Алесь Бадак: Сур'ёзная лiтаратура павiнна быць цiкавай

Алесь Бадак: Сур'ёзная лiтаратура павiнна быць цiкавай

Наш суразмоўнік — дырэктар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Алесь БАДАК. Пра тое, сустрэчы з якiмi кнiгамi чакаюць айчыннага чытача, у асноўным i пойдзе наша размова.

— Алесь Мiкалаевiч, прайшла палова 2020 года. Якiя найбольш яркiя здабыткi ў выдавецтва «Мастацкая лiтаратура»?

— З самых рэзанансных кнiг я  назваў бы раман Андрэя Федарэнкi «Жэтон на метро» i кнiгу Аляксандра Радзькова «Дискретный подход к наблюдению жизни», напiсаную ў папулярным сёння жанры нон-фiкшн. Андрэй Федарэнка не мае патрэбы ў рэкламе як вядомы празаiк, адзiн з найлепшых сучасных беларускiх празаiкаў, а Аляксандр Мiхайлавiч Радзькоў — як дзяржаўны дзеяч i вучоны. I я быў прыемна ўражаны, што ён цудоўна валодае мастацкiм стылем. Не сакрэт, што калi людзi, далёкiя ад пiсьменнiцкай прафесii, бяруцца за напiсанне ўспамiнаў, то большасць з iх цi па ўласным жаданнi, цi па настойлiвай просьбе выдавецтва звяртаецца па дапамогу да прафесiяналаў, якiя робяць лiтаратурную апрацоўку iх запiсаў. Аляксандр Мiхайлавiч належыць да тых аўтараў, якiм памочнiкi не патрэбныя. I ў гэтым таксама каштоўнасць яго кнiгi.

Але, зразумела, нашы здабыткi першага паўгоддзя не абмяжоўваюцца гэтымі двума творамi. Я б, напрыклад, раiў звярнуць яшчэ ўвагу на зборнiк «Мы жылi ў буднях барацьбы». Гэта дзённiкi беларускiх пiсьменнiкаў, напiсаныя ў асноўным у гады Вялiкай Айчыннай вайны, — вельмi своеасаблiвы i праўдзiвы дакумент часу, якi не заменiць нiводны мастацкi твор. Ну а юным чытачам, думаю, павiнна спадабацца наша новая серыя «Дванаццаць месяцаў». Гэта дванаццаць тамоў казак, як народных, так i аўтарскiх, як беларускiх пiсьменнiкаў, так i замежных. Прычым кожны том «прывязаны» да пэўнага месяца года i з'яўляецца своеасаблiвым лiтаратурным календаром: усе казкi разбiтыя на колькасць дзён таго цi iншага месяца.

— Сёння многiя выдавецтвы не ўдзяляюць увагу спецыялiзацыi. Што разыходзiцца з кнiг — тое i праектуюць з разлiкам на розныя чытацкiя густы. А вельмi часта — выключна з разлiкам на фундатараў цi ўвогуле фундацыю кнiг. Вы спрабуеце захаваць спецыялiзацыю «Мастацкай лiтаратуры»? I ў чым яна ўвогуле заключаецца?

— Мы жывём у час, калi кнiжны рынак ставiць кожнае выдавецтва ў вельмi жорсткiя ўмовы выжывання. I, зразумела, гэта датычыцца не толькi Беларусi. Я ўважлiва сачу за тым, як развiваецца кнiгавыдавецкая справа ў Расii. Не вытрымала канкурэнцыi i пакiнула кнiжны рынак найстарэйшае выдавецтва «Советский писатель», вельмi сур'ёзны крызiс перажыла славутая «Художественная литература», заснаваная па iнiцыятыве Максiма Горкага. Не стала створанага ўжо ў постсавецкi час i ў пачатку сваёй дзейнасцi найбуйнейшага расiйскага выдавецтва «Вагрыус». Пералiк гэты можна доўжыць. З iншага боку, выдавецтвы, што арыентуюцца на масавага i вельмi часта не самага патрабавальнага чытача, для якога кнiга — сродак адпачынку i не больш за тое, заўсёды больш упэўнена адчуваюць сябе на кнiжным рынку, таму што яны з'яўляюцца стваральнiкамi так званага кнiжнага канвеера: кнiга хутка пiшацца (а хутка таму, што па пэўных стандартах), хутка выдаецца, хутка чытаецца i, як правiла, гэтак жа хутка забываецца i, можа, нават выкiдаецца, вызваляючы месца для наступнага «бестселера». Яна не мае нiякай мастацкай каштоўнасцi, у адрозненне ад лiтаратуры сур'ёзнай, якая вельмi часта i пiшацца пакутлiва, i выдавецтва яе не адзiн дзень рыхтуе, i чытач яе асiльвае не за тыдзень i нават не за месяц, бо яна патрабуе ўдумлiвага чытання. У такiх кнiг сёння меншая чытацкая аўдыторыя, але роля iх у грамадстве была, ёсць i будзе вельмi вялiкая. I не трэба баяцца слова «меншая». Пагадзiцеся, на свеце жыве вельмi шмат людзей, якiя нiколi не бралi ў рукi Бiблiю, але на якiх яна таксама аказала вялiкi ўплыў, бо Слова ўздзейнiчае на нас i праз вусны, i праз сэрцы iншых людзей.

Таму для нас вельмi важна i ў сённяшнiх умовах захаваць прыярытэты, вызначаныя нашымi папярэднiкамi, тымi, хто стаяў каля вытокаў стварэння выдавецтва: найперш выпуск высакаякасных твораў нашых сучаснiкаў i перавыданне найлепшых узораў класiчнай лiтаратуры. Пры гэтым наша задача — даказаць пэўнай катэгорыi чытачоў, што i сур'ёзная лiтаратура таксама можа быць цiкавай i нават захапляльнай. Праўда, часам трэба i некаторым аўтарам даказваць, што сур'ёзная лiтаратура павiнна быць цiкавай, а значыць, запатрабаванай.

Ну i, вядома, вялiкую падтрымку нам аказвае дзяржава — i ў перавыданнi класiкi, i ў выданнi твораў маладых аўтараў, для якiх вельмi важна, каб iх кнiгi каштавалi не вельмi дорага.

— А цi задаволены Вы асабiста партфелем выдавецтва? Цi чакаеце ад пэўных аўтараў, што яны як найхутчэй дапiшуць той цi iншы твор i прынясуць менавiта ў «Мастацкую лiтаратуру»? Не атрымлiваецца так, што «новы Караткевiч» стаiць у чарзе да выдання?

— Караткевiч пiсаў тады, калi быў залаты час лiтаратуры — i не толькi беларускай. У нас вось ляжыць рукапiс кнiгi ўспамiнаў Вячаслава Рагойшы, дзе ён, мiж iншым, згадвае, як на «чорным» рынку часопiс «Маладосць» з караткевiчаўскiм «Чорным замкам Альшанскiм» прадаваўся за 50 рублёў. Гэта было ў 1979 годзе. Тады па падпiсцы цi ў рознiцу нумар «Маладосцi» каштаваў капеек 50, здаецца, так? На такога Караткевiча, мяркую, спадзявацца пакуль што рана. I справа не толькi ў тым, што тады быў чытацкi голад на добрую лiтаратуру. Справа яшчэ i ў тым, што, з аднаго боку, сваiмi творамi Караткевiч уплываў на час, у якiм жыў (пад часам я, зразумела, маю на ўвазе найперш грамадства), а з iншага боку, час таксама ўплываў на яго, узносячы, узвышаючы не толькi за вялiкi талент, але i за тое, што ён быў першы, хто перад беларускiм чытачом шырока расчынiў дзверы ў дзiвосную, загадкавую, рамантычную айчынную гiсторыю. Гэтаксама як першымi былi нашы выдатныя пiсьменнiкi Мележ, Быкаў — кожны са сваёй тэмай. Гэта не значыць, што iх наступнiкi менш таленавiтыя, але час заўсёды больш за ўсё любiць i ўзносiць першых i дае iм нейкую каласальную творчую энергiю, якая таксама дапамагае iм ствараць непаўторныя творы. I каб прыцягнуць да сябе ўвагу шырокiх колаў грамадства, сёння пiсьменнiк таксама павiнен знайсцi тэму, дзе ён можа быць першапраходцам. Цi ёсць сёння такая тэма, я не ведаю. Але, канешне, ёсць аўтары, новых рукапiсаў ад якiх заўсёды чакаеш з нецярпеннем. Паглядзiце, хто ў нас выдаецца, i зразумееце, пра каго iдзе размова. Што да таго, цi задаволены я партфелем выдавецтва... Задаволенасць — не самы лепшы памочнiк у рабоце. Кнiжны рынак вельмi зменлiвы, i каб у гэтай бурнай рацэ часу не быць трэсачкай, якую можа ў любы момант выкiнуць на бераг, увесь час патрэбны новыя iдэi.

— Апошнiм часам «Мастацкая лiтаратура» заснавала цэлы шэраг серый. Наколькi гэта прадукцыйны варыянт развiцця? Якiя серыi сябе апраўдалi?

— На добрых, арыгiнальных серыях у многiм i трымаецца кнiжны рынак. Напрыклад, часта можна пачуць, што сёння не час паэзii. А мы вось некалькi гадоў таму прыдумалi серыю «100 вершаў», i яна не залежваецца на складзе. Гэта наш сумесны праект з Нацыянальным мастацкiм музеем, дзякуючы якому мы маем магчымасць змяшчаць пад адной вокладкай i найлепшыя вершы нашых класiкаў, i рэпрадукцыi карцiн нашых выдатных мастакоў. А цяпер вось задумалi серыю «Час паэзii», у якой будзем выдаваць як творы нашых жывых у прамым значэннi гэтага слова класiкаў, якiя i сёння, дзякуй богу, актыўна працуюць у лiтаратуры, так i маладзейшых паэтаў, без якiх ужо нельга ўявiць сучасную беларускую паэзiю. Адкрыем жа серыю выбранымi вершамi Анатоля Сыса. Наступныя, вiдаць, будуць кнiгi Раiсы Баравiковай i Леанiда Дранько-Майсюка.

Калi казаць пра прозу, то карыстаецца попытам «Бiблiятэка выбраных твораў», у якую ўваходзiць проза малых формаў: аповесцi i апавяданнi. Асаблiва серыя запатрабаваная сярод нашых бiблiятэк, бо значная частка твораў, якiя мы ў ёй прапануем, уключаны ў школьныя праграмы па беларускай лiтаратуры.

З дзiцячых серый, напэўна, самым папулярным з'яўляецца «Дзiцячы атлас Беларусi». Мы яго пачалi выдаваць у 2019 годзе, але ён ужо стаiць у планах i на 2021-ы. Дарэчы, па вынiках аналiзу «Белкнiгi» «Дзiцячы атлас Беларусi. Птушкi» ўвайшоў у дзясятку самых прадаваных кнiг на беларускай мове са студзеня да мая бягучага года праз сетку гэтага кнiгагандлёвага прадпрыемства. А ў сотню трапiлi 26 нашых кнiжак розных жанраў.

— Шмат робячы для рэкламавання, анансавання кнiжнай прадукцыi, айчынныя i, вiдаць, не толькi айчынныя выдавецтвы згубiлi традыцыю выдання папярэднiх, гадавых тэматычных планаў. Цi правiльна гэта? Цi магчыма да гэтага вярнуцца?

— Так, мы не выдаём папярэднiя тэмпланы ў папяровым выглядзе. Але мы рассылаем iх электронныя варыянты i па бiблiятэках, i па кнiгарнях, размяшчаем на сваiм сайце. Iнтэрнэт у гэтым плане больш мабiльны, у тым лiку i ў плане ўнясення пэўных карэктыў у выдавецкiя планы, якiя непазбежна ўзнiкаюць на працягу года.

— Цi задаволены вы адносiнамi ў частцы рэалiзацыi кнiг з iснуючымi кнiгагандлёвымi сеткамi Беларусi? Цi спрабавалi, цi спрабуеце прадаваць беларускую кнiгу за межы нашай краiны?

— У нас вельмi трывалыя партнёрскiя адносiны як з дзяржаўнымi кнiгагандлёвымi арганiзацыямi, так i з прыватнымi. Зразумела, перадусім гэта «Белкнiга», якая найбольш поўна i ў дастатковай колькасцi прапануе чытачам наш кнiжны асартымент. I паглядзiце, як хораша яны развiваюцца i ў плане павелiчэння лiку гандлёвых аб'ектаў, i ў плане мадэрнiзацыi ўжо iснуючых.

Што датычыцца продажу беларускай кнiгi за мяжой, то тут аднаго майго жадання мала. Сёння кнiжны рынак жыве па вельмi жорсткiх законах, кнiга — гэта прадукт, тавар, i каб нешта прадаць у той жа Расii, яго трэба спачатку як след раскруцiць. I трэба мець на ўвазе, што на раскрутку ў Расii патрэбны куды большыя грошы, чым у нас. А пасля ўзнiкае пытанне: што раскручваць? Давайце я прывяду вам адваротны прыклад. У Расii ёсць цудоўны сучасны празаiк, галоўны рэдактар «Роман-газеты» Юрый Казлоў, якi пiша iнтэлектуальную, фiласофскую прозу. Але ў Маскве яго кнiгi па расiйскiх мерках выходзяць даволi сцiплымi тыражамi — прынамсi, куды меншымi, чым жаночыя раманы альбо дэтэктывы аўтараў-аднадзёнак. Таму што ў рэкламу бульварнага чытва можна ўкласцi тыя ж грошы, што i ў сур'ёзную лiтаратуру, а зарабiць на iм — значна больш i хутчэй, у тым лiку разлiчваючы на продаж на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе ёсць рускамоўны чытач. У вынiку на гэтай постсавецкай прасторы вы без праблем знойдзеце кнiгi выдавецтваў, якiя спецыялiзуюцца на масавай лiтаратуры, але там цяжка будзе ўбачыць кнiгi той жа «Художественной литературы», якая i ў гэтых няпростых умовах клапоціцца пра свой iмiдж, таму што працуе не толькi на сённяшнi, але i на заўтрашнi дзень расiйскай культуры.

— Пандэмiя спынiла зносiны з выдаўцамi iншых краiн. Не праводзяцца мiжнародныя кнiжныя выстаўкi, не ладзяцца сустрэчы з замежнымi выдаўцамi... Адчуваеце недахоп такой камунiкацыi?

— Безумоўна, гэты недахоп вельмi адчувальны, таму што ўвесь кнiжны свет жыве аднымi задачамi i аднымi праблемамi, вырашаць якiя значна прасцей, калi мы можам сустракацца, абменьвацца вопытам.

— «Мастацкая лiтаратура» надзвычай, як мне здаецца, уважлiвая да мастацкага перакладу. У якой ступені Вы задаволены развiццём гэтага кiрунку ў сваiм выдавецтве?

— Сапраўды, у нас выходзяць два штогадовыя альманахi перакладной лiтаратуры: «Далягляды» i «Созвучие». Плюс серыя «Светлыя знакi: паэты Кiтая». Летась выдалi раман вядомага польскага пiсьменнiка Антонi Лiберы «Мадам». Шмат выходзiць твораў дзiцячай замежнай лiтаратуры. I гэта мяне радуе, таму што такiм чынам пра наша выдавецтва больш ведаюць у свеце i падобныя мiжвыдавецкiя кантакты дазваляюць больш рэкламаваць за мяжой i беларускую лiтаратуру.

— Цi верыце Вы асабiста ў рост тыражоў кнiг сучаснай мастацкай лiтаратуры?

— Веру, бо ўпэўнены ў тым, што перыяд спаду цiкавасцi да кнiгi нiякiм чынам не звязаны з самой кнiгай. Сёння адышло на другi план паняцце «культурны чалавек». На першым плане — жаданне сцвердзiць сябе ў прафесiйным плане, зарабiць грошай — iншымi словамi, на першым плане iнтэлект, а не душа. Але такiя перакосы не могуць быць даўгавечнымi: у прыродзе, а значыць, і ў чалавеку, усё павiнна быць ураўнаважана. Толькi тады ён зможа паўнавартасна развiвацца.

— Сёння модным стала слова «раскрутка» ў дачыненнi да творчасцi таго цi iншага пiсьменнiка. На раскрутку каго з беларускiх пiсьменнiкаў не пашкадавалi б мiльён рублёў?

— Звычайна маецца на ўвазе, што раскрутка патрэбна невядомаму цi малавядомаму, маладому аўтару. Але мне здаецца, што ў нашай лiтаратуры некалькi пакаленняў пiсьменнiкаў недаацэненыя нi крытыкай, нi чытачамi. Дзеля прыкладу можна згадаць нашых класiкаў. У 50 гадоў гэты статус фактычна займелi i Купала, i Колас, i Мележ, i Шамякiн, i Караткевiч, i Быкаў... Вы можаце нешта падобнае сказаць нават пра сённяшнiх шасцiдзесяцiгадовых нашых пiсьменнiкаў? Таму я не пашкадаваў бы грошай на раскрутку, напрыклад, Андрэя Федарэнкi, якому сёлета споўнiлася 56, каб яго добра ведалi i за мяжой. Дый не толькi яго — я перажываю за ўсё наша лiтаратурнае пакаленне, якое заслугоўвае большай увагi.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
652