Анлайн-канферэнцыя па паэме Івана Катлярэўскага «Энеіда»

Анлайн-канферэнцыя па паэме Івана Катлярэўскага «Энеіда»

Супрацоўнікі выдавецтва «Беларусь» сталі ўдзельнікамі анлайн-канферэнцыі, якую правёў кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя В.Г.Караленкі Глеб Кудрашоў. Мерапрыемства адбылося з нагоды Дня славянскага пісьменства і культуры, а тэма лекцыі гучала так: «Білоруськомовні книжкові інтерпретації “Енеїди” Івана Котляревського».  

Паэма Івана Катлярэўскага «Энеіда» была ўпершыню апублікавана ў 1798 годзе. Аўтара твора заслужана лічаць пачынальнікам новай украінскай мовы і літаратуры.

Гэту кнігу перакладалі і на іншыя мовы. На беларускай мове «Энеіда» выйшла ў свет у 1969 годзе ў перакладзе Аркадзя Куляшова  выдавецтве «Беларусь». Над афармленнем мінскага выдання працавалі беларускія графікі Уладзімір і Міхаіл Басалыгі.

У час анлайн-канферэнцыі яе ўдзельнікі, а гэта больш за 20 чалавек, абмяняліся думкамі наконт выдання, а  яе мадэратар расказаў аб тым, наколькі плённай была мінулагодняя кніжная выстава ў Палтаве, у якой, дарэчы, прыняў удзел і дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын. 

Глеб Кудрашоў падкрэсліў, што кніга «Энеіда» ў сістэме беларуска-ўкраінскіх гуманітарных сувязяў працягвае паспяхова выконваць ролю медыума міжкультурных камунікацый дзвюх краін — гістарычна непарыўнага працэсу стасункаў, узаемнага спазнавання народаў, узаемаўплыву і  ўзаемаўзбагачэння культур. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларусь».

Опубликовано:
Просмотров:
725