Канцэптуалізацыя ў газеце «Союзное вече»

Канцэптуалізацыя ў газеце «Союзное вече»

У эпоху глабалізацыі, лічбавізацыі і інтэнсіфікацыі дэмакратычнага руху публіцыстычнае слова набывае асаблівае значэнне. Новы час патрабуе новага асэнсавання як нацыянальных каштоўнасцяў, так і тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве і свеце. У гэтых адносінах важная роля адводзіцца журналістыцы.

Нацыянальная культура народа як матэрыяльная і духоўная каштоўнасць вербалізуецца ў публіцыстычным маўленні, якое змяшчае ключавыя словы культуры – канцэпты.

Менавіта масава-інфармацыйны кантэкст стварае ўмовы для адэкватнага разумення канцэпту: слова, якое часта тыражыруецца, становіцца канцэптам толькі ў працэсе камунікацыі, паколькі камунікацыя прыводзіць у дынаміку канцэнтрат пэўных уяўленняў, асацыяцый, пачуццяў, якія суправаджаюць канцэпт.

Слова ў пэўным значэнні, факусуючы ў сабе толькі нейкую частку інфармацыі з канкрэтнай сітуацыі (частку інфармацыі актуалізуючы, высвечваючы, а частку прыхоўваючы, адводзячы на задні план), прадстаўляе адмысловы спосаб канцэптуалізацыі, інакш кажучы – клю­чавое слова з’яўляецца пэўнай семантычнай мадэллю сітуацыі, якае мае дакладную канатацыю і кагнітыўную характарыстыку. Такім чы­нам адбываецца працэс канцэптуалізацыі рэчаіснасці, які заключаецца ў асэнсаванні інфармацыі, структураванні ведаў аб свеце, інтэрпрэтацыі з’яў рэчаіснасці пры дапамозе канцэптаў. Канцэпт як універсальны код прэзентуецца ў журналісцкім тэксце.

Для аналізу мы ўзялі два нумары (адзін з іх спецвыпуск) газеты Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі «Союзное вече» (27.09.2019). Агульны пасыл выдання зразумелы, ён абумоўлівае і набор ключавых слоў-канцэптаў, якія арганізуюць інфармацыйны цэнтр і ствараюць семантычнае поле газетнай паласы – Саюзная дзяржава, аб’яднанне, інтэграцыя, брацкае сяброўства, партнёрскія адносіны, давер, яднанне, славянскія карані, умацаванне, падтрымка, адна сям’я, супрацоўніцтва, агульная гістарычная памяць, добрасуседства і пад.

Усе ключавыя словы маюць станоўчую канатацыю і канструктыўную змястоўнасць, накіраваную на кагнітыўную кансалідацыю чытацкай аўдыторыі.

Для замацавання канцэптуальнага зместу важнай стратэгіяй становіцца выбар аўтара/прамоўцы. Аўтарытэтны, вядомы чалавек, культурны ці палітычны дзеяч, знакаміты і любімы акцёр – усё гэта асобы, вуснамі якіх праводзіцца ідэя/канцэпт і замацоўваецца ў чытацкай свядомасці. Так, пра інтэграцыю Расіі і Беларусі гаворыць У. Сямашка: «Нашы сувязі будуць ушчыльняцца, станавіцца цяснейшымі, каб мы сталі мацнейшымі і жылі ў лепшых умовах» (27.09.2019). Ці дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Р. Рапота: «Саюзная дзяржава стварае магчымасці для зносін моладзі Беларусі і Расіі, паколькі інтэграцыя на­шых краін павінна сустракаць падтрымку найперш у новых пакаленняў» (27.09.2019). Падобная рыторыка спрыяе канцэптуалізацыі напрамкаў дзяржаўнай палітыкі і фарміруе грамадскую думку ў канструктыўным ключы.

Цэнтральная тэматыка падтрымліваецца візуальнымі прыёмамі. Напрыклад, у назве выдання дзве першыя літары маюць сімвалічнае каляровае рашэнне, адсылаючы да сцягоў Беларусі і Расіі. Візуальная тэндэнцыя прасочваецца ва ўсіх нумарах выдання і максімальна ўкараняецца ў візуальна-графічную канцэпцыю выдання. Так, у спецыяльным выпуску газеты на першай паласе мы бачым, акрамя назвы выдання, у верхнім левым кутку лагатып XIV фестывалю «Моладзь – за Саюзную дзяржаву» са стужкамі, што нагадваюць сцягі дзвюх краін; на цэнтральным здымку дзеці, якія трымаюць плакаты з намаляванымі сцягамі Расіі і Беларусі.

Маўленчая формула (інтэграцыя, моладзь, рэгіёны, інш) «…Расіі і Беларусі», «…Беларусі і Расіі» пастаянна паўтараецца, асабліва ў моцных пазіцыях медыятэксту – загалоўках, лідах, рубрыках. Напрыклад, загаловак «Вясёлыя рабяты» лід «Фестываль «Моладзь – за Саюзную дзяржаву» сабраў у Растове-на-Доне тры сотні таленавітых рабят з усіх куткоў Расіі і Беларусі»; загаловак «Доўг радзімы», лід «У каго і на якія мэты бяруць займы за мяжой Расія і Беларусь» і інш. (27.09.2019). Гэты прыём высвечвае ключавую ідэю ўсіх матэрыялаў: Беларусь і Расія – Саюзная дзяржава.

Журналісцкі тэкст павінен каштоўнасна арыентаваць свайго чытача, ствараючы не толькі пэўную мадэль свету, але і фарміруючы адносіны да яе. Напрыклад, дамінантны канцэпт «моладзь», вынікаваны інфармацыйнай нагодай – маладзёжны фестываль, прадстаўлены ў выданні наступным чынам: «адкрытая, гатовая да любых здзяйсненняў моладзь», «рабяты з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія хочуць ісці ў нагу з часам», «рабяты, якія лічаць неабходным зрабіць свой уклад ў захаванне нашай агульнай культурнай, гістарычнай і духоўнай спадчыны», «таленавітыя, поўныя ідэй», «нашы рабяты нераўнадушныя, крэатыўныя, умеюць браць адказнасць за свае ўчынкі», «актыўныя, таленавітыя, яркія рабяты», «шчырыя і сапраўдныя» і інш. У падобных прыкладах мы можам назіраць механізм кагнітыўнай рэканструкцыі канцэптуальных адзінак, які забяспечвае зрух «фокусу ўвагі» ў структуры канцэптаў на канкрэтныя характарыстыкі.

Аналіз нумароў газеты «Союзное вече» засведчыў, што сёння канцэптуальная журналістыка выконвае асаблівую, сацыяльную функцыю. Яна з’яўляецца ключавым пасрэднікам, «медыятарам» паміж уладай і грамадствам. З аднаго боку, журналістыка адлюстроўвае грамадскую думку, тым самым уплывае на выпрацоўку ўпраўленчых рашэнняў органамі ўлады. Але з другога боку, менавіта журналістыка і фарміруе грамадскую думку, уключаючы канцэптуальную інфармацыю ў маса­вую свядомасць, праводзячы праз свае каналы дзяржаўныя канцэпцыі і нацыянальныя ідэі.

Залежнасць ментальных механізмаў інтэрпрэтацыі і асэнсавання моўных адзінак, якія цыркулююць на газетнай паласе, спосабаў канцэптуалізацыі і прынцыпаў функцыянавання канцэптаў з’яўляецца перадумовай далейшага вывучэння медыядыскурсу як працэсу камунікатыўна-кагнітыўнага ўзаемадзеяння і канцэптуальнай журналістыкі як уплывовага фактару пабудовы нацыянальнай карціны свету.

В.М.Самусевіч

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах mediana.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
625