якой мы працуем з 1958 года сумесна са спецыялістамі з усіх славянскіх краін. Праект называецца “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас” – гэта найбуйнейшы міжнародны праект па даследаванні фанетыкі, граматыкі, лексікі і семантыкі ва ўсіх славянскіх мовах. Над ім працавалі тры пакаленні нашых славістаў, і зараз мы рыхтуем чацвертае. Гэта маладыя даследчыкі, якія зацікаўлены ў гэтай вельмі дэталёвай працы і разумеюць адказнасць па рабоце над словам.



Сярод праектаў, якія дзякуючы спецыялістам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў хуткім часе з’явяцца на паліцах кнігарняў, значыцца ў тым ліку беларуска-кітайскі перакладны слоўнік, падрыхтаваны мовазнаўцамі сумесна з Інстытутам імя Канфуцыя. Сігнальны экзэмпляр ужо надрукаваны. Акрамя таго, падрыхтаваны першы том даўно чаканага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы на літару А. Таксама зроблены пераклад шасці законаў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.  

Актыўна і плённа працуюць спецыялісты Інстытута мовазнаўства і над грунтоўным даследваннем, звязаным з мовай твораў Якуба Коласа. Валянціна Русак упэўнена, што актуальнасць усебаковых і сістэмных даследванняў коласазнаўства даўно не выклікае сумненняў:

– На жаль, па-ранейшаму адсутнічае поўнае лексікаграфічнае даследванне моўнага багацця пісьмовай спадчыны Коласа, якое будзе мець несумненна вялікае значэнне для развіцця не толькі беларускай, але і славянскай лексікаграфіі. Па выніках падрыхтоўкі гэтага даследвання плануеццца выдаць слоўнік мовы Якуба Коласа ў 5 тамах. Гэта справа гонару для нашага інстытута, тым больш мы носім імя класіка. Такі слоўнік, упэўнена, прадэманструе не толькі майстэрства пісьменніка, але і багацце нашай мовы. Бо сярод тых рыс, паводле якіх атаясамліваюцца народы, найбольш яркай з’яўляецца мова.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка рэзюміруе: 

– Скажу шчыра: з боку дзяржавы створаны ўсе належныя ўмовы для таго, как беларускае мастацкае слова плённа развівалася. Акрамя таго, я бачу, што ад кіраўніцтва краіны і ўрада ёсць нават патрабаванне, каб мы рабілі яшчэ больш для папулярызацыі беларускай мовы. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».


Апублікавана:
Праглядаў:
556