Прэзентацыя новай кнігі ў кніжным магазіне «Дружба»

Прэзентацыя новай кнігі ў кніжным магазіне «Дружба»

13 сакавіка 2019 г. у межах рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі ― дзецям”» у кніжным магазіне «Дружба» ААТ «Белкніга» ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «Як курачка пеўніка ратавала», выдадзенай на рускай і англійскай мовах. На сустрэчу з супрацоўнікамі выдавецтва былі запрошаны навучэнцы 1-га класа сярэдняй школы № 48 г. Мінска.

Рабятам расказалі пра мастацкае афармленне казкі. У ілюстрацыях, змешчаных на кожным развароце, выразна праглядаецца асаблівае, уласнае бачанне мастачкай тэксту твора. 

Кніга можа быць карысная тым, хто вывучае англійскую мову. Мастацкі пераклад тэксту адлюстроўвае спецыфіку дадзенай мовы, яе індывідуальныя асаблівасці ў пабудове сказаў, выкарыстанні ўстойлівых спалучэнняў.

Рэдактар расказала першакласнікам пра тое, як праходзіць працэс падрыхтоўкі кнігі да друку. Навучэнцы даведаліся, чым займаюцца карэктары, якія функцыі і абавязкі ў рэдактара, што робяць мастацкія рэдактары і хто такія тэхнічныя рэдактары. Дзеці таксама пазнаёміліся з этапамі вырабу кнігі ў друкарні, сваімі вачамі ўбачылі, што ўяўляюць сабой чыстыя аркушы з пункту гледжання паліграфіі і чым яны адрозніваюцца ад чыстых лістоў, да якіх мы маем дачыненне ў паўсядзённым жыцці. Першакласнікам расказалі, як з чыстых аркушаў атрымліваюцца часткі кнігі і як яны злучаюцца ў кніжны блок, да якога пасля прымацоўваецца вокладка.

У завяршэнне прэзентацыі намеснік дырэктара выдавецтва па маркетынгу і вытворчасці Юлія Дашкевіч уручыла навучэнцам карысныя падарункі ― кнігі, выдадзеныя ў «Народнай асвеце».

 


Апублікавана:
Праглядаў:
715
Галіны дзейнасці: