Свята беларускага пісьменства збірае неабыякавых да матчынай мовы

Свята беларускага пісьменства збірае неабыякавых да матчынай мовы

Традыцыі аддаваць пашану роднаму слову ў першую нядзелю верасня ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Упершыню Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Полацку ў 1994 годзе. Пасля сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Заслаўе, Мсціслаў, Мір і многія іншыя. Прымаць Дзень беларускага пісьменства — ганаровы і прыемны абавязак. Перад святам гарады моцна змяняюцца і атрымліваюць на памяць аб грандыёзнай падзеі новае сучаснае аблічча.

Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Аб тым, што горад рыхтуецца да важнага свята, стала зразумела яшчэ ў канцы мінулага года, калі яго вуліцы запоўніла будаўнічая тэхніка. Завяршылі капітальны і бягучы рамонты жылля, замянілі інжынерныя сеткі, зрабілі дарогі, добраўпарадкавалі двары і прылеглыя тэрыторыі…

— Наш кінатэатр стаў мульты­медыйным цэнтрам — тут у ­лю­дзей ёсць магчымасць не толькі паглядзець актуальныя фільмы, але і зазірнуць у бібліятэку, выйсці ў інтэрнэт, атрымаць усю неабходную інфармацыю. А парк стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для нашых жыхароў. Пасля завяршэння Дня беларускага пісьменства нам застанецца абноўлены і больш камфортны горад, — дзяліўся ­падчас выязнога пася­джэння аргкамітэта старшыня Бялыніцкага райвы­канкама Васіль Захаранка.

Бадай, адным з самых яркіх і маштабных праектаў да свята стала аднаўленне раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. У новым будынку, амаль у два разы большым за папярэдні, размясціліся мастацкая галерэя, прастора для прывазных выставачных экспазіцый, зала гісторыі Бялыніцкага краю і зала духоўнасці. Галоўны экспанат апошняй — фрэска «Нясенне крыжа», або «Узыходжанне на Галгофу», з разбуранага кляштара кармелітаў у Бялынічах.

Прыемным падарункам жыхарам і гасцям горада стала скульптурная кампазіцыя «З’яўленне іконы». Яна прадстаўляе сабой гранітнага анёла, які трымае бронзавую Бялыніцкую ікону Маці Божай. Аўтар скульптуры — Аляксандр Мінькоў. Яе ўрачыста адкрыюць у Дзень беларускага пісьменства.

Святочная праграма ўвогуле насычана падзеямі. Яшчэ 2 верасня ў Бялынічы са сталічнага Свята-Духава кафедральнага сабора рушыла з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга XXVIІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яе маршрут праходзіць праз Баранавіцкі раён, Асіповічы, Краснаполле, Касцюковічы, Хоцімск і Клімавічы.

На заўтра запланавана некаль­кі мерапрыемстваў ад ­Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так, на між­народны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: слова — стваральнае і разбуральнае» збіраюцца прыехаць літаратары з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, ЗША і Сербіі.

— Аўтары прэзентуюць свае новыя творы, пераклады. Падчас абмерка­вання будзе паднята важная тэма для ўсіх краін — уплыў слова на свядомасць людзей, устанаўленне міру і спакою. Запланавана відэасувязь з Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана ў Нур-Султане, — расказала БЕЛТА першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Асноўныя ж святочныя мерапрыемствы пройдуць у нядзелю 6 верасня. У першую чаргу яны будуць прысвечаны Году малой радзімы, 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца на галоўнай святочнай сцэне ў 12 гадзін. Падчас яго пройдзе ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Нагадаем, прыняць удзел у конкурсе сёлета пажадалі больш за 80 аўтараў. Лепшымі сталі шасцёра — паэт Валерый Грышкавец, публіцыст Ігар Пракаповіч, літаратуразнаўца Іван Саверчанка, дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, празаік Уладзімір Сцяпан і маладая паэтэса Вольга Нікіценка.



— Трэба раскручваць сучасных пісьменнікаў, каб пра іх ведалі і гаварылі. Аўтарам варта шукаць агульныя падыходы з чытачамі падчас літаратурных сустрэч, прэзентацый і аўтограф-сесій, — выказаўся пра важнасць правядзення Нацыянальнай літаратурнай прэміі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Будуць узнагароджаны падчас свята ў Бялынічах і пераможцы рэспубліканскага творчага конкурсу буктрэйлераў па творах беларускіх аўтараў «Кніга з экрана». 

У праграме свята шмат літаратурных выстаў, аўтограф-сесій, сустрэч з пісьменнікамі, прэзентацый кніг. Многіх зацікавіць квэст-гульня «Скарбы князя Гальшанскага» па творах Уладзіміра Караткевіча і закладка алеі гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства ў парку «Ліпавы гай». Пройдзе шэраг мерапрыемстваў і не звязаных з літаратурай. Яны прызначаны падарыць гасцям свята бадзёры настрой. Сярод іх — фестываль беларускай кухні і беларускай прадукцыі «БелаЕжа», адкрытыя спаборніцтвы па розных відах спорту, промакінаакцыя «Кіно маёй краіны» і многае іншае. Завершыцца дзень святочным канцэртам і феерверкам.



ГАВОРАЦЬ І ПАКАЗВАЮЦЬ БЯЛЫНІЧЫ

Тыя, у каго не атрымаецца прыехаць на Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічы, змогуць далучыцца да свята праз экраны тэлевізараў. «Беларусь 3» пакажа 6 верасня ў 18:45 канцэрт урачыстага адкрыцця і цырымонію ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Пазней на тэлеканале адбудзецца гала-канцэрт закрыцця свята.

МАРКА НА ПАМЯЦЬ

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах». Над праектам працавалі мастак Таццяна Дольская і дызайнер Марына Юрчык. Цырымонія гашэння адбудзецца падчас свята ў Бялынічах.

У ТЭМУ

У Бялынічах запланавана прэзентацыя кнігі журналіста-міжнародніка выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Інэсы Плескачэўскай «Без железного занавеса».

— Гэты праект нарадзіўся са спробы асэнсаваць сваё мінулае і сучаснасць, — расказала нам аўтар. — Мэтай праекта, які першапачаткова задумваўся як серыя артыкулаў для газеты «СБ. Беларусь сегодня», быў аповед аб былых сацыялістычных краінах (Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Славакіі, Румыніі і Чэхіі) і людзях, якія прайшлі праз тое ж самае, што і мы, народжаныя ў СССР, — змяненне свядомасці і жыцця. Я не ставіла перад сабой мэты расказаць пра тое, як развіваліся падзеі, — пра гэта напісана і сказана шмат. Мая кніга не пра гэта. Яна пра тое, як людзі, якія прайшлі праз перамены, і людзі, якія нарадзіліся пасля іх, ацэньваюць сваё жыццё цяпер, як азіраюцца на тыя падзеі сёння.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Опубликовано:
Просмотров:
518