Сябра дзяцей

Сябра дзяцей

Сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня нараджэння Васіля Віткі. Літаратурны крытык, паэт, публіцыст, празаік, драматург, перакладчык, педагог... У якіх толькі жанрах не праявіў сябе гэты таленавіты выхадзец з беларускай вёскі Еўлічы. Але найбольш вядомы і прызнаны Вітка як дзіцячы пісьменнік.

Ён прыйшоў у дзіцячую літаратуру, як сам прызнаваўся, «па закліку сумлення, па закліку душы, па закліку сапраўднай любові». Першую вершаваную казку «Вавёрчына гора» паэт напісаў для свайго сына ў 1947 годзе. Затым адна за другой пачалі з'яўляцца такія вядомыя яго казкі, як «Буслінае лета», «Казка пра цара Зубра», «Дударык», «Казкі дзеда Васіля», «Казка без канца», «Казкі і краскі» і іншыя. Аўтар стараўся праз творы навучыць дзяцей любіць родную мову, разбірацца ў паняццях дабра і зла, выхаваць іх годнымі людзьмі.

У 1972 годзе за кнігі для дзяцей «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка» паэту была прысу­джана Дзяржаўная прэмія Беларусі. Хутка прыйшло і сусветнае прызнанне. Васіль Вітка быў узнагароджаны Міжнародным дыпломам імя Х.К.Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка. Яго дзіцячыя кнігі перакла­дзены на нямецкую, англійскую, галандскую, літоўскую, эстонскую, узбекскую і славянскія мовы.

Витка - книги.jpg


Да юбілею Васіля Віткі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» распачало выданне шэрагу кніг славутага казачніка. Першымі ў серыі «Кнігі нашага дзяцінства», паведамляе bel-en.by, пабачылі свет «Прыгоды Васі Вясёлкіна» і «Азбука Васі Вясёлкіна». У першай кнізе змешчаны дзве казкі — «Буслінае лета» і «Казка пра цара Зубра». У другой — сама азбука, рэпартаж з заняткаў у «Птушынай пачатковай школе» і знакамітае «Вавёрчына гора». Свежыя выданні каштоўныя не толькі творамі выбітнага пісьменніка — аздабляюць кнігі ілюстрацыі беларускай мастачкі Ларысы Зеневіч, якая зараз працуе ў анімацыйнай студыі легендарнага стваральніка мультфільма «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».


Опубликовано:
Просмотров:
1 107