Што чакае спецыялізаваныя выданні для настаўнікаў — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Педагагічная прэса»

Што чакае спецыялізаваныя выданні для настаўнікаў — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Педагагічная прэса»

Выдавецкі дом «Педагагічная прэса» некалькі месяцаў жыве ў плыні пераўтварэнняў, задуманых цяперашнім дырэктарам, галоўным рэдактарам Кацярынай Дубінскай, якая да гэтага ўзначальвала інфармацыйнае агенцтва «Минск-новости».  Яна расказала, якія перспектывы чакаюць спецыялізаваныя выданні для настаўнікаў. 

Дубінская

— У «Педагагічную прэсу» вы прыйшлі з грамадска-палітычнай. Адчулі розніцу?

Так, і магу прызнацца, што перад Новым годам я практычна пазбавілася сну, таму што чакала вынікаў падпіскі. А калі прыйшлі лічбы, зразумела, што мы не толькі захавалі тыраж у параўнанні з мінулым годам, але нават трошкі і павялічылі, гэта дазволіла ўздыхнуць з палёгкай і ў адносінах да астатніх СМІ, якія таксама ўваходзяць у выдавецкі дом «Педагагічная прэса». Але нельга расслабляцца, таму што падпіска тут працягваецца кожны месяц...

Менавіта таму перамены ў выдавецкім доме «Педагагічная прэса» патрэбны, іх дыктуе час. Напачатку трэба было абнавіць дызайн, і ўжо ў пачатку лістапада выйшла абноўленая «Настаўніцкая газета». Найперш павялічылі шрыфт, каб чытачу было лягчэй успрымаць тэксты. З’явіліся новыя рубрыкі, новыя праекты і крыху грамадска-палітычнай тэматыкі. У большай ступені проста грамадскай. Мяне тут не ўсе падтрымалі, лічачы, што «Настаўніцкая газета» павінна несці практычную карысць настаўнікам: педагогіка, метадычныя распрацоўкі, адукацыйныя праекты па рэгіёнах. Безумоўна, гэта галоўнае. Але для мяне педагог заўсёды быў чалавекам з вялікай літары, і яму цікавыя і матэрыялы пад рубрыкай «Духоўнасць», і тыя, дзе героямі выступаюць людзі іншых прафесій. У нас з’явіліся аўтарскія калонкі. Услед за мной з радасцю пішуць калонкі намеснікі галоўнага рэдактара, з’явілася аўтарская калонка дырэктара гімназіі.

І калі я паехала ў камандзіроўку па рэгіёнах, то ад начальніка гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі пачула за гэта падзяку.

За апошнія месяцы ў рамках падпісной кампаніі мне і майму намесніку па развіццю ўдалося сустрэцца з начальнікамі Галоуных ўпраўленняў адукацыі ўсіх абласцей. Не забыліся і пра Мінск. Пазнаёміліся, паглядзелі ў вочы людзям, намецілі агульныя планы. Мы аналізуем і бачым, чаго ў газеце павінна быць больш, чаго не хапае — выходзіць тры нумары на тыдзень. Часам робім так: сабралася шмат матэрыялаў у канцы месяца — і выпускаем нумар на 24 паласы, як бонус для чытачоў.

Хвалююся, калі не бачу ў газеце матэрыялаў, падпісаных нашымі галоўнымі аўтарамі — настаўнікамі, класнымі кіраўнікамі, метадыстамі, бібліятэкарамі. Напрыклад, у нас ёсць рубрыка «Адукацыя у асобах», якая пачынаецца з фота на першай паласе — тэкст, як правіла, пішуць самі настаўнікі пра сваіх калег. 

— Перспектывы выданняў звязаныя з маладымі чытачамі...

Таму вялікая ўвага маладым: трэба разумець, хто ідзе на змену дасведчаным педагогам. Пры гэтым падчас сустрэч ва ўніверсітэтах, дзе рыхтуюць будучых настаўнікаў, мяне ўразіў той факт, што там вельмі абмежавана прадстаўлена «Настаўніцкая газета». А калі будучыя педагогі не ведаюць сваю газету цяпер, а потым прыйдуць у школу, то рана ці позна можа быць страчана сувязь выдання з аўдыторыяй. Ды і сувязь розных пакаленняў настаўнікаў таксама... Таму вырашылі правесці анкетаванне сярод студэнтаў — будучых настаўнікаў, каб высветліць: пра што ім цікава чытаць, якія тэмы хвалююць, які досвед цікавы. Важна разумець, якім чынам газета можа адказваць на іх запыты.

Зразумела, што ў наш час усе маюць гаджэты і без інтэрнэту нікуды. Але газету я сёння бачу як вельмі даходлівага памагатага, мусіць, больш усё ж такі ў рэгіёнах. Мінск складаны для друкаваных выданняў, прызнаю гэта, нягледзячы на тое, што гэта мой родны горад. Але тут больш інфармацыі, вышэйшыя інтэнсіўнасць і рытм жыцця. А ў рэгіёнах больш яскрава выяўляецца цікавасць да жыцця, да людзей, якія побач.

— А ці разглядалі прыклады развіцця подобных выданняў?

Канешне, мне цікава, як працуюць у новых умовах нашы калегі. Напрыклад, некалі ў «Вечернем Минске» мы мелі агульныя праекты з «Вечерней Москвой». А зараз я па-іншаму паглядзела на іх праект «Прэса ў адукацыі», нейкія ідэі мы падхопім. Магчыма, на новым этапе атрымаецца з імі пасябраваць у рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Цікавы досвед назапашаны «Учительской газетой». Зразумела, што гэта Расія, іншыя падыходы, магчымасці. У мяне на камп’ютары заўсёды адкрыты свежы нумар «Учительской» — у іх ёсць сеткавае выданне, і гэта зусім іншая крыніца інфармацыі ў параўнанні з папяровай версіяй. 

У той жа час у нас ёсць свае плюсы і, напрыклад, сваё сеткавае выданне, ng-press.by. У сеціва выстаўляецца 95 працэнтаў матэрыялаў, напісаных менавіта педагогамі — з гарадоў і маленькіх пасёлкаў, і іх думкі адгукаюцца ў чытачах з іншых рэгіёнаў Беларусі.

— Новыя пакаленні цяпер асвойваюць новыя фарматы СМІ. Ці карыстаецеся гэтымі магчымасцямі?

У «Настаўніцкай газеты» яшчэ нядаўна не было свайго тэлеграм-канала. Цяпер ён у нас ёсць і мае падпісчыкаў, праўда, пакуль нам далёка да той колькасці, што ў Міністэрства адукацыі. Але было цікава даследаваць якасць гэтай аўдыторыі. Мы правялі апытанне, і аказалася, што і ў тэлеграм-канале не асабліва былі прадстаўлены маладыя педагогі. Былі дырэктары школ, настаўнікі з досведам. А маладыя... Гэта для мяне як задача, якую я пакуль вырашыць не змагла: загадкавыя маладыя людзі, да якіх патрэбен асаблівы падыход. Напрыклад, у нас выходзяць матэрыялы па методыцы ўрокаў — на іх адгукаецца шмат маладых аўтараў. Калі пра іх пішуць, пра іх раён, пра іх знаёмых, то, магчыма, такім чынам яны далучаюцца, пачынаюць нешта чытаць і глядзець. Таму патрэбна доўгая, эвалюцыйная праца...

— Пад дахам выдавецкага дома «Педагагічная прэса» шэраг выданняў. Калі «Настаўніцкая газета» нядрэнна адчувае сябе ў друкаваным варыянце, то што наконт іншых?

Так, ёсць і асаблівыя клопаты. Напрыклад, часопіс «Спортtіme» прыгожы, але зусім не раскручаны. Гэта наш сацыяльны праект, і, спадзяюся, яго патэнцыял здолее раскрыць новы галоўны рэдактар. У канцэпцыі прасоўвання гэтага выдання будзе зроблены акцэнт на дзіцяча-юнацкі спорт.

Ёсць асаблівая газета «Дадому» для замяшчальных сем’яў, я і не падазравала аб яе існаванні да прыходу сюды, таму што выданне спецыфічнае. Тыраж больш за тысячу, але важна, што газету атрымліваюць прыёмныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Усё, што важна для іх, трапляе ў поле зроку журналістаў. Натуральна, і акцыя «Нашы дзеці» ў нас прайшла ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, куды малых змяшчаюць на 6 месяцаў перад тым, як вярнуць бацькам ці знайсці прыёмную сям’ю. Я на свае вочы ўбачыла у Слоніме дзіцячы прытулак, пачула словы педагогаў аб тым, як патрэбна ім газета, што працягвае ўвагу да вырашэння складанай праблемы. Гэта таксама сацыяльны праект, які не можа акупляцца фінансава, але мы адчуваем маральную адказнасць за выхад газеты.

На сённяшні дзень нам крыху дапамагае дзяржава з часопісам «Народная асвета», а ўсё астатняе, што называецца, — за ўласныя грошы.

Трэба прызнаць, што давялося прымаць і непапулярныя рашэнні. Газета «Пераходны ўзрост» перастала існаваць як самастойнае выданне, пры гэтым пастараліся захаваць самую тэматыку, кожны тыдзень будзем выпускаць дадатак — разварот у «Настаўніцкай газеце». Калі бачыш маленькі тыраж і пры гэтым вялікія страты, немалы штат супрацоўнікаў, то разумееш, што кожны нумар атрымліваецца фактычна «залаты». Я вымушаная была вырашаць сітуацыю са стратамі пры адсутнасці магчымасці прыцягнуць дадатковую фінансавую падтрымку гэтаму выданню. Баюся, у свой час былі згублены магчымасці перафарматавання гэтай газеты, верагодна, трэба было стварыць на яе аснове інтэрнэт-праект для падлеткаў.

— Мяркую, спецыялізаванай прэсе сёння лягчэй, бо ёсць дакладнае разуменне аўдыторыі і яе патрэб...

На мой погляд, галоўная ўвага павінна быць да асобы настаўніка, і ў нас зроблены акцэнт на гэта ў розных рубрыках, у розных праектах. Я ні адну рубрыку не закрыла, але прапанавала крыху пашырыць гарызонты. Бо настаўнік — не проста чалавек, які стаіць каля дошкі. Ды і сама прафесія выходзіць за межы школы. Настаўнік — гэта і чалавек, які вядзе выяўленчую студыю, куды прыходзіць шмат дзяцей, альбо балерына Вялікага тэатра, якая знаёміць з харэаграфіяй маленькіх дзяўчынак. Ды часам быць настаўнікам — гэта больш, чым прафесія, гэта наканаванне.

Добры настаўнік і веды дае, і выхоўвае. Так я магу сказаць пра свайго настаўніка матэматыкі Аляксандра Маркавіча Фельдмана. Яму ўжо за 80 гадоў, а ён да гэтага часу выкладае матэматыку ў 19-й школе Мінска. Ён выхоўвае не толькі любоў да свайго прадмета — выхоўвае любоў да жыцця. Сёння ўсё часцей успамінаю сваіх настаўнікаў — класнага кіраўніка Марыю Васільеўну, настаўніцу рускай мовы Святлану Сцяпанаўну, настаўніцу фізікі Галіну Пятроўну, прытым, што фізіку я не вельмі любіла, але ўсё роўна яе ведала... Сваім прыкладам, сваімі адносінамі да жыцця яны паўплывалі на мяне. Упэўнена, і сёння такіх настаўнікаў шмат.

Сёлета з’явіўся ў школе новы прадмет — пра духоўнасць і патрыятызм, цяпер гэта факультатыў. А вядуць яго людзі, якія займаюцца выхаваннем чалавека. Ведаю, ва ўсіх школах Першамайскага раёна Мінска вучні 5-х класаў з задавальннем пайшлі на яго... Сярод герояў нашых публікацый шмат бліскучых асоб, якія ведаюць, як выхаваць асобамі сваіх вучняў. Такія настаўнікі не спыняюцца ў развіцці, іх цікавасці выходзяць за межы прадметаў. Дзеля іх хочацца ставіць амбіцыйныя задачы перад рэдакцыяй, пашыраць тэматыку, адкрываць змястоўныя праекты.

Есць добрая задумка правесці сустрэчу у Музеі гістарычнай памяці сталічнага Усіхсвяцкага прыходу, куды маем намер запрасіць начальнікаў устаноў адукацыі і выдатных педагогаў. Мяркуем, яна адбудзецца перад Вялікім пастом. Сімвалічна, калі новы этап зносін з аўдыторыяй супадае з пачаткам вясны. А яшчэ хацелася б, каб гэтая сустрэча дала старт новаму праекту. У холдынгу «Мінск-навіны» у мяне быў «Дэпутацкі клуб» — праект, які аб’яднаў дэпутатаў розных узроўняў, якія адказвалі за сталіцу. Зараз хочацца стварыць нешта накшталт педагагічнага клубу... Таксама ў гэты важны для краіны год мы задумалі некалькі праектаў, прысвечаных гістарычнай памяці. У рамках тэмы пастараемся падкрэсліць асобу педагога ў рубрыцы з рабочай назвай «Настаўнік — грамадству», каб актывізаваць імкненне да гістарычных мясцін і ўмацаваць веды пра іх. 

У тых, хто прывык да традыцыйнай «Настаўніцкай», адбыўся злом шаблону: у нас з’явілася руская мова, але зусім няшмат. Гэта тыя выпадкі, калі на мове арыгінала ці носьбіта нейкія рэчы гучаць больш пераканаўча, чым у перакладзе, тым больш, што з разуменнем няма праблем. 90 працэнтаў матэрыялаў друкуюцца на беларускай мове. Так было, ёсць і будзе.

Інтэрв'ю Выдавецкага дома «Звязда».
Опубликовано:
Просмотров:
536