«Цёплая» газета

«Цёплая» газета

У кожнай рэдакцыі раённай газеты ёсць штосьці адметнае, што выходзіць за межы старонак і чым хочацца падзяліцца. У рэдакцыі бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» гэта творчыя праекты, якім робіцца цесна на газетных палосах – яны вырастаюць у творы, кнігі, паштоўкі… Падрабязней пра гэта, а таксама пра сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, пра эканоміку самаакупнай «раёнкі» распавядзе Міхась Карпечанка, галоўны рэдактар.

Міхась Аляксеевіч сустракае ва ўтульным светлым кабінеце, які гаворыць пра гаспадара многае яшчэ да пачатку размовы: друкарская машынка, стары плёначны фотаапарат, дыяпраектар і падшыўкі «Зары над Друццю» выдаюць журналіста і рэдактара з вялікім досведам. Калаўрот, кудзеля ды лапці, выстаўленыя на пачэсным месцы, прадстаўляюць яго як цікаўнага краязнаўцу. Дарэчы, тэхнічныя прылады і зараз ў працоўным стане, калісьці яны добра паслужылі стварэнню газеты. Напрыклад, на друкарскай машынцы адзін мясцовы майстар перапаяў «и» на «і».

Галоўны рэдактар спасцігаў сакрэты працы журналіста адразу ў рэдакцыі раённай газеты: «Я сам з Краснапольскага раёна, вучыўся на філфаку БДУ на спецыяльнасці «беларуская і руская мова і літаратура». Па запрашэнні тагачаснага рэдактара газеты «Чырвоны сцяг. Краснаполле» Фёдара Ганчарова летам там працаваў. Там жа прайшоў курс навучання на практыцы – без журфака. І пасля заканчэння ўніверсітэта у 1985 годзе прыйшоў у бялыніцкую раённую газету».

У тыя часы, па словах Міхася Аляксеевіча, за тыдзень выпускалі столькі ж палос, колькі сёння змяшчаецца ў адным толькі суботнім нумары. Зараз за тыдзень чытачы атрымліваюць 20 старонак любімай газеты: 8 каляровых у сераду і 12 чорна-белых у суботу. Пры тым што штат раней быў нашмат большы: 16 творчых супрацоўнікаў і 16 – тэхнічных. Сёння агульны штат рэдакцыі – 11 чалавек. Нягледзячы на гэта, галоўны рэдактар кажа, што працаваць цяпер нашмат прасцей і тэхнічна, і маральна: «Зараз галоўнае – пішы аб’ектыўна і аператыўна, так, каб чытач атрымаў поўнае ўяўленне пра сітуацыю. І не адказвай злом на зло».

2019 год быў для рэдакцыі няпростым: сышлі, адпрацаваўшы размеркаванне, дзве маладыя спецыялісткі. «З мая да верасня рабілі газету ўдваіх: я і па чарзе дзве супрацоўніцы. За гэты час я навучыўся вярстаць. Цяпер, калі я застануся адзін ў рэдакцыі, газета ўсё адно выйдзе своечасова. На тое ж я настройваю сваіх супрацоўнікаў: кожны павінен умець і напісаць, і сфатаграфаваць, і адкарэктаваць, і звярстаць. Падхапіць працу на любым этапе. За апошнія два месяцы толькі аднойчы ў мяне былі спакойныя выходныя. Суботу амаль заўсёды праводжу на працы, нядзелю – як калі. У рэдакцыю прыходжу ў сем гадзін, калі нікога яшчэ няма. Да восьмай гадзіны столькі панапішу, панараблю! Самае прыемнае ў маёй працы – сустракацца з цікавымі людзьмі, адкрываць невядомыя старонкі гісторыі, горада, яго жыхароў. Тады лёгка пішацца».

Матэрыял цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Журналист» (№1/2020).

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса «Журналист»

Опубликовано:
Просмотров:
1 144