Навінкі літаратуры: што прапануюць кнігавыдаўцы

Навінкі літаратуры: што прапануюць кнігавыдаўцы

Днямі ў Доме прэсы прадстаўнікі айчынных выдавецтваў расказалі пра кнігі, якія выйшлі ў свет у мінулым годзе, і падзяліліся планамі на 2020 год.

Краіна з добрымі чытацкімі традыцыямі

Для выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” мінулы год стаў вельмі плённым. “У нас выдадзена 76 кніг агульным тыражом 85 тысяч экзэмпляраў. З аднаго боку, такая лічба можа падацца і не вельмі значнай, але калі раскінуць па месяцах, то атрымліваецца, што кожны тыдзень выходзіла мінімум адна кніжка, а бывала, і па дзве-тры, — па¬тлумачыў дырэктар выдавецтва Алесь Бадак. — Мы выдаём як класічную літаратуру, так і творы сучасных пісьменнікаў. Прычым сярод апошніх ёсць і тыя, хто даўно працуе, і тыя, хто прыйшоў у літаратуру адносна ці зусім нядаўна, бо для нас вельмі важная падтрымка маладых аўтараў. Так, мы стварылі серыю “Час ХХІ” для 20—30-гадовых літаратараў. Дарэчы, яны адрозніваюцца ад папярэднікаў жанравай разнастайнасцю сваіх твораў, бо ўсё больш пішуць у жанры фэнтэзі, спрабуюць сябе ў так званым дакументальным жанры нон-фікшн, сумяшчаючы мастацкасць і міфічнасць, рэалізм і фантазію, што часам на самай справе дае вельмі цікавыя вынікі”.

Сёлета будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, таму хутка свет пабачыць некалькі тамоў, прысвечаных творчай спадчыне беларускага класіка. “На сёння ў нас выходзіць своеасаблівы 25-томнік Уладзіміра Караткевіча, прычым, па-мойму, у гісторыі як беларускай літаратуры, так і айчыннага кнігавыдання такога яшчэ не было, — падкрэсліў Алесь Мікалаевіч. — Хутка ў продажы з’явіцца цэлы аб’ёмны том, прысвечаны малюнкам Уладзіміра Сямёнавіча з невялікімі каментарыямі да іх. Пасля выйдуць два тамы з яго перапіскай, прычым многія з лістоў невядомыя шырокаму чытачу. А затым мы працягнем выданне збору твораў Янкі Брыля — гэта 10-томнік, у які ўключаны як знакамітыя творы народнага пісьменніка Беларусі, так і малавядомыя”.

Па словах дырэктара выдавецтва, Беларусь — краіна з вельмі добрымі чытацкімі традыцыямі, бо, напрыклад, у Францыі класічную літаратуру выдаюць маленькія выдавецтвы, і, адпаведна, тыражы гэтых кніг малыя. “Што тычыцца нашай рэспублікі, то ў нас да класікі вялікая ўвага не толькі з боку выдавецтваў, але і чытачоў, таму мы распачалі ў 2019 годзе новую серыю “Напісанае застаецца” і выдалі ўжо два тамы: зборнік аповесцей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “Знак бяды. Абеліск. Жураўліны крык” і трылогію Якуба Коласа “На ростанях”. Гэтыя кнігі разыходзяцца вельмі добра”, — расказаў Алесь Алесь Бадак.

Акрамя таго, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” вялікую ўвагу ўдзяляюць кніжным серыям, адрасаваным юным чытачам. Так, будзе прадоўжана “Жывая класіка дзецям”, у якой раней ужо выйшлі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і многіх іншых. Па выніках 2019 года адным з самых папулярных стаў “Дзіцячы атлас Беларусі”, які таксама ператварылі ў серыю, што складаецца з тамоў пра славутых беларусаў, легенды і паданні нашай краіны, а ў гэтым годзе з’явяцца выданні пра жывёл і птушак. Была распачата і зусім новая серыя “Сто пытанняў пра Беларусь”. Яна будзе складацца з 10 кніжак, у кожнай з якіх — па 10 пытанняў пра Беларусь. “Юны чытач, які складзе калекцыю з 10 тамоў, знойдзе адказы на пытанні пра нашу краіну, што тычацца яе гісторыі і сучаснасці, выдатных асоб, расліннага і жывёльнага свету і гэтак далей. Мне здаецца, што гэтая серыя таксама будзе вельмі запатрабаванай, — дадаў Алесь Бадак. — Радасна, што мы маем міжнародныя праекты з удзелам замежных перакладчыкаў, пісьменнікаў і выдавецтваў, што адбываюцца ў тым ліку дзякуючы Дню беларускага пісьменства і Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу, на якія прыязджаюць літаратары з розных краін і ўдзельніча¬юць у пісьменніцкіх сімпозіумах ды круглых сталах. У якасці прыкладу: у мінулым го¬дзе выйшла кніга з санетамі Янкі Купалы на розных мовах свету. А днямі ў Рэспубліцы Карэя свет пабачыў зборнік твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. У Беларусі хутка з’явіцца кніга карэйскіх паэтаў-класікаў у перакладзе на беларускую мову. Калі гаварыць пра нашых самых блізкіх суседзяў, то ў нас пастаянна адбываюцца праекты з камітэтам Саюзнай дзяржавы. Нядаўна выйшла кніга “Родники памяти”, якую стварылі два нашы знакамітыя аўтары-краязнаўцы Алесь Карлюкевіч і Уладзімір Ліхадзедаў. Яна прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны і складаецца з апавяданняў пра рускіх пісьменнікаў, якія ваявалі на тэрыторыі Беларусі. Наша праца працягваецца, і я думаю, што і ў 2020 го¬дзе ў нас таксама будзе шмат цікавых праектаў”. Алесь Бадак нагадаў, што кожны год на Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш прыязджаюць знакамітыя замежныя пісьменнікі. Так, сёлета да нас завіта¬юць папулярны рускі празаік Юрый Палякоў і знакаміты сербскі пісьменнік Горан Петравіч.

Энцыклапедычныя навінкі

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла ў 2019 годзе 72 кнігі агульным тыражом больш за 215 тысяч экзэмпляраў. “Аснову нашых выданняў складаюць энцыклапедыі. Мы выдаём па 1—2 тамы ў год такіх энцыклапедый, як “Гарады і вёскі Беларусі”, “Регионы Беларуси”, а таксама “Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў”, — адзначыла дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна. — Акрамя таго, знакавым для нас выданнем, якое выйшла ў мінулым годзе, стала кніга, прысвечаная тысячагоддзю Брэста, — гэта энцыклапедыя, якая цалкам ахоплівае ўсе сферы жыцця нашага старажытнага горада. Кніга аказалася настолькі запатрабаванай і неабходнай, што ў першыя дні сту­дзеня свет пабачыла яе перавыданне, якое мы крыху дапоўнілі інфармацыяй, фотаздымкамі і персаналіямі. Мінулы год быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі, а 2020 — 75-годдзю Вялікай Перамогі, што таксама адлюстравана ў нашых кніжных серыях “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”, “Беларусь помнит: во имя жизни и мира”. Апошняя напісана на рускай і англійскай мовах для таго, каб гэтую інфармацыю можна было данесці да найбольшай колькасці чытачоў не толькі Беларусі, а і за яе межамі. У гэтых кнігах прадстаўлены толькі факты і архіўныя дакументы, з якімі не паспрачаешся, таму важна, каб доступ да такой інфармацыі быў свабодны”.

У выдавецтве выходзяць і энцыклапедыі для дзяцей: “Самые-самые”, “В гостях у сказки”, “Большая энциклопедия маленького профессора”, “История для школьников”, “Таямніцы беларускай мовы”. Вельмі папулярная серыя “Белорусская дет­ская энциклопедия”, адрасаваная юным эрудытам, якія хацелі б мець шырокія веды ва ўсіх галінах жыцця. “Гэта навукова-папулярнае выданне, у якім расказваецца пра ўсё на свеце. Ёсць у нас серыя “Энциклопедия народного мастера”, у ёй летась выйшлі дзве кнігі. Адна з іх — “На счастье, на долю: традиционные народные куклы” — гэта ілюстраваныя майстар-класы. Маючы такую кнігу, дзіця або дарослы можа зрабіць па прадстаўленых узорах лялькі ў адпаведнасці з народнымі традыцыямі”, — патлумачыла Вольга Уладзіміраўна і анансавала, што падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу з 5 па 7 лютага на іх стэндзе будуць праводзіцца майстар-класы па розных кірунках народнай творчасці.

“Беларусь” аб Беларусі

Выдавецтва “Беларусь” у 2019 годзе выдала 65 кніг агульным тыражом звыш 108 тысяч экзэмпляраў. Тэматычная скіраванасць выдавецтва — гэта дадатковая навукова-папулярная літаратура. “Мы ўжо шмат гадоў працуем пад слоганам “Беларусь аб Беларусі” — гэтым, па сутнасці, і вызначаецца тэматыка нашых выданняў. У асноўным гэта кнігі, прысвечаныя беларускай культуры: выяўленчаму мастацтву, архітэктуры, сцэнаграфіі, краязнаўству, беларускай гісторыі, — расказаў дырэктар выдавецтва Сяргей Пешын. — Сярод кніг мінулага года асобна хацелася б спыніцца на знакавых выданнях. У серыі “Падарожжа па родным краі” ўжо выйшла пяць кніг пра Случчыну, Пастаўшчыну, іншыя рэгіёны Беларусі, а зусім нядаўна пабачыла свет кніга Алеся Карлюкевіча “Ігуменскі павет”. Сёлета мы таксама працягнем гэтую серыю, каб праз такія фрагменты калейдаскопа маленькіх радзім паказаць нашу агульную вялікую Беларусь”.

Сяргей Уладзіміравіч нагадаў пра кнігі, прысвечаныя класіцы беларускага мастацтва, адзначыўшы серыю пра выяўленчае мастацтва “Палац мастацтваў”. Ён перакананы, што ў рэспубліцы не хапае выданняў пра майстроў-манументалістаў, таму ў найбліжэйшай будучыні выдадуць “Беларускую школу манументальнага мастацтва”.


Падручнікі новага пакалення

Аляксандр Нячай, дырэктар выдавецтва “Вышэйшая школа”, падводзячы вынікі 2019 года, сказаў, што яны выпусцілі 95 найменняў кніг і аўдыякніг, прычым 28 з іх — гэта падручнікі для сярэдняй школы па замежных мовах. Ён звярнуў увагу, што сярод знакавых леташніх падзей — выпуск выданняў для студэнтаў-замежнікаў на англійскай мове, а таксама сярод цікавых навінак назваў кнігу “Пінск — палеская легенда”.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Народная асвета” Алена Літвіновіч паведаміла, што тут выпускаецца шмат падручнікаў з дапоўненай рэальнасцю, якія прадоўжаць выдаваць і ў 2020 годзе. Акрамя таго, шмат увагі ўдзяляецца стварэнню кніг і дапаможнікаў з выкарыстаннем шрыфту Брайля. “Да таго ж плануем надрукаваць кнігу пра піянераў-герояў да дня Вялікай Перамогі, складзеную па дакументальных матэрыялах пра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў час вайны здзейснілі подзвіг, — сказала Алена Уладзіміраўна. — А яшчэ мы пачалі дзве новыя серыі: “Тусовка.by” — для падлеткаў і пра іх праблемы і “Шкаф” — для зусім маленькіх дашкольнікаў. Будзем працягваць і серыю “Детский детектив”.

ААТ “Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа” заўсёды стараецца акумуляваць працу выдавецтваў, таму ў 2019 годзе тут надрукавана 5,7 мільёна кніг, з іх 4,6 мільёна — падручнікаў. “Наш “Паліграфкамбінат” набыў новае абсталяванне, якое дазволіць падтрымліваць высокі ўзровень друку і знізіць выдаткі на паліграфічную прадукцыю”, — расказаў дырэктар прадпрыемства Ігар Маланяк і запрасіў наведаць іх стэнд на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, на якім будуць прадстаўлены новыя дасягненні і магчымасці іх таварыства.

Да сустрэчы на кніжным форуме

“Мы бачым, што беларускае кнігавыданне развіваецца на належным узроўні, пра што сведчаць як самі выданні, так і вынікі конкурсаў, у якіх пастаянна ўдзельнічаюць і перамагаюць нашы кнігі”, — рэзюмавала кансультант упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Людміла Быкава і таксама запрасіла да актыўнага ўдзелу ў XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, што адбудзецца з 5 па 9 лютага ў сталічным выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Краіна — ганаровы госць форуму — Расія, цэнтральным экспанентам стануць Злучаныя Штаты Амерыкі. У праграме — прэзентацыі новых кніг, аўтограф-сесіі, сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы, а таксама міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу”, удзельнікамі якога стануць літаратары з 29 краін свету: Беларусі, Азербайджана, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Італіі, Індыі, Іспаніі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Мальты, Манголіі, Палесціны, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Францыі. Многія мерапрыемствы пройдуць таксама за межамі выставачнага павільёна: у кнігарнях, музеях, бібліятэках, тэатрах.

Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — адзін з самых буйных прафесійных форумаў на постсавецкай прасторы, які адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з’яўляецца своеасаблівай справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год. А таму ў кожнага з нас ёсць выдатная магчымасць не толькі азнаёміцца з кніжнымі навінкамі, але і даведацца пра новыя тэндэнцыі ў літаратурным свеце ад саміх аўтараў і кнігавыдаўцоў, а таксама атрымаць мноства ўражанняў і проста цікава правесці час.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах "Настаўніцкай газеты"

Апублікавана:
Праглядаў:
361