Генадзь Ягораў: «Звязда» вылучаецца добрай, вытрыманай мовай, трапным беларускім словам

Генадзь Ягораў: «Звязда» вылучаецца добрай, вытрыманай мовай, трапным беларускім словам

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў:

— Мне падабаецца, калі газета ўсебакова раскрывае грамадска-палітычныя тэмы, у ёй адчуваецца нацыянальны інтарэс. «Звязда» — адзінае, унікальнае выданне ў гэтым плане. У ёй многа цікавых матэрыялаў, прысвечаных праблематыцы Года малой радзімы, краязнаўству, важка падаюцца матэрыялы пра нацыянальную культуру і мастацтва, ахову здароўя. Вельмі люблю чытаць аналітычныя артыкулы. Шмат друкуецца матэрыялаў для моладзі — яны падаюцца з жывінкай, каларытна і могуць быць цікавыя для рознай аўдыторыі.

Нядаўна з задавальненнем пачытаў артыкул пад рубрыкай «Вёскі, якія знікаюць: апошнія жыхары». Лічу, што ў нашай Віцебскай вобласці фактуры для гэтай рубрыкі больш, чым можна сабе ўявіць. Важна, калі журналісты выдання не проста трымаюць руку на пульсе, але здольныя пранікнуць у глыбінныя працэсы той ці іншай з’явы.

І добра яшчэ, што «Звязда» — пастаянны і вельмі чаканны госць у доме, бо друкуецца амаль кожны дзень. Гэта больш трывала звязвае рэдакцыю з чытачом, дазваляе на старонках газеты друкаваць самыя свежыя навіны.

«Звязда» заўсёды вылучаецца добрай, вытрыманай мовай, трапным беларускім словам. Выдатна, што родная мова такім чынам папулярызуецца ў інтэрнэт-асяродку, бо ў газеты ёсць свой сайт і старонкі ў сетках. Узяўшы на ўзбраенне сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, выданне беражліва захоўвае каштоўнасці традыцыйнай журналістыкі. Прафесіяналізм, павага да чалавека, разуменне вялікай адказнасці за выказанае слова забяспечваюць выданню ўстойлівую і ўдзячную чытацкую аўдыторыю.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.


Опубликовано:
Просмотров:
263