Выстава народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

Выстава народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

Персанальная выстава народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча "Гартаю старонкі памяці", прымеркаваная да яго 80-гадовага юбілею, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станковай графікі за больш як сорак год актыўнай творчасці праілюстраваў звыш шасцідзесяці кніг, многія з каторых былі адзначаны прэміямі і ўзнагародамі, у тым ліку чатырма дыпломамі і медалямі Францыска Скарыны.

У станковай графіцы Васіль Шаранговіч шырока ўжывае нацыянальныя мастацкія традыцыі, сімволіку і метафару.

Сярод найбольш вядомых прац – ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа "Новая зямля", а таксама афармленне кніг У. Караткевіча, З. Бядулі, Р. Барадуліна, І. Навуменкі.

Дарэчы, да юбілею майстра ў выдавецтве "Беларусь" выйшлі дзве кнігі з яго ілюстрацыямі – альбом "Васіль Шаранговіч" і паэма Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", якія былі ўзнагароджаны дыпломамі 2 ступені ў намінацыях АРТ-кніга і ЛІТ-фармат Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2019".

У экспазіцыі прадстаўлены новыя работы мастака, сярод якіх – акварэльныя краявіды Мядзельшчыны, экспрэсіўныя гуашы па матывах твораў Янкі Купалы, а таксама ілюстрацыі да паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш".

Выставу можна наведаць да 28 красавіка.

Опубликовано:
Просмотров:
760