Польска-беларускія «Масты» на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу

Польска-беларускія «Масты» на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу

Адным са знакавых мерапрыемстваў на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу ў лютым бягучага года будзе прэзентацыя сумеснага беларуска-польскага літаратурнага праекта «Масты». У верасні 2019 года гэты праект атрымаў шырокае гучанне ў Варшаве падчас ХІІ Фестывалю славянскай паэзіі. Зараз літаратараў абедзьвух краін будзе прымаць Мінск і сустрэча абяцае быць на высокай творчай ноце.

Ініцыятар гэтага літаратурнага сяброўства вядомы польскі паэт, празаік, перакладчык Алесь Наўроцкі. Гэта па яго ініцыятыве пракладаюцца з Польшчы творчыя масты ў  розныя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Беларусь. Ён рупіцца праз літаратуру зрабіць наша суседства больш блізкім. Такі падыход  усцешны не толькі для паэтаў дзвюх краін, якім, безумоўна, надзвычай цікава трымаць паміж сабой літаратурныя стасункі. Кніжнае сяброўства дапамагае большай духоўнай еднасці нашых народаў, якім наканавана быць не толькі суседзямі, але і  волей лёсу перажываць многія гістарычныя падзеі разам.

Першы вопыт беларуска-польскага паэтычнага альманаха з’явіўся пры актыўнай падтрымцы праекта Гродзенскім абласным аддзяленнем СПБ. Яго старшыня Людміла Кебіч падкрэслівае значнасць таго, як дзякуючы больш грунтоўнаму знаёмству з польскай літаратурай – класікаў і сучасных аўтараў – паглыбіўся досвед беларускіх пісьменнікаў, а праз перакладчыцкую дзейнасць палепшылася іх майстэрства валодання словам.

Выдадзеная ў 2018 годзе анталогія «Масты», складзеная з вершаў 12 гродзенскіх паэтаў у перакладзе на польскую мову, і 12 польскіх аўтараў  у перакладзе на беларускую мову, стала падзеяй у літаратурным жыцці абедзьвюх краін. Сёлета вопыт выдання пад адной вокладкай паэтычнага двухмоўя прадоўжыўся падрыхтоўкай гэткай жа анталогіі з удзелам польскіх паэтаў і паэтаў Міншчыны: Святланы Быкавай, Алены Стэльмах, Марыі Кобец, Людмілы Круглік, Уладзіміра Цануніна, Таццяны Цвірка, Вольгі Савасцюк, Ганны Міклашэвіч.

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Святлана Быкава пераканана ў тым, што гэты праект значна пашырыў далягляды творцаў Міншчыны. Пераклад на іншую мову, выданне аўтара ў замежжы – вялікая падзея ў творчым жыцці кожнага літаратара. Дыпламатыя слова дазваляе быць пачутым чытачом іншай краіны, праз паэзію зразумець яму пачуткі шчырай беларускай душы.

Прыемна, што да гэтага праекта спрычыніліся зноў жа паэты Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык, Ганна Скаражынская-Савіцкая, Аліна Сабуць, Мар’ян Дукса, Руслан Казлоўскі парупіліся зрабіць пераклады на беларускую мову вершаў польскіх паэтаў.

Анталогію ўпрыгожылі малюнкі выбітнага беларускага акварэліста Вячаслава Паўлаўца.

Удзельнікі анталогіі надзвычай удзячны польскай перакладчыцы Міры Лукша, прыклаўшай наогул шмат старанняў для развіцця нашых літаратур.

Важна зазначыць, што анталогіі такога кшталту ствараліся з удзелам польскіх паэтаў і паэтаў Італіі, Латвіі. Прыемна, што гэткую міжнародную паэтычную скарбонку беларускія паэты папоўнілі двойчы. 

На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы паэты зноўку будуць чытаць вершы і весці дамовы аб новых праектах. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах mediana.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
631