Часопіс — гэта лабараторыя, а кнігавыданне — шырокая вытворчасць

Часопіс — гэта лабараторыя, а кнігавыданне — шырокая вытворчасць

У 1926 годзе да пяцігадовага юбілею часопіса «Полымя» Якуб Колас напісаў верш-віншаванне, у якім прыпадабняў гэта беларускі літаратурны часопіс агню, убачанаму на дарозе праз цемру:

І раптам — блісь агонь здалёк!

З душы апаў страхоцця мрок,

І зніклі чары чорнай здрады

І шэпты воражай нарады:

Мне песню сонечнай прынады

Спявае ў цьме той аганёк!

Гары ж і «Полымем» чырвоным

Шугні, агонь,

І цемрадзь-сонь

Развей, згані ад краю ў край,

Іскрыся іскрамі, палай!

Пайшло ўжо другое стагоддзе ад нараджэння аднаго са старэйшых беларускіх выданняў. Чым сёння жыве часопіс, якімі «іскрамі іскрыцца»? Пра гэта мы гутарым з яго галоўным рэдактарам Аленай Мальчэўскай. 

— «Тоўсты часопіс» — гэта замацаванае часам азначэнне, якое выклікала традыцыйна піетэт... Сёння часопісы «худзеюць» і ўвогуле знікаюць з матэрыяльнага свету, пераходзячы ў віртуальны стан... «Полымя» па-ранейшаму замахваецца на буйныя формы — раманы, паэмы? Наколькі іх часопісныя варыянты канкурыруюць з кніжнымі?

— Па-першае, трэба заўважыць, што літаратурныя жанры таксама змяняюцца. Згадайце, як піша Юрый Алеша пра прозу ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў кнізе «Ни дня без строчки»: «Размышление или воспоминание в двадцать или тридцать строк, максимально, скажем, в сто строк — это и есть современный роман» ці «Книги читаются сейчас в перерывах — в метро, даже на его эскалаторах — для чего ж тогда книге быть большой? Я не могу себе представить долгого читателя — на весь вечер». А што тады казаць пра сучаснасць, якая стала яшчэ больш імклівай? Так што пэўныя змены і часопісаў, і літаратурных жанраў — гэта натуральная хада часу. Прычым, хада па коле. Бо цікавасць да лонгрыдаў, да серыялаў пераконвае, што буйныя формы ў мастацтве ў прынцыпе нікуды не знікнуць. Што датычыцца менавіта палымянскіх публікацый, то так, мы сёння вельмі часта звяртаемся да ўрыўкаў і часопісных варыянтаў, каб мець магчымасць больш шырока прадстаўляць чытачу літаратурны працэс на 144 старонках на месяц. Ніякай канкурэнцыі з кнігамі, якія пасля выходзяць, тут няма. Я лічу, што гэта, наадварот, сімбіёз. Зацікавіўшыся канкрэтным творам ці творчасцю аўтара ўвогуле, чытач пасля часопіснай публікацыі звяртаецца да кніжных выданняў.

— «Полымя» — гэта яшчэ і выданне, дзе друкуюцца «дакументы часу» — мемуары, успаміны, дзённікі, гістарычныя расследаванні... Якія сенсацыі чакаюць чытача ў найбліжэйшых нумарах?

— У № 11 2020 года да юбілею Андрэя Макаёнка ў нас выйшаў унікальны матэрыял. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка на аснове архіўных дакументаў — пратакола пасяджэння драматычнай секцыі Саюза пісьменнікаў — напісала пра першую сустрэчу драматурга з тэатрам і яго п'есу «На досвітку». Шмат увагі мы сёння звяртаем і на мала асэнсаваныя 1990-я. У № 3 да 100-годдзя Купалаўскага тэатра ў нас выйшаў, здаецца, не апублікаваны да гэтага тэкст з архіва тэатра, знойдзены і падрыхтаваны Вольгай Бабковай. На пачатку 90-х тагачасны загадчык літаратурна-драматургічнай часткі, крытык, сцэнарыст Ванкарэм Нікіфаровіч напісаў артыкул «Названы імем Купалы» — развагі пра мінулае і сучаснасць не толькі тэатра, але ж і краіны. А ў № 1 2021 года мы анансуем публікацыю дзённікаў пачатку 1990-х выбітнага беларускага тэкстолага, літаратуразнаўцы, акадэміка Міхася Мушынскага, якія падрыхтавала яго дачка, пісьменніца і крытык Таццяна Мушынская. У іх знайшлося месца і асабістаму, і рабочаму. Зафіксавана шмат рэалій — напрыклад, тагачасныя цэны. Ну і канечне, гэта ў пэўным сэнсе летапіс жыцця Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

— І як вы расцэньваеце публікацыю скандальных дзённікаў, у якіх процьма людзей і падзей апісваецца дужа суб'ектыўна — магчыма, варта іх друкаваць з каментарыямі? Як ставіцеся да купюр у падобных дакументах?

— А што такое скандальны? Што мы маем на ўвазе пад гэтым азначэннем? Толькі суб'ектыўнасць апісання? Мне падаецца, што не існуе агульнага рэцэпта для нейкага абстрактнага скандальнага дзённіка. Кожная сітуацыя патрабуе свайго ўнікальнага рашэння ў залежнасці ад процьмы акалічнасцяў.

— Апошнія гады часопісы прывабліваюць чытачоў тэматычнымі нумарамі... Ці чакаюцца такія ў «Полымі»?

— Пакуль пра гэта казаць рана, але я праанансую планы на найбліжэйшыя нумары. Будзе цікавая проза Алеся Бадака і Анатоля Казлова. Алесь Емяльянаў-Шыловіч пераклаў з польскай раман Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Кар'ера Нікадзіма Дызмы». Мы будзем друкаваць яго часопісны варыянт. Я думаю, што імя Далэнгі-Мастовіча добра вядомае чытачам па рамане «Знахар», а адданым чытачам «Полымя» — яшчэ і па рамане «Пракурорка», які мы некалькі гадоў таму надрукавалі ўпершыню па-беларуску ў перакладзе Веранікі Бандаровіч. Акрамя таго, мы зараз вядзём перамовы, і я спадзяюся, што яны паспяхова скончацца, каб да юбілею Івана Мележа ў «Полымі» з'явіўся ўнікальны архіўны матэрыял.

— Алена Мальчэўская — не толькі рэдактар літаратурнага часопіса, але і тэатразнаўца. Калі параўноўваць працэс стварэння нумара са спектаклем, рэдактар — гэта рэжысёр?

— Гэтыя працэсы для мяне абсалютна розныя. І ніякія параўнаўчыя механізмы адносна спектакля і нумара ў маёй галаве не ўключаюцца. Мне падаецца, гэта досыць надуманая метафара. У стварэнні нумара і без параўнання з тэатрам хапае захапляльных працэсаў. Напрыклад, асэнсаванне часопіса як звыштэксту, пэўнага адзінства ўсіх яго публікацый.

— Калісьці менавіта «тоўстыя» літаратурныя часопісы стваралі пісьменнікаў-«брэнданосцаў». Сёння такія магчымасці абмежаваныя, адпаведна з падзеннем тыражоў. Расійскі крытык Галіна Юзэфовіч сур'ёзна параіла пісьменнікам «узбіваць вакол сябе пену», ствараць любога кшталту інфармацыйныя повады, каб на іх звярнулі ўвагу. Што параіць нераскручаным аўтарам галоўны рэдактар «Полымя»? І як такім трапіць на старонкі часопіса?

— Пагаджуся з Галінай Юзэфовіч. Так, трэба шукаць шляхі, каб сёння на цябе звярнулі ўвагу. Што датычыцца часопіса, то для таго, каб патрапіць на старонкі «Полымя», трэба прапанаваць свой твор рэдакцыі. А далей усё індывідуальна: нехта трапляе, некаму мы адмаўляем, некага просім дапрацаваць і г. д.

— Ці можна назваць «Полымя» «экспертным бюро», якое ставіць пячатку якасці на тое, што прынята да публікацыі? Які парытэт на старонках паміж артхауснай літаратурай і традыцыйнай?

— Кожны літаратурны часопіс — гэта «экспертнае бюро». Але каб чытачы лепш разумелі кантэкст, прывяду такое параўнанне: часопіс — гэта лабараторыя, а кнігавыданне — шырокая вытворчасць. У нас крышку іншыя задачы, у нас арыентацыя на працэс, асэнсаванне фарміравання новых літаратурных нормаў. Што датычыцца парытэту, то крытэрыяў «традыцыйнасці» ў нас няма. Мы друкуем усё, што падаецца рэдакцыі вартым публікацыі, не зважаючы на кірункі і стылі.

Людміла Рублеўская

Фота Яна Хведчына

Крыніца: «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
602