Новыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі арганізуе ў студзені Выдавецкі дом «Звязда»

Новыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі арганізуе ў студзені Выдавецкі дом «Звязда»

Выдавецкі дом «Звязда» спланаваў з кніжнымі крамамі краіны і бібліятэкамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама са школамі і гімназіямі цэлы шэраг сустрэч з пісьменнікамі.

11 студзеня у межах сумеснага з ААТ «Белкніга» творчага праекта «Чытаем разам са „Звяздой“» пройдзе прэзентацыя кнігі «Байкальскі сябра» Ірыны Карнаухавай у мінскай кнігарні «КнігаПоліс». На наступны дзень, 12 студзеня, акцыя «Звязда» сустракаецца з сябрамі» запрашае ў мінскую СШ N 4 — на прэзентацыю кнігі вершаў Святланы Быкавай «Сонечнае зайчаня». 17 студзеня ў СШ N 173 беларускай сталіцы старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Міхась Пазнякоў пазнаёміць вучняў адразу з некалькімі сваімі кнігамі. Адна з іх, паэтычная, — «Канцэрт» — толькі што выйшла ў «Звяздзе». 

У гімназіі N 24 горада Мінска 18 студзеня пройдзе прэзентацыя кніг «звяздоўскага» аўтара — вядомай у Беларусі казачніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Яна ж 21 студзеня правядзе прэзентацыю ў Дапаможнай школе-інтэрнаце N 10 горада Мінска. 20 студзеня ў СШ N 141 Павел Гушчынец прэзентуе зборнік апавяданняў «Тата, раскажы пра мяне гісторыю». 

Двойчы «звяздоўскія» прэзентацыі пройдуць у Дзіцячай бібліятэцы N 10 горада Мінска. Генадзь Аўласенка 25 студзеня пазнаёміць са сваёй кнігай «Казкі дзядулі Дняпра», якая ўжо другім выданнем пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». А 27 студзеня ў бібліятэку з аповядам пра сваю кнігу «Канцэрт» прыйдзе Міхась Пазнякоў

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
192