Што чакае чытачоў у першым нумары часопіса «Полымя»

Што чакае чытачоў у першым нумары часопіса «Полымя»

Выйшаў у свет студзеньскі, першы ў 2022-м годзе, нумар грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя». 

У раздзеле «Паэзія і проза» — творы шасці добра вядомых сучаснаму чытачу пісьменнікаў. З ладнай падборкай вершаў «Каб квітнелі прасторы жыцця» («Жанчына ў метро», «Бацькоўская хата» і іншыя творы) выступае Міхась Пазнякоў. Друкуюцца раздзелы з рамана акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі вядомага літаратуразнаўца і празаіка Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне» — як працяг надрукаванага ў леташніх 5-7 нумарах «Полымя». Следам ідзе падборка вершаў «Вячэрняе святло» Навума Гальпяровіча. Два апавяданні прапануе чытачу маскоўскі беларус Алесь Кажадуб: «Цягнік з Леселідзе» і «Шаман». Падборка вершаў Іны Фраловай носіць назву «Пачатак неба». З маленькай аповесцю «Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або пандэмія ў Слупцах» выступае Яўген Хвалей.

Несумненна, падзеяй у навуковым гуманітарным, літаратуразнаўчым працэсе можна назваць публікацыю кандыдата філалагічных навук Міколы Труса «Алгарытм забыцця і вяртання: Альфонс Петрашкевіч у гісторыі беларускай літаратуры і літаратуразнаўства XX — XXI стагоддзяў» у раздзеле «Навуковыя публікацыі». У ім жа — і артыкул доктара філалагічных навук Таццяны Арловай «Тэксты аб мастацтве ў кантэксце сучаснай культуры». 

На вялікі жаль, ужо пад рубрыкай «Спадчына» друкуюцца паэтычныя творы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага, які доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Полымя». Напрыканцы мінулага года паэт пайшоў з жыцця. Падборка яго вершаў складаецца з васьмі твораў. 

Відавочна, многіх чытачоў — не толькі саміх пісьменнікаў — зацікавіць публікацыя Вячаслава Адамчыка «Дзённікі. 1987 год. Зіма». Адкрытасць, шчырасць, з якой пісьменнік разважае сам-насам, ужо спрыяюць таму, што дзённікі гучаць як мастацкі дакумент часу. А яшчэ ў студзеньскім нумары — гутарка з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі культуролагам Алесем Сушам «Бязмежная пратсора краязнаўства...» і рэцэнзіі на кніжныя навінкі. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».


Апублікавана:
Праглядаў:
110