Літаратурныя сустрэчы з Анатолем Зэкавым
6 лютага ў рамках ХХVІІ Мінскай міжнародной кніжнай выставы-кірмашу ў краме «Кнігарня пісьменніка» адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам Анатолем Зэкавым, якую арганізаваў Выдавецкі дом «Звязда» сумесна з ААТ «Белкніга». Аўтар прэзентаваў свае кнігі: «Непаслухмяны Чмелік», «Птушыныя арэлі», «Як Гаўка ў космас збіраўся».
На спецыяльна адведзенай літаратурнай пляцоўцы госці сустрэчы атрымалі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю вядомага беларускага паэта, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці Анатоля Зэкава – роздум аб праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра i зла, любові i нянавісці.
Ён таксама напісаў шмат кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і інш. І ў гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.
Вершы Анатоля Зэкава перакладаліся на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.
Па заканчэнні сустрэчы ўсе госці атрымалі падарункі і, вядома, аўтограф пісьменніка.
Сустрэчы працягваюцца!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»