Адкрытыя ўрокi беларускай літаратуры для старшакласнікаў

Адкрытыя ўрокi беларускай літаратуры для старшакласнікаў

На мінулым тыднi ў сталічнай гiмназіі № 11 прайшлі адкрытыя ўрокi беларускай літаратуры для старшакласнікаў, падрыхтаваныя выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».


Родная мова, роднае слова апявалася ў творах пісьменнікаў і паэтаў розных пакаленняў. Роднае слова, магутнае слова, матчына мова, мова бацькоў і дзядоў... Роднае слова — сродак выяўлення душы чалавека, наш духоўны скарб. 

Да гэтай сустрэчы з хваляваннем рыхтаваліся і настаўнікі, і вучні. Старшакласнікі слухалі вершы вядомых беларускіх паэтаў: Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Ставера і іншых. Вучні даведаліся пра цікавыя факты з біяграфій славутых землякоў.

Супрацоўнікі выдавецтва распавялі пра кніжныя навінкі. Выклікала цікавасць энцыклапедычнае выданне «Уладзімір Караткевіч». У ім змешчаны артыкулы, якія тычацца жыцця і творчасці У.С.Караткевіча, людзей, якія мелі стасункі з пісьменнікам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную творчасць, а таксама тых, для каго асоба і творы класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. Падрабязна разглядаліся і мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік пры напісанні сваіх твораў.

Яркай падзеяй для прысутных стала прэзентацыя кнігі «Рыба» юнай пісьменніцы Сафіі Ворса.


Часам для шчасця трэба зусім ня шмат. Аўтар кнігі заглыбляе чытача ў сваю, не падобную на іншыя, сістэму каардынат і ў даступнай форме паказвае, як можна знайсці радасць там, дзе не чакаеш, як не варта шукаць шчасця там, дзе яго няма. Пісьменніца валодае дарам раскрываць у сваіх творах сапраўдныя чалавечыя пачуцці, адлюстроўваць рэалістычныя характары, хай і не заўсёды ў рэалістычнай рэчаіснасці.

Усе прысутныя атрымалі гэту кнігу ў падарунак.


Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Опубликовано:
Просмотров:
593