З каханымі не расставайцеся

З каханымі не расставайцеся

Самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы прапануе гледачам праглынуць усе лепшыя савецкія кінахіты адразу. На працягу некалькіх дзён на канале пройдзе марафон самых вядомых стужак вытворчасці «Масфільма», «Беларусь­фільма», «Ленфільма» і Адэскай кіна­студыі.

У кінастужцы «Гараж» Андрэю МЯГКОВУ дасталася «нямая» роля лабаранта Хвастова — героя, які ўвесь фільм сядзіць з прастуджаным горлам і можа іграць выключна тварам.

Удар, яшчэ ўдар

Раніцай аўторка «Беларусь 3» запрашае паглядзець лепшы музычны фільм 1986 года па версіі часопіса «Советский экран» — гэта, канешне, «Зімні вечар у Гаграх». Музычную драму Карэна Шахназарава пра тое, як да майстра чачоткі ў выкананні акцёра Яўгена Еўсцігнеева звяртаецца герой Аляксандра Панкратава-Чорнага з прапановай навучыць яго стэпу, можна паглядзець у 08:25. Вядома, што, працуючы над роляй, Еўсцігнееў сапраўды браў урокі стэпу (але ж у некаторых эпізодах, тым не менш, замест яго танцаваў Уладзімір Кірсанаў). А прататыпам спявачкі Ірыны Мельнікавай, ролю якой выканала ў фільме Наталля Гундарава, была Ала Пугачова. Менавіта ёй першапачаткова прапаноўвалася роля, аднак спявачка адмовілася.

У гэты ж дзень у 13:55 гледачам выпадзе цудоўная магчымасць зноў сустрэцца з супрацоўнікамі выдуманага інстытута «Ахова жывёл ад навакольнага асяроддзя». Сатырычную камедыю «Гараж» рэжысёра Эльдара Разанава варта паглядзець хаця б дзеля бліскучага акцёрскага складу: Лія Ахеджакава, Андрэй Мягкоў, Ія Савіна, Георгій Буркоў, Святлана Немаляева і Валянцін Гафт, які зусім нядаўна пайшоў ад нас… Дарэчы, першапачаткова ролю старшыні праўлення гаражнага кааператыва Сідорына павінен быў выконваць Аляксандр Шырвінд. Але ў той час ён выпускаў спектакль у Тэатры сатыры, таму не змог прыехаць на «Масфільм». Пачалі аператыўна шукаць замену. Тады Лія Ахеджакава прапанавала Разанаву звярнуць увагу на Валянціна Гафта, які па шчаслівым збегу абставін здымаўся ў гэты ж час у суседнім павільёне.

Дазвольце вамі захапляцца

Серада на «Беларусь 3» таксама пачнецца з кіно. У 08:25 можна будзе паглядзець мастацкі фільм «Вялікі перапынак» — камедыйную меладраму Аляксея Коранева пра вучняў вячэрняй школы. Гэтая стужка зрабіла зоркамі савецкага экрана шмат артыстаў, у тым ліку Міхаіла Конанава, які сыграў галоўнага персанажа. У пробах таксама ўдзельнічаў Канстанцін Райкін, але ж зацвердзілі Конанава, які, дарэчы, ставіўся да ролі вельмі скептычна. У сваіх мемуарах акцёр пісаў: «У «Вялікім перапынку» аб’ядналі чатыры пакаленні акцёраў: ад папулярных народных да тых, хто толькі што скончыў тэатральную школу. Мне ўвесь час даводзілася апраўдваць фантасмагарычныя сітуацыі і нязручны тэкст. Але фільм меў вялікі поспех. У гэтым, лічу, і ёсць моц талентаў тых часоў. Любая лухта ў іх выкананні выглядала міла і чароўна, а галоўнае — шчыра».

Мароз Чырвоны Нос

На наступны дзень, 31 снежня, тэлеканал працягне культурны марафон. У 18:50 аўдыторыі прапануюць рэжысёрскі дэбют акцёра Уладзіміра Машкова — авантурную камедыю «Сірата казанская». У цэнтры сюжэта — сельская настаўніца Насця, якая аднойчы размясціла ў газеце аб’яву пра пошук бацькі. І вось у навагоднюю ноч у госці да Насці прыехалі… адразу тры прэтэндэнты на гэтую ролю! Тых «бацькоў» сыгралі Валянцін Гафт, Алег Табакоў і Леў Дураў.

Ну а вечарам напярэдадні Новага года будзе карысна пагля­дзець казку «Марозка» рэжысёра Аляксандра Роу. На працягу многіх гадоў у Чэхіі і Славакіі гэты фільм заўсёды паказваюць па тэлебачанні на Новы год. Дарэчы, пасля выхаду стужкі Аляксандр Хвыля стаў галоўным Дзедам Марозам СССР і ўдзельнічаў у гэтай якасці на ёлках у Крамлі. А вось Іна Чурыкава пасля прэм’еры… заплакала. Знакамітая артыстка ўспамінала:

— У нас на курсе была вельмі таленавітая актрыса Тамара Носава, якую Роу першапачаткова хацеў узяць на ролю Марфы. Але аднойчы ў калідорах інстытута мы сустрэлі памочніка дырэктара, і яна параіла мяне рэжысёру. Нам з Тамарай падчас рэпетыцый даводзілася бясконца грызці арэхі. І я так хацела здымацца, што нават зубоў не шкадавала! Таму, напэўна, Роу мяне і заўважыў. Калі ўпершыню ўбачыла сябе на экране, заплакала. Падумала: «Мамачкі, якая я страшная!»

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».

Апублікавана:
Праглядаў:
604