| ||||||||||||||||
Публикации |
||
«Радуюся кожнай новай кнізе!»
Гаворка з першым намеснікам міністра інфармацыі нашай краіны Ліліяй Ананіч адбылася за некалькі дзён да ХІХ Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аднак пачала Лілія Станіславаўна не з гэтай падзеі, а з таго, што ёй папярэднічала…
— У нашай краіне па ініцыятыве Прэзідэнта аб’яўлены Год кнігі. Гэта, лічу, вялікая адказнасць для ўсіх, хто працуе на ніве кнігавыдання, стварэння кнігі не толькі як матэрыяльнага носьбіта, але і духоўнай каштоўнасці. Таму ў 2012 годзе мы будзем прыгадваць тое лепшае, што маем, каб у час новых інфармацыйных тэхналогій не страціць духоўныя набыткі беларускай культуры. І тут вельмі шмат павінна быць зроблена ў рэчышчы прапаганды кнігі, чытання, і, напэўна, пачынаць трэба ў сям’і, а затым — у грамадстве, ва ўстановах, прычым не толькі ў профільных: што казаць бібліятэкам ды выдавецтвам пра гэту працу? Разам з тым, мы адчуваем сусветную тэндэнцыю зніжэння цікавасці да друкаванай кнігі — гэта таксама дзяржаўны клопат… Мы мусім памятаць пра амаль 500 гадоў беларускага кнігадрукавання. За гэты час беларусы ўнеслі вялікі ўклад у гісторыю кнігі, зрабілі заўважны ўнёсак у духоўную скарбонку свету.
Мне хацелася б прыпыніцца на сучаснасці. Па-першае, мы як суверэнная дзяржава маем агульную інфармацыйную, кніжную прастору з тымі краінамі, што знаходзяцца побач з намі і ўжываюць рускую мову. Па-другое, мы застаёмся нацыяй, якая, у значнай ступені дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, захоўвае вельмі высокі ўзровень кнігавыдання. Паводле вынікаў 2011 года мы маем амаль чатыры кнігі на кожнага жыхара нашай краіны, 11 тысяч найменняў кніг! Разам з тым тыражныя паказчыкі паменшыліся — і гэта агульная сусветная тэндэнцыя для друкаванай кнігі. Добра гэта ці дрэнна? Я лічу, што гэты факт сведчыць пра неабходнасць комплекснага падыходу да развіцця кнігавыдавецкай сферы.
Сустрэча Кіраўніка дзяржавы з пісьменнікамі стала лёсавызначальнай не толькі ў абвяшчэнні Года кнігі, але і ў прыняцці даручэнняў, якія будуць асноватворнымі на працягу ўсяго года.
Год кнігі — гэта не толькі мерапрыемствы, конкурсы, акцыі, фэсты, святы… Год кнігі — гэта стварэнне і ўмацаванне нарматыўна-прававой базы функцыянавання і развіцця нацыянальнай галіны кнігавыдання. Падрыхтаваны да першага чытання праект Закона аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь. Аналагаў яму ў нашай краіне нават у савецкі час не было. Такім чынам, нацыянальнае кнігавыданне замацоўвае свой статус на заканадаўчым узроўні.
Мы плённа працуем дзеля стварэння спрыяльных умоў для айчынных выдаўцоў: падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання. Калі мы існуём сёння ў адзінай эканамічнай прасторы ў межах Расіі, Казахстана і Беларусі, то трэба рабіць захады, каб стварыць аднолькавыя эканамічныя ўмовы для працы выдаўцоў усіх гэтых краін і разам з тым прадугледзець у нарматыўнай базе магчымасці спрыяння нацыянальнай літаратуры. Нацыянальнае кнігавыданне прадстаўлена і рускамоўнай, і беларускамоўнай літаратурай, але хацелася б, каб кожнае з айчынных выдавецтваў, а ў нас іх больш за 600, дадаткова выдала яшчэ па кнізе на беларускай мове.
І Закон, і Указ павінны стаць трывалымі асновамі для далейшага развіцця. Менавіта дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы беларуская кніга займае годнае месца ў сусветнай кніжнай прасторы. Што маецца на ўвазе? З дзяржаўнага бюджэту штогод падтрымліваецца 120—130 кніг, і кожная з іх, я не пабаюся гэтага азначэння, — з’ява ў нацыянальным кнігавыданні. Бываюць кніжкі, якія можна пагартаць і ніколі больш да іх не вяртацца. Чытацкі попыт — не заўсёды паказчык мастацкай вартасці твора, але калі мы гаворым пра нацыянальныя скарбы, то кнігі, якія выдаюцца ў “Мастацкай літаратуры”, у РВУ “Літаратура і Мастацтва”, у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, — асабліва тыя праекты, якія сёння дзяржавай вызначаюцца як сацыяльна значныя, — не толькі годна прадстаўляюць нашу краіну на прэстыжных міжнародных кніжных конкурсах, але і адкрываюць Беларусь свету як высокадухоўную краіну. Вось, напрыклад, “Альбом малюнкаў” Дзмітрыя Струкава — мы прэзентавалі гэту кнігу ў Маскве і атрымалі вельмі шмат станоўчых водгукаў. Да слова, выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” здолела адшукаць некаторыя малюнкі нават за межамі нашай краіны, знайсці тыя, што ніколі раней не друкаваліся. Мы бачым, наколькі багатая наша Беларусь на духоўныя помнікі. І тое, што дадзены праект рэалізавалі менавіта айчынныя выдаўцы, робіць гонар усяму нацыянальнаму кнігавыданню.
— Лілія Станіславаўна, што азначае для айчыннага кнігавыдання штогадовае правядзенне Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу менавіта ў Мінску?
— Думаю, што краіна, якая мае такую выстаўку, заслугоўвае таго, каб лічыцца асяродкам культуры сусветнага ўзроўню. Штогод больш як 20 замежных краін прадстаўляюць свае кнігі. У гэтым годзе ў нас вельмі цікавы ганаровы госць — Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла. Акрамя таго, мы не ўяўляем сабе нашых выставак без расійскай, украінскай кнігі. У мінулыя гады бралі актыўны ўдзел Германія, Францыя, і вельмі прыемна, што наша супрацоўніцтва на гэтым не спынілася.
У Год кнігі і выдаўцам, і наведвальнікам-чытачам будзе асабліва цікава завітаць на выстаўку, патрапіць на прэзентацыі кніг, узяць удзел у мерапрыемствах, якія будуць спрыяць не толькі прапагандзе кнігі, але і росту прафесійнага майстэрства яе стваральнікаў — гэта і майстар-класы, і круглыя сталы, і семінары па пытаннях маркетынгу, арганізацыі кніжнага гандлю, наладжвання цесных стасункаў на ўзроўні краін СНД і г.д.
— А якім чынам сёння, у час паскоранага развіцця высокіх тэхналогій, трэба падтрымліваць кнігу? Кнігарні з кавярнямі і бібліятэкі з “дзіцячымі куткамі” — гэта ўжо сучаснасць, а што можна чакаць у недалёкай будучыні для павышэння цікавасці беларусаў да чытання?
— Мы яшчэ толькі на пачатку гэтага шляху. Так, пры некаторых кніжных крамах працуюць кавярні ці прэзентацыйныя залы, але калі мы гаворым пра тое, што сёння ў “Белкнігі” каля 90 магазінаў, то гэта не так і шмат для краіны, так што сёлета павінна пашырыцца гандлёвая сетка. Ёсць кнігагандлёвая сетка Белкаапсаюза, але з ёй трэба працаваць па асартыменце, бо не кожны горад, як паказаў наш аналітычны агляд, мае паўнавартасную кніжную краму. Лічу, што ў гэтым кірунку яшчэ шмат працы — і на ўзроўні Міністэрства інфармацыі, і на ўзроўні аблвыканкамаў. Кніжная крама павінна быць не проста крамай з паліцамі, а месцам літаратурных мерапрыемстваў, сустрэч з аўтарамі, з дзецьмі, каб беларусы ў Год кнігі часцей заходзілі ў кнігарні.
Да таго ж, мы прапанавалі аб’явіць у нашай краіне Дзень дарэння кнігі. Мы ўжо звыкліся з тым, што кніга — найлепшы падарунак, хай сабе і не заўсёды танны. Але хацелася б, каб тыражнасць кнігі памяншала яе кошт, асабліва важна, каб дзіцячая кніга была даступнай для кожнай беларускай сям’і, каб яна была беларускамоўнай, каб больш пісалі для дзетак нашы сучасныя творцы. Калі не выхаваем чытача, які змалку трымае ў руках кнігу — спачатку дзіцячую, потым юнацкую, — то не прыцягнем яго да кніжных старонак у больш сталым узросце. Сучаснае дзіця з маленства ўмее націскаць на кнопкі ў камп’ютары, але, на жаль, не ў кожнай сям’і належнае месца займае папяровая кніга.
— Да якіх кніг свайго юнацтва вы звяртаецеся сёння?
— Я наогул люблю Кнігу. У нашай хаце яна заўжды была на самым пачэсным месцы. Калі ты нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў, іначай і быць не можа. Тым больш, мая мама выкладала беларускую мову і літаратуру. Натуральна, усё, што звязана з кнігай, — адтуль, з маленства, з дзяцінства. Я б назвала кнігу Івана Мележа “Людзі на балоце”. Можа, дзявочую душу яна закранула неяк асабліва… Але і руская літаратура мне падабаецца: старонкі Ахматавай, Цвятаевай часам цягне перагарнуць. А апошнім часам, калі па працы я штодзень маю магчымасць бачыць кантрольныя экзэмпляры новых выданняў, то радуюся кожнай новай кнізе, асабліва калі яна нясе духоўнасць і расказвае свету пра Беларусь!
Таццяна СІВЕЦ

