Навінка выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» для школьнікаў

Навінка выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» для школьнікаў

Славутая аповесць“Расці, Ганька” класіка беларускай дзіцячай літаратуры Алены Васілевіч убачыла свет у 1966 годзе, а пасля шматразова перавыдавалася.

Гісторыя пра дзяўчынку Ганьку з маленькай беларускай вёсачкі першай паловы дваццатага стагоддзя – чым яна кранае душы сучаснага чытача?

Ганька жыве з мамай, без бацькі, трывае ад голада і нястачы. Праз хваробу памірае мама, і Ганька застаецца адна… Шмат выпрабаванняў выпадае на долю дзяўчынкі, але праз гэта кніга не становіцца ні сумнай, ні цяжкай, бо аповесць найперш пра цудоўных людзей, хараство прыроды, здольнасць заставацца чалавекам у няпростых абставінах, пра адкрыццё таямніц свету.


Кніга напоўнена святлом, цеплынёй і дабрынёй – ці не гэтага прагне кожны чалавек? Нездарма аповесць мае падзагаловак “Падарожжа ў адну чароўную краіну”. Кніга Алены Васілевіч “Расці, Ганька” не сумуе на кніжных паліцах, а бесперапынна саграваецца цяплом чытацкіх рук.

Унікальнасць гэтага выдання яшчэ і ў тым, што яно аздоблена ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Калі аповесць рыхтавалі да першага выдання 55 гадоў таму, мастак быў студэнтам і стаў першым яе ілюстратарам. Малюнкі той пары і выкарыстаныя ў афармленні новага выдання. А ў вокладкі ёсць асобная таямнічая гісторыя. Пра яе вы даведаецеся са “Слова пра мастака”, якім дапоўнена выданне, напісанае дачкой Васіля Шаранговіча, мастацтвазнаўцам Наталляй Шаранговіч.


Ёсць у кнізе і кароткія звесткі пра Алену Васілевіч. На сёння яна найстарэйшая дзіцячая пісьменніца не толькі Беларусі, але і планеты! Абавязкова прачытайце звесткі – там шмат ключыкаў да разумення культавай аповесці, а таксама характару і лёсу яе гераіні.

Кнігу “Расці, Ганька”складаюць аповесць і некалькі апавяданняў Алены Васілевіч. У ёй расказваецца пра сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці: дабрыню, сяброўства, адказнасць, дапамогу, спагаду. Хто не марыць мець такога сябра і дарадчыка?


Цудоўныя графічныя малюнкі Васіля Шаранговіча дададуць асалоды чытанню, а звесткі пра пісьменніцу Алену Васілевіч і народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча пашыраць кругагляд і дапамогуць падрыхтавацца да заняткаў і дзецям, і з дзецьмі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Апублікавана:
Праглядаў:
278