Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

На тэлеканале «Беларусь 2» у канцы сакавіка стартуе інтэлектуальна-забаўляльнае шоу «Вежа» — наглядная дэманстрацыя таго, што на айчынным тэлебачанні ўмеюць прыдумляць і ўласныя праграмы на годным узроўні.

Ідэя новага шоу з'явілася ў Ягора Шолькіна і Германа Малышчыцкага пасля доўгіх пошукаў. Здымкі першага сезона завершаны, і ў хуткім часе публіка ўжо зможа назіраць за гульнёй тых камандаў, якія першыя выпрабавалі сябе і свае веды ў новым фармаце.

— Мы аналізавалі шматлікія віктарыны па ўсім свеце і імкнуліся стварыць нешта зусім не падобнае на праграмы такога кшталту, што ўжо існуюць у тэлепрасторы. Да таго ж хацелася зрабіць праект, дзе прысутнічала б і нацыянальная ідэя. Пачалі глядзець нашы сімвалы, і Белая вежа стала, можна сказаць, правобразам нашай «Вежы». Спрабавалі розныя варыянты, а потым адштурхнуліся ад простага — зрабілі стаўку на эмоцыі, а для пабудовы вежы сталі выкарыстоўваць кубікі з няроўнымі краямі, — кажа прадзюсар і кіраўнік праекта Ягор Шолькін.

У кожным выпуску шоу будуць удзельнічаць дзве каманды па тры чалавекі. У трох дзесяціхвілінных турах кожная з іх назапашвае «рэсурсы» для будаўніцтва вежы ў фінале. У першым туры каманды па чарзе адказваюць на пытанні, у другім кожны ўдзельнік піша свае адказы асобна на паперы, а ў трэцім туры — на агульнае пытанне каманды навыперадкі шукаюць адказ. Пры гэтым на любым этапе гульні за няправільны адказ гульцоў чакае пакаранне: пабудова той самай вежы.

Аднаго толькі інтэлекту недастаткова для перамогі. Неабходныя яшчэ логіка, псіхалогія, тактыка і вера ў тое, што тэорыя імавернасцяў будзе на вашым баку. У супергульні вежа таксама вырашае ўсё, але ўжо па сваіх правілах: колькасць набраных балаў вызначае секунды, за якія каманда будуе вежу, а лічба няправільных адказаў — колькі элементаў трэба скарыстаць у будаўніцтве. Што да самога прыза, то ў новым шоу можна выйграць вандроўку для ўсёй каманды. Пакуль сярод варыянтаў на выбар — трохдзённая паездка ў Амстэрдам з магчымасцю паглядзець Манетную вежу, ваяж у Прагу, каб завітаць на вежу на Карлавым мосце, ці вандроўка ў Парыж да вежы Манпарнас. Скарыстацца сваім прызам можна на працягу года.

У першым сезоне змагацца будуць каманды журналістаў, артыстаў опернага і Купалаўскага тэатраў, гімнастаў, удзельнікаў ралі «Дакар» і многія іншыя. Стваральнікі праекта адзначаюць, што спачатку каманды набіралі сярод ахвотных, а ў перспектыве іх, магчыма, будуць зацвярджаць праз адборы.

Вядучым новага праекта стаў Васіль Чэхаў вядомы па рабоце на радыё і ў праекце «Вячэра не патрэбная» на «Беларусь 2». Яго кандыдатуру зацвердзілі без кастынгу, хоць папярэдне разглядалі іншых прэтэндэнтаў. Самым складаным было не зняць праект, а вырашыць усе пытанні наконт вежы: элементы для яе пабудовы распрацоўвалі з дапамогай матэматычнай праграмы, але пры іх вырабе ўзнікалі пытанні і замінкі з выбарам матэрыялу (спыніліся на гукаізаляцыйных лістах, якія грунтавалі і потым фарбавалі) — каб ён быў зручны і бяспечны для гульні. Разам з тым быў важны і момант нечаканасці — узводзіць вежу павінна быць насамрэч складана. І ўсё ж тэорыя імавернасцяў на пытанне «быць праекту ці не быць» дала станоўчы адказ.

Ужо ў наступную суботу, 28 сакавіка, назірайце за гульнёй на «Беларусь 2».

Алена ДРАПКО
Фота Белтэлерадыёкампаніі

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Апублікавана:
Праглядаў:
434