Старт продажаў кнiгi «Гары Потэр і філасофскі камень» у «Светачы»!

Старт продажаў кнiгi «Гары Потэр і філасофскі камень» у «Светачы»!

Заўтра а 11-й гадзіне ў кнігарні «Дом кнігі «Светач» (г.Мінск, пр-т Пераможцаў, 11) стартуе продаж сусветнага бестселера «Гары Потэр і філасофскі камень» Дж.К.Роўлінг, беларускі пераклад якога выходзіць 14 снежня ў выдавецтве «Янушкевіч». Старт продажаў пачнецца з насычанай і цікавай праграмай.

Затым кніга з’явіцца ў іншых кнігарнях гандлевай сеткi «Белкнiга» па ўсёй краіне. Выдавецтва будзе папулярызавацькнігу пад слоганам «Варта п(е)рачытаць. На роднай мове».

На беларускую мову вядомы твор брытанскай пісьменніцы пераклала Алена Пятровіч. Кніга з’явіцца ў вокладцы, якую зрабіў вядомы амерыканскі мастак Браян Сэлзнік.

– Чаму мы спыніліся менавіта на гэтай вокладцы? Браян Сэлзнік стварыў новае серыйнае афармленне кніг пра Гары Потэра да 20-годдзя выхаду першай гісторыі пра чароўнага хлопчыка. Гэтая вокладка мае сваю магію, – расказаў Андрэй Янушкевіч, дырэктар беларускага выдавецтва. – Сэлзнік здолеў цудоўна перадаць свет Гары Потэра ў чорна-белай гаме, вытрыманай у стылістыцы сярэднявечных гравюр. Як прызнаўся сам мастак, ён трапіў у свет персанажаў Роўлінг даволі позна, але здолеў стаць часткай гэтай чароўнай прасторы. Дарэчы, мы свядома адышлі ад дзіцячага, «мульцяшнага» вобразу вокладкі, аддаўшы перавагу выяве, якая будзе пасаваць густам як дзяцей, так і дарослага пакалення. Між іншым, Браян Сэлзнік з’яўляецца яшчэ і вядомым пісьменнікам. Ён аўтар бестселера, па версіі The New York Times, «Вынаходніцтва Х’юга Кабрэ»: па гэтай кнізе галівудскі рэжысёр Марцін Скарсэзэ зняў оскараносны фільм «Захавальнік часу».

«Гары Потэр і філасофскі камень» – першы раман з культавай серыі Дж.К.Роўлінг, якая налічвае сем кніг. У ім расказваецца пра дзесяцігадовага хлопчыка з чароўнымі здольнасцямі. І з гэтага пачынаюцца неймаверныя прыгоды Гары і яго сяброў. Па-англійску першую кнігу пра Гары Потэра выдалі ў 1997 годзе.

Дж.К.Роўлінг – аўтар раманаў пра Гары Потэра, якія пабілі мноства рэкордаў і атрымалі вялікую колькасць узнагарод. Любімая прыхільнікамі ва ўсім свеце серыя кніг была прададзена агульнай колькасцю больш за 500 мільёнаў асобнікаў, перакладзеная на больш як 80 моў, па ёй знята восем фільмаў-блокбастараў.

14 снежня чытачоў чакае:

— магчымасць набыць кнігу па самай нізкай цане — 25 рублёў;

— першыя 5 пакупнікоў атрымаюць зніжку 50%, наступныя 5 чалавек – 25%;

— тэматычная фотазона з сапраўдным гаворачым капялюшам;

— віктарыны і конкурсы на прызы і зніжкі.

А 12-й гадзіне пачнецца сустрэча з перакладчыцай Аленай Пятровіч, на якой можна будзе даведацца, чаму ў беларускім выданні няма Даўгапупса, якое імя атрымаў Нэвіл і якіх памылак замежных перакладчыкаў гісторыі пра Гары Потэра ўдалося пазбегнуць.

Пасля сустрэчы працягнецца забаўляльная праграма з віктарынай на веданне першай часткі, чароўным кракадзілам, настольнай гульнёй «Плюй-камяні» з сусвету Гары Потэра, чароўнымі шахматамі і інш.

Чакаем усiх 14-га снежня ў кнiгарнi «Светач»!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ААТ «Белкніга».



Опубликовано:
Просмотров:
916