Круглы стол: меркаванні замежных удзельнікаў

Круглы стол: меркаванні замежных удзельнікаў

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства 3 верасня 2021 года ў Мінску прайшоў міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора». У дыскусіі, якая часткова праходзіла ў рэжыме онлайн, прынялі ўдзел пісьменнікі, публіцысты, крытыкі, журналісты і навукоўцы з 15 краін як з постсавецкай прасторы, так і з еўрапейскіх краін (Францыі, Германіі, Сербіі, Польшчы).

Вучоны-культуролаг, акадэмік РАН, рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў Аляксандр Запясоцкі канстатаваў наяўнасць значных праблем ва ўзаемаадносінах культур Захаду і славянскіх народаў: «На вялікі жаль, наша супрацоўніцтва з Захадам будзе згортвацца. Захад пачынае ўваходзіць у гуманітарную катастрофу па прычыне крызісу мадэлі цывілізацыі. Навукоўцы добра разумеюць, што заходняя мадэль цывілізацыі перастала быць узорам. Увесь астатні свет пачынае адварочвацца ад гэтай мадэлі і шукаць нейкія новыя альтэрнатыўныя варыянты развіцця», — адзначыў навуковец. 

Паводле слоў Запясоцкага, культура Захаду губляе рысы гуманізму. Гуманітарыі Расіі і Беларусі будуць працягваць імкнуцца наладзіць адносіны з калегамі, але ажыццявіць гэта будзе цяжка ў сувязі з палітычнай кан'юнктурай на Захадзе. 

«На нашых вачах адзіная гуманітарная прастора спыняе сваё існаванне. Дакладней, яе скасоўваюць. Адбываецца гэта ў сувязі з палітычнымі рашэннямі элітаў практычна ўсіх краін калектыўнага Захаду. Яны ўсведамляюць, што шляхам распаўсюджвання культуры, літаратуры мы можам наладжваць рэальныя чалавечыя зносіны, і стане немагчыма палохаць той жа Расіяй, ды і Беларуссю тых палякаў, якія знаёмыя з класічнай і сучаснай расейскай літаратурай», — заявіў польскі палітолаг і пісьменнік Матэуш Піскорскі.

Польскі ўдзельнік круглага стала ў гэтай сувязі выказаў надзею на поспехі грамадскай дыпламатыі. 

«Сёння стала зразумела, што тая мадэль, у якой мы жылі трыццаць гадоў, а Захад — значна даўжэй, скончылася. Пад яе была выбудована сістэма адукацыі, сацыяльных паводзін. Пакаленні (а на Захадзе — цэлых тры), якія не ведаюць нічога, акрамя ліберальнага свету, сутыкнуцца з тым, што ён памірае», — адзначыў расійскі грамадскі дзеяч і публіцыст Міхаіл Хазін. 

Паводле яго слоў, надышоў час вяртацца да літаратуры XIX стагоддзя, якая тлумачыла чалавеку, як жыць і ставіцца да свету. 

Расійскі журналіст Уладзімір Мамантаў, у сваю чаргу, адзначыў, што адзіная гуманітарная прастора братэрскіх народаў існуе і здольна змясціць многія з'явы. 

«Калі англічанам ці еўрапейцам не патрэбныя еўрапейскія каштоўнасці, трэба іх у іх арандаваць і захаваць у сябе. Калі яны не бачаць сэнсу ў філасофскіх і гуманітарных дасягненнях — давайце мы іх забяром! Але не ўсе, а некаторыя», — прапанаваў Мамантаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
109