«Роднае слова» як натхненне

«Роднае слова» як натхненне

21 лютага ўвесь свет адзначае Дзень роднай мовы. Далучаюцца да яго і беларусы, чый шлях да асэнсавання каштоўнасці свайго моўнага скарбу быў асабліва пакручасты. З нагоды свята наведаемся ў госці да выдання, якое прысвечана мове. Гаворка пра штомесячны навукова-метадычны часопіс «Роднае слова», які заснаваны ў 1987 годзе і ўваходзіць сёння ў склад РУП «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»». Не адно пакаленне настаўнікаў, студэнтаў, школьнікаў знаходзіла на яго старонках карысныя парады і натхненне. Менавіта туды дасылалі маладыя філолагі, якія пасля сталі вядомымі навукоўцамі, свае першыя работы — часопіс уключаны ў Пералік навуковых выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

Пра сёння і заўтра часопіса, а таксама пра тое, як пачуваюцца нашы мова і літаратура, мы гутарым з галоўным рэдактарам «Роднага слова» Наталляй Шапран.

— Ці згодныя вы з тэорыяй, якой прытрымліваўся сярод іншых акадэмік Ліхачоў, што мова валодае ўласнай ментальнасцю, што гэта жывы арганізм?

— Настолькі згодная са славутым акадэмікам, што ваша пытанне гатовая ўспрыняць як рытарычнае! Так, мова — жывы арганізм, жывей не бывае! Са строга навуковага боку сцвярджэнне нібыта і спрэчнае. Але жывую цеплыню мовы яе носьбіт здольны адчуваць і даносіць і без тэарэтычнага абгрунтавання, калі ён... таленавіты носьбіт. Жывая думка, жывое пачуццё — ці могуць яны рэалізавацца з дапамогай нежывога інструменту, няхай сабе і самага складанага? Асабіста для мяне ўплыў мовы на яе карыстальніка і наадварот — бясспрэчны.

— Хто асноўная аўдыторыя часопіса? Настаўнікі?

— Да нас звяртаюцца і навуковец, і аспірант, і студэнт, і бібліятэкар, і кожны ахвотны да новых ведаў, прычым не толькі філалагічнага кірунку. Ну як вызначыць чытача шматлікіх мастацтвазнаўчых і культуралагічных артыкулаў, якія напаўняюць раздзел «Нацыянальная і суветная культура»? Хіба ж толькі настаўнік захоча, напрыклад, пазнаёміцца з гісторыяй беларускай выцінанкі, «прайсціся» па залах айчынных музеяў, убачыць рэпрадукцыі невядомых раней палотнаў беларускіх мастакоў або «дакрануцца» да таямніц беларускага дойлідства?

— У часопіса павінен быць вялікі наклад...

— Павінен... Мяркуючы па водгуках чытачоў, выпісваць «Роднае слова» — прэстыжна! Настаўнік-філолаг, які выпісвае часопіс, нібы аўтаматычна набывае «даважку» да свайго прафесійнага багажу, павышае свой аўтарытэт. У краіне больш за тры тысячы навучальных устаноў, дзе выкладаецца беларуская мова, значыць, адных філолагаў яшчэ больш. Але на сёння лічбы не натхняюць — наклад «Роднага слова» значна меншы за тэарэтычна чаканы.

— Яшчэ ў маладых літаратараў часоў суполкі «Тутэйшыя» ўзнікла палкае жаданне ўводзіць беларускую культуру ў кантэкст сусветнай, супастаўляць на роўных здабыткі замежнай літаратуры і айчыннай. Ці ёсць сёння ў часопісе рубрыкі і матэрыялы адпаведнай скіраванасці?

— Цікава, што згаданы вамі перыяд у гісторыі новай беларускай літаратуры супадае з часам заснавання «Роднага слова», а яго канцэпцыя, што застаецца надзённай і сёння, надзвычай сугучная тагачаснаму імкненню маладых інтэлектуалаў разглядаць нашу культуру ў кантэксце сусветнай. Відаць, першы галоўны рэдактар часопіса Міхась Мікалаевіч Шавыркін востра адчуў подых часу і не памыліўся з фарматам выдання. Акрэсленая тады тэматыка «Роднага слова», як я ўжо згадвала, не абмяжоўваецца філалагічнай сферай, звяртаецца да шматлікіх аспектаў сусветнай культуры. Згадваюцца імёны Уладзіміра Мархеля і Міхася Кенькі — пачынальнікаў рубрыкі «Шматгалосае рэха», у якой паказвалася сувязь айчыннай літаратуры з сусветнай праз мастацкія пераклады. У апошнія гады ў часопісе актуалізаваліся рубрыкі «Перазовы», «Зоркі сусветнай літаратуры». Нашы аўтары звярталіся да мастацкай рэцэпцыі сусветнай класікі ў творчасці Багдановіча, даследавалі перакладчыцкую спадчыну беларускіх літаратараў, параўноўвалі Быкава і Гарэцкага з заходнімі творцамі — удзельнікамі сусветных войнаў, аналізавалі апавяданні Брыля і Навуменкі ва ўсходнеславянскай моўнай прасторы, разглядалі беларускі кантэкст спадчыны Івана Буніна. Пералік падобных публікацый можна доўжыць і доўжыць.

— Праблема статусу беларускай мовы ў грамадстве па-ранейшаму балючая... Хоць, здаецца, пераламалася сітуацыя, калі ўжыванне гэтай мовы было маркерам непісьменнасці, вясковасці. Мова на асфальце прыжылася. Але чуваць на вуліцах і ва ўстановах яе мала. Найчасцей апраўдваюцца тым, што недасканала валодаюць, баяцца памыліцца. На што з'явіўся падбадзёрлівы лозунг «валі трасянкай». Маўляў, галоўнае — не саромецца і пачаць, няхай і з памылкамі. А вы што параіце, як пашырыць ужыванне беларускай мовы ў нашым побыце?

— Разняволенай трасянкай, мабыць, карыстацца не трэба, гэта можа справакаваць неахайнасць ва ўжытку, павярнуць да тае ж «вясковасці». Але, ведаеце, я заўсёды чамусь любуюся такімі вось спробамі нашых моўных неафітаў, нясмелымі, далікатнымі... Гэта вельмі міла гучыць і выглядае. Выдае шчырую душу, нейкую нашу арганічную беларускую інтэлігентнасць. І сілкуе надзею.

На жаль, канкрэтных парад наконт хуткага пашырэння мовы ў побыце не маю. Думаю, у такой сферы, як мова, увогуле не варта спадзявацца на нейкія катэгарычныя рухі. Вось вы вельмі дакладна заўважылі: мова на асфальце прыжылася. Менавіта прыжылася, не ўвялася нейкім валявым дзеяннем, не прышчапілася штучна — прыжылася. Як гэта адбылося, чаму? Вядома, будзем мець на ўвазе нястомныя намаганні нашых шчырых рупліўцаў на моўнай ніве. Але вада пайшла б у пясок, калі б у неабыякавых людзей, асабліва ў моладзі, паступова не пачаў прачынацца інстынкт самапавагі, калі б само жыццё не пайшло насустрач. Прынамсі, калі б не пачало высвятляцца, што вось гэтая «вясковая гаворка» незаўважна робіцца ці не элітарнай мовай народа! Магчыма, я тут занадта аптымістычная, але будзем спадзявацца на яго вялікасць Час. Тым больш ён цяпер, як мне падаецца, працуе на нас.

— Тым не менш праблема распаўсюджаных памылак у карыстанні мовай застаецца — бо яны гучаць з экранаў, са сцэн, у прэсе. Ведаю, вы займаліся гэтым пытаннем... А можаце прывесці для чытачоў «Звязды» колькі такіх замацаваных памылак?

— Не так бянтэжаць памылкі, як тое, што яны ўпарта не знікаюць. З сумам назіраю, як штогод напярэдадні Дня роднай мовы ў сродках масавай інфармацыі з'яўляюцца матэрыялы з пералікам распаўсюджаных моўных памылак. Часам такія публікацыі маюць ледзь не сатырычнае гучанне, маўляў, вось як смешна выглядаюць такія моўныя хібы. Але ж варта памятаць, што Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны ЮНЕСКА дзеля абароны і захавання моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Наша мова не знікае, але мае моцную патрэбу ў беражлівым абыходжанні, найперш у асяроддзі тых, хто прафесійна працуе з беларускім словам. Шкада, што матэрыялы нашых аўтараў, прысвечаныя культуры маўлення, часта застаюцца без увагі прафесійных рэдактараў, карэктараў, дыктараў...

Аўтары «Роднага слова», як правіла, маюць высокую кваліфікацыю, таму да нас рэдка трапляюць памылкі, звязаныя з няправільным ужываннем, напрыклад, лічэбнікаў два, дзве, двое, ці дзеясловаў «бераце», «ідзяце», «несяце», ці канчаткаў назоўнікаў мужчынскага або жаночага роду: Сашам, Сашай, Жэнем, Жэняй. На жаль, цвёрда замацавалася па аналогіі з рускай мовай ужыванне формы вышэйшай ступені параўнання лепшы (без параўнання лепшы за каго ці за што) замест правільнай формы найвышэйшай ступені найлепшы: найлепшы ў сваім пакаленні, лепшы за яго. Такое, вядома, выпраўляем. У нашым часопісе цяжка знайсці нязграбны дзеепрыметнік накшталт «навучаючы» (выправім на «навучальны»), «дамінуючы» (заменім на «дамінантны»).

Мы сутыкаемся з больш спецыфічнымі праблемамі, звязанымі з яшчэ неўстаноўленым напісаннем некаторых слоў або са стылістычным рэдагаваннем. Даводзілася звяртацца ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з просьбай падказаць, якую лепш абраць форму: архетыпічны або архетыпавы (навукоўцы схіліліся да другога варыянта) і г. д. Часам праводзім унутраныя нарады, аналізуючы слоўнікавыя варыянты з розных лексікаграфічных крыніц, напрыклад, абіраючы канчатак роднага склону (-а ці -у) для пэўнага слова.

Цікава, як бы чытачы «Звязды» дапрацавалі наступныя сказы з нашага рэдактарскага досведу: «Аператар здымаў сцяг, які вывешвалі воіны-вызваляльнікі», «Мы заходзілі да яго з нябожчыкам Пятром», «Нам яшчэ далёка да элементарнай дасканаласці». Аднак, паўтаруся, такія яскравыя прыклады — рэдкасць, часта хібы хаваюцца ў тэкставым масіве і звязаныя з асноўнымі лагічнымі законамі рэдагавання: несупярэчлівасці, лагічнасці, дастатковага абгрунтавання.

— З'яўленне інтэрнэту і шматлікіх гаджэтаў спарадзіла, мусіць, цэлы слоўнік. Але такія словы прыходзяць да нас найперш з рускай ды англійскай моў, і толькі энтузіясты настойліва шукаюць беларускія адпаведнікі слоўцам тыпу «смайлік». Ці з'яўляюцца ў часопісе матэрыялы на такую тэму?

— Згадаю нашага сталага аўтара, кандыдата філалагічных навук Алеся Каўруса. Ён уважліва слухае радыё ды чытае перыядычныя выданні, занатоўваючы словы, якія яго ўразілі, здзівілі, натхнілі ці засмуцілі, аналізуе дарэчнасць іх утварэння, ужывання. Шчыра раю калегам-рэдактарам і журналістам прыслухацца да ўдумлівых заўваг шаноўнага мовазнаўцы.

Новая сфера камунікацыі цікавая для навукоўцаў, таму ў часопісе перыядычна выходзяць артыкулы, прысвечаныя мове інтэрнэту. Так, напрыклад, кандыдат філалагічных навук Таццяна Бабко даследавала агульнае і спецыфічнае ў беларуска- і рускамоўных інтэрнэт-дыскусіях, аспірант факультэта журналістыкі БДУ Максім Зайцаў разгледзеў эматыконы ў кантэнце сацыяльнай сеткі «Інстаграм» на прыкладзе каналаў Белтэлерадыёкампаніі.

— У гісторыі беларускай літаратуры шмат незаслужана забытых імёнаў і твораў, якія часта выкрэсліваліся адмыслова. Згадаць хоць бы расстралянае пакаленне паэтаў... Вы аддаяце ўвагу выпраўленню гэтай сітуацыі?

—Ужо не адзін год даўні аўтар «Роднага слова» Віктар Жыбуль, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, публікуе артыкулы, прысвечаныя (не)забытым творцам першай паловы XX стагоддзя. Гэта вельмі кранальныя, жывыя матэрыялы, дзе даюцца кароткая (нярэдка толькі такая і захавалася) біяграфія пісьменніка, аналіз яго творчасці ў кантэксце літаратурнага працэсу, некалькі характэрных вершаў для знаёмства. Выйшлі артыкулы пра Алеся Пруднікава, Язэпа Сукалу, Алеся Наўроцкага, Міколу Сурначова, Юльяна Дрэйзіна, Паўлюка Шукайлу. Лёс некаторых герояў публікацый абарваўся ў 1937 годзе, але хтосьці, перажыўшы трагічныя гады, адмовіўся ад паэтычнага слова, згубіўся ў прозе будняў.

— Што цікавага ў рэдакцыйным партфелі?

— Сёлета запрашаем наведаць наш «Музейны квартал» — спецыяльны праект, падрыхтаваны сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры; прэзентуем новыя цыклы, напрыклад, знаёмства з калекцыяй забытых аксесуараў Ігара Сурмачэўскага, што выяўляюць адзіную з Еўропай «модную прастору», у якой жылі нашы шляхетныя продкі. Плануем выпуск нумара-альманаха да 130-годдзя Максіма Багдановіча.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
428