Друкарскі «зубр» у Маскве

Друкарскі «зубр» у Маскве

Сёлета Беларусь у якасці афіцыйнага ганаровага госця ўдзельнічала ў 32-м Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы, які праходзіў з 4 па 8 верасня. Званне накладае пэўныя абавязкі, выклікае павышаную ўвагу да прадстаўлення краіны: з якімі ідэямі і думкамі мы працавалі на вялікай пляцоўцы? У чым адрозненне ад мінулага года? Плошчу ў 222 квадратныя метры трэба было запоўніць не толькі кнігамі і кніжнымі праектамі, але і цікавымі падзеямі.

Як адзначыў напярэдадні фэсту намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, канцэпцыя беларускіх удзельнікаў выстаўкі тая ж, што і на сёлетняй кніжнай выстаўцы ў Мінску — тэма малой радзімы, якая была і застаецца актуальнай: і па колькасці наведвальнікаў, і па камерцыйным складніку гэта стала зразумела яшчэ з вынікаў працы на мінскім форуме. Афармленне стэнда сімвалізавала Год малой радзімы і беларускую гасціннасць...

На прэзентацыйна-выставачнай пляцоўцы — праект Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» пад сэнсавай нагрузкай «25 гадоў беларускай дзяржаўнасці — 25 кніг». У выданнях сабраны ўнікальныя калекцыі паштовак, якія адлюстроўваюць і мінулае, і сучаснасць. Праект дапоўнены скульптурнай кампазіцыяй зубра, зманціраванага са старых друкарскіх станкоў, — як сімвал і аснова ведаў, буквара, Бібліі і ўсяго, што сёння ўвасабляе паняцце дзяржаўнасці. На Дні беларускага пісьменства зубр гэты ўжо вабіў наведнікаў, выклікаючы пэўныя алюзіі і асацыяцыі з гістарычнымі падзеямі краіны.

Беларуская кніга нязменна выклікае цікавасць у расійскага чытача. Сёлетнім пакупнікам на кірмашы пашанцавала: кожны з іх меў магчымасць аддрукаваць старонку скарынаўскай Бібліі на станку па тэхналогіях ХVI стагоддзя.

Асноўная справа на выстаўцы — прэзентацыя айчынных выдавецтваў, якія працуюць над вырашэннем сацыяльна значных пытанняў падтрымкі культуры.

Праграма ўдзелу Беларусі ў выстаўцы прадугледжвала тэматычныя дні: «Усе госці — у дом», дзень, прысвечаны міжнароднаму супрацоўніцтву, яшчэ дзень — 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (агульная для абодвух народаў тэма). 

Трэці дзень праходзіў пад назвай «Наша радзіма — Беларусь» і прысвячаўся малой радзіме: прэзентацыі іміджавых кніг, расповеды пра турыстычны патэнцыял нашай краіны, пра тое, як жылі нашы продкі: у якія касцюмы апраналіся, якія стравы любілі гатаваць. 

Чацвёрты дзень — аўтарскі. «Мы хацелі паказаць, што ў нас ёсць творцы, якія пішуць цікавыя захапляльныя і пазнавальныя кнігі, — падзялілася думкамі дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Вікторыя Калістратава. — Прайшлі прэзентацыі Людмілы Рублеўскай і Наталлі Батраковай. Нават касманаўт Пётр Клімук прыйшоў на выстаўку, каб падтрымаць удзельнікаў!» 

Пяты дзень быў прысвечаны размовам з чытачамі: кожны зацікаўлены мог няспешна пагартаць кнігу, пачытаць урывак з твора на стэндзе. Адбылося шмат мультымедыйных прэзентацый праектаў.

Сёлета ў кірмашы бралі ўдзел і музейныя ўстановы: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, а таксама замкавы комплекс Мір, у якіх — свае праграмы і праекты. Не засталіся ўбаку Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкая бібліятэка.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»

Апублікавана:
Праглядаў:
930