Купалаў дом збірае сяброў

Купалаў дом збірае сяброў

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы разам з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выдавецкім домам “Звязда” і Пасольствам Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь праводзяць круглы стол “Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі”.

Сустрэча творчай і навуковай інтэлігенцыі пройдзе ў рамках І Форума рэгіёнаў і Дзён культуры Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь. Узбекскі бок на пасяджэнні прадставяць ганаровыя госці: старшыня Камітэта па міжнацыянальных зносінах і сяброўскіх сувязях з замежнымі краінамі пры Кабінеце мімністраў Рэспублікі Узбекістан Рустамбек Курбанаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Сіраджыддзін Саідаў, старшыня Акадэміі мастацтваў Акмал Нурыддзінаў, рэктар Ташкентскага дзяржаўнага універсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіраджіддзінаў, а таксама землякі: старшыня Ташкентскага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра “Світанак” Святлана Дудзюк і прафесар Узбекскага дзяржаўнага ўніверсітэта сусветных моў Анатоль Ліхадзіеўскі.

З беларускага боку ў сустэчы прымуць удзел супрацоўнікі выдавецкага дома “Звязда”, прадстаўнікі часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, беларускія паэты – перакладчыкі ўзбекскай літаратуры, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі.

Адным з аспектаў сустрэчы ў Купалавым доме будзе ўспамін пра беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцу Сцяпана Ліхадзіеўскага (1911–1979), які ў 1920–1930 гадах сустракаўся з Янкам Купалам, а ў 1943 годзе браў удзел у вечары памяці паэта ў Ташкенце, дзе ў гады ІІ Сусветнай вайны знайшлі прытулак многія беларусы, сярод якіх быў і Якуб Колас.

Купалаў дом зноў стане месцам аднаўлення сувязі пакаленняў і развіцця беларуска-ўзбекскага культурнага дыялогу.

Круглы стол адбудзецца 31 ліпеня 2019 года ў 11 гадзін.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 064
Галіны дзейнасці: