Канал «Культура» вызначыў пераможцаў радыёконкурсу сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр 2.0»

Канал «Культура» вызначыў пераможцаў радыёконкурсу сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр 2.0»

Канал «Культура» Беларускага радыё вызначыў пераможцаў радыёконкурсу сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр 2.0», які быў абвешчаны ў сакавіку і прысвячаўся 95-годдзю айчыннага радыёвяшчання.

Арганізатар творчага спаборніцтва прапанаваў на выбар чатыры тэмы для конкурсных матэрыялаў: «Сучасная беларуская культура і нацыянальныя традыцыі», «Чалавек у глабальным свеце», «Сучасная асоба і радыё» і «Гарманічныя адносіны чалавека з прыродай». Сярод асноўных задач конкурсу былі пошук таленавітых сучасных аўтараў, развіццё мастацкага радыёвяшчання ў краіне, стымуляванне творчай моладзі і яе далучэнне да радыёвяшчання.

Удзельнікамі конкурсу сталі самадзейныя і прафесійныя драматургі розных узростаў са сталіцы, абласных і раённых цэнтраў. Найбольшую цікавасць аўтараў выклікалі маральна-этычныя праблемы ў сучасным грамадстве. Згодна з рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі прафесійныя пісьменнікі, прадстаўнікі тэатральнага і радыёмастацтва, вызначаны ўладальнікі другога і трэцяга месцаў. Імі сталі Васіль Ткачоў з Гомеля за п'есу «Пераправа» і Улада Альхоўская за п'есу «Гэты ваш лес». Пераможцы атрымаюць дыпломы і памятныя прызы ад арганізатара.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
229