"Культура" запрашае... у радыётэатр!

"Культура" запрашае... у радыётэатр!

З сярэдзіны верасня ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Беларускага радыё, канал "Культура" пачне знаёміць слухачоў з лепшымі сучаснымі айчыннымі радыёспектаклямі, запісанымі ў ХХІ стагоддзі.


"У нашых студыях створаны сотні арыгінальных аўдыяспектакляў і радыёверсій пастановак беларускіх тэатраў. Дзякуючы радыётэатру многія акцёры станавіліся знакамітымі на ўсю краіну, рэжысёры за сваю творчую дзейнасць удастойваліся Дзяржаўных прэмій і ганаровых званняў. Гэты каштоўны аўдыяльны скарб мінулага стагоддзя ў нашы дні можна пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала і "Культуры", - распавядае дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок. - У наш час колькасць радыёспектакляў зменшылася, аднак тыя работы, што запісваюцца, уваходзяць у катэгорыю здабыткаў сучаснага літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. Менавіта гэтыя работы пачуюць нашы прыхільнікі".

Серыя трансляцый адбудзецца ў праграме "Радыётэатр. Лепшае", што выходзіць на канале "Культура" ў кожную  суботу ў 10:30. Першы ў афішы 12 верасня - радыёспектакль "Ігнатаў рубеж" па п’есе Васіля Ткачова, які быў запісаны ў 2006 годзе і прымеркаваны да 20-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У ролях -  народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Арнольд Памазан, Зінаіда Зубкова і іншыя. 

Далей слухачоў чакаюць радыёспектаклі "Паэт і дзяўчына" па п’есе Пятра Васючэнкі, "Крыж" па п’есе Аляксея Дударава і "Пастка" паводле аднайменнага твора Васіля Быкава.

Нагадаем, з кастрычніка 2019 у праграме "Радыётэатр. Лепшае" гучаць радыёверсіі пастановак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да 100-годдзя галоўнай драматычнай сцэны Беларусі і 95-годдзя Беларускага радыё. Кожны новы выпуск праграмы на працягу месяца захоўваецца ў архіве канала "Культура" на сайце www.radiokultura.by.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.

Опубликовано:
Просмотров:
692