Энцыклапедыя беларускай літаратуры для школьнікаў і студэнтаў

Энцыклапедыя беларускай літаратуры для школьнікаў і студэнтаў

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет чарговы том энцыклапедыі, прысвечаны беларускай літаратуры. Гэта восьмы том з запланаванай 12-томнай «Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў».

Том «Беларуская літаратура», падрыхтаваны выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта на аснове парад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па вывучэнні гэтага прадмета вучнямі старэйшых класаў сярэдніх школ, гімназій і ліцэяў, а таксама студэнтамі першых курсаў філалагічных факультэтаў ВНУ, будзе цікавы ўсім аматарам беларускай літаратуры.

Амаль што 500 старонак ілюстраванай энцыклапедыі ўтрымліваюць тэарэтычны матэрыял, які тычыцца гісторыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён, асобныя артыкулы пра пісьменнікаў, а таксама слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў, падрыхтаваны доктарам філалагічных навук, прафесарам, выкладчыкам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаславам Рагойшам.

энц 2.jpg

Вядома, што літаратура адыгрывае вядучую ролю ў станаўленні нацыянальнай ідэнтычнасці і ментальнасці. У наш час мастацтва слова становіцца пасрэднікам паміж пісьменнікам і чытачом, гісторыяй і сучаснасцю. Менавіта з яго мы даведваемся пра жыццё нашых продкаў, пра тое, што турбавала, непакоіла, прымушала задумвацца і цікавіла іх.

энц 3.jpg

Аўтарскі калектыў (Т.М.Тарасава, І.М.Мішчанчук, Т.П.Хоміч, Н.В.Заяц, Т.У.Ганчарова-Цынкевіч, А.У.Жардзецкая, С.А.Сычова, М.С.Рак, Т.А.Мотрэнка) здолеў узняць на новы ўзровень назапашаныя навуковыя матэрыялы, абагуліць, сістэматызаваць назіранні аб паэзіі, прозе, драматургіі ад IX да пачатку XXI стагоддзя, стварыць багатую галерэю партрэтаў пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца не толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй, але і вышэйшай адукацыі.

Акрамя гэтага, у канцы выдання прыведзены бібліяграфічны спіс, зарыентаваны на школьнікаў, студэнтаў, магістрантаў і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, складзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі школьнай праграмы ў кірунку паглыблення базавага ўзроўню вучнёўскай літаратурнай кампетэнцыі.

Раней у рамках шматтомнага праекта былі выдадзены энцыклапедыі «Информационное общество. ХХІ век», «Физика. Математика», «Земля. Вселенная», «Мир техники», «Гісторыя Беларусі», «Химия. Биология», «Беларуская мова», якія карысталіся вялікім попытам у чытачоў і пакупнікоў. Падрыхтаваныя вядучымі вучонымі нашай краіны, зыходзячы з патрабаванняў вучэбнай праграмы, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, гэтыя выданні даюць магчымасць атрымаць паглыбленыя шматбаковыя веды ў прадстаўленых галінах навукі, могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы да экзаменаў і паступлення ў ВНУ па профілі, а таксама настаўнікамі, выкладчыкамі, аспірантамі падчас падрыхтоўкі да ўрокаў, лекцыйных і практычных заняткаў.

 Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Апублікавана:
Праглядаў:
450