Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы – 70 гадоў

Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы – 70 гадоў

У Мінскай гарадской ратушы адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы, а таксама Міжнародная канферэнцыя “Публічная бібліятэка ў гісторыі горада”.

У віншаванні калектыву бібліятэкі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што семдзясят гадоў бібліятэка плённа працуе на ніве асветніцтва, выхавання культуры чытання, паважлівых адносін да кнігі. За гэты час кніжным фондам бібліятэкі карысталася не адно пакаленне мінчан і гасцей горада, якім кніга дапамагала быць больш дасведчаным, больш адукаваным, а значыць, больш эфектыўным у працы і патрыятычным у стаўленні да грамадства.

Сёння калектыў бібліятэкі імкнецца працаваць сучаснымі метадамі, выкарыстоўваючы новыя інфармацыйныя тэхналогіі, што робіць яе сапраўдным інтэлектуальным, культуралагічным, інфармацыйным цэнтрам.

Менавіта бібліятэка становіцца сёння тым прыцягальным месцам для дзяцей і моладзі, дзе юнакі і дзяўчаты могуць не толькі пачытаць цікавую і карысную кнігу, не толькі сустрэцца з аўтарамі і стваральнікамі любімых кніг, але і самі праявіць і паказаць свае творчыя здольнасці.

Імя беларускага песняра Янкі Купалы, якое носіць бібліятэка, патрабуе ад кожнага яе супрацоўніка не толькі інавацыйнага падыходу да выкананання сваіх абавязкаў, але і з асаблівым імпэтам прапагандаваць кнігу, падтрымліваць людзей творчых, якія будуць услаўляць нашу родную Беларусь мастацкім словам, умацоўваць сваю дзяржаву асабістымі плённымі ўчынкамі.

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы горада Мінска заснавана ў 1949 годзе і з’ўляецца адной з самых буйных дзяржаўных публічных бібліятэк. У 1952 годзе бібліятэцы было прысвоена імя Янкі Купалы. Са снежня 1979 года бібліятэка ўзначальвае цэнтральную сістэму публічных бібліятэк Мінска, у якую на правах філіялаў уваходзяць 22 гарадскія публічныя бібліятэкі, нотна-музычная і спецыльная гарадская бібліятэка для людзей са слабым зрокам.

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы – арганізацыйны і метадычны цэнтр для бібліятэк установы. Кожны год паслугамі бібліятэкі карыстаюцца больш за 23 тысячы чалавек, выдаецца каля 320 тысяч экзэмпляраў дакументаў.

Апублікавана:
Праглядаў:
16
Падзяліцца ў сац.сетках