“Кветкавы край Беларусі”. Новы кніжны праект у Год малой радзімы

“Кветкавы край Беларусі”. Новы кніжны праект у Год малой радзімы

Пад назвай “Зберагчы роднае” новую серыю выданняў аб унікальных мясцінах Беларусі адкрывае “Кветкавы край Беларусі”. Гэта кніга, падрыхтаваная і выдадзеная ААТ “Паліграфкамбінат імя Я.Коласа”, – пра гісторыю і штодзённасць, пра веру і лёс, пра любоў да бацькоў і зямлі, дзе нарадзіўся, пра шчымлівую радасць і доўгую памяць. Аўтары выдання – паэт Леанід Дранько-Майсюк і фотамастак газеты “Звязда” Анатоль Кляшчук на працягу дзесяцігоддзяў збіралі матэрыял, каб паказаць вялікаму свету невядомую прыгажосць Беларусі, якую варта захаваць.

Давыд-Гарадок, кветкавая сталіца Беларусі, – адно з самых адметных такіх мястэчак, якое знаходзіцца паміж Пінскам і Туравам, Украінай і Прыпяццю, у самым сэрцы Палесся на беразе ракі Гарынь. За доўгія гады, як распавядаюць аўтары, Давыд-Гарадок шчыра і шчодра ўзбагаціў свет працаю сваіх жыхароў, паэзіяй сваёй душы, хараством непаўторнай гаворкі.

Кніга распавядае пра тое адметнае, чым багата славутае мястэчка і што ўласціва толькі яму – весняніцтва, цікеткі, свята “Конікі”. Чытачы даведаюцца, як выглядае давыд-гарадоцкае “сонца”, як рабілася лодка, якую ў народзе называлі “дубам”, чым частуюць гасцей. Гартаючы старонкі гэтага выдання, можна насамрэч адчуць духмяны водар аксамітак, ляўконіі, флёксаў ды іншых кветак, пах ускапанага агарода, убачыць жанчын-вударак, стаць сведкам каляднага свята і спазнаць цану часу.

Як адзначае ў прадмове да кнігі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, Год малой Радзімы стаў сапраўднай з’явай, здольнай паяднаць грамадскасць у многіх ініцыятывах, злучыць тыя клопаты і памкненні, якія ўзбагачаюць розныя старонкі нашай бязмежнай Беларусі, узбагачаюць праз помнікі і іншыя памяткі, праз фестывалі сяброўства, праз упрыгожванні далёкіх і блізкіх да сталіцы мясцін. Кніга “Кветкавы край Беларусі” яскрава паказвае тое, што Беларусь на дзіва багатая на людзей адораных, творчых, людзей, якія маюць прагу да стваральнага, пазітыўнага, цікавага жыцця.

Аляксандр Карлюкевіч падкрэслівае, што “такога кшталту кнігі, несумненна, стануць патрэбнымі мастацкімі і дакументальнымі аргументамі пры адлюстраванні не толькі прыгажосці розных куточкаў нашай радзімы, але і дапамогуць геаграфію жыцця ў Беларусі зрабіць цікавым і вартым увагі расповедам. Такія кнігі раскажуць пра прыгожую Беларусь усяму свету”.

Апублікавана:
Праглядаў:
517