Ад казак СНД да баек Крапівы: чым будуць здзіўляць выдавецтвы на кніжнай выставе ў Мінску

Ад казак СНД да баек Крапівы: чым будуць здзіўляць выдавецтвы на кніжнай выставе ў Мінску

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» на Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш рыхтуе насычаную праграму.
 Сярод галоўных навінак — кніга «Сказочный мир. Сказки народов СНГ», прымеркаваная да 35-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Выданне змяшчае ў сабе казкі ўсіх народаў, што ўваходзяць у СНД, а яго прэзентацыя адбудзецца на галоўнай сцэне выставы.
Адной з важных падзей стане падвядзенне вынікаў конкурсу маладых аўтараў «Маладзік», арганізаванага Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і часопісам «Маладосць» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.  
Асобны блок праграмы прысвечаны серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія». Тры выдавецтвы — «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і «Звязда» — аб’ядналі кнігі лаўрэатаў у адзіным афармленні, каб стварыць паўнавартасную бібліятэчку пераможцаў найпрэстыжнейшай літаратурнай узнагароды краіны. Ад «Мастацкай літаратуры» на выставе будуць прадстаўлены «Выбраныя творы» Уладзіміра Гаўрыловіча і Віктара Кунцэвіча, а таксама дзіцячая кніга вершаў Міхася Пазнякова.

Выдавецтва «Беларусь» традыцыйна прадстаўляе найбольш значныя праекты.
Сёлета праграму адкрые прэзентацыя кнігі «Разам! Вялікая Перамога!», сугучнай з галоўнай тэмай выставы — 35-годдзем СНД. Выданне прысвечана ўдзелу народаў Садружнасці ў вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і падрыхтавана на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. На прэзентацыі чакаюцца выступленні прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, у тым ліку Расіі, Азербайджана, Арменіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана.
Запланавана творчая сустрэча з грамадскім дзеячам і вучоным Аляксандрам Радзьковым, які прадставіць сваю кнігу «Гарады». 
Сярод іншых змястоўных навінак — кніга вядомага журналіста «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка «Гадкие вопросы», сумесныя праекты з Нацыянальным архівам у серыі «Партизанский архив», праца рэктара БДУ, доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя Караля «Кора и сердцевина. Чужого опыта не бывает», а таксама тамы «Чырвонай кнігі Беларусі», прысвечаныя раслінам і жывёлам.

Выдавецкі дом «Звязда» прадставіць шэраг новых праектаў, сярод якіх — выданні, што адлюстроўваюць сучасны погляд на гісторыю, культуру і грамадскае жыццё краіны.
Адна з ключавых прэзентацый — выданне «Время выбрало», укладальнікамі якога выступілі Максім Осіпаў і Вольга Ануфрыева. Асновай стаў доўгатэрміновы праект выдавецкага дома «Беларусь сегодня», у якім прааналізавана айчынная перыёдыка за 1994–2025 гады.
Сярод іншых навінак — другая кніга Ірыны Аўсяп’ян «Знаем, гордимся! Известные люди Беларуси в портретах и очерках» — працяг серыі, якая будзе развівацца і ў 2026 годзе.
Выдавецтва таксама прадставіць сёмы том мемуараў Мікалая Чаргінца і кнігу маладога аўтара Улады Альхоўскай «Мінская містыка».
У межах Года беларускай жанчыны на стэндзе выдавецтва прадэманструюць творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавай, Таццяны Дземідовіч, Жанны Міус, Марыны Бялясавай, Ганны Літаш і Вольгі Бяловай.
Опубликовано:
Просмотров:
1 026