Берасцейская Біблія — веліч духоўнага скарбу

Берасцейская Біблія — веліч духоўнага скарбу

Першай прэзентацыяй на найбольш гучным кніжным мерапрыемстве года — Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы — стала прадстаўленне факсімільнага выдання Берасцейскай Бібліі. Гэта самая вялікая і багата ўпрыгожаная кніга ХVI стагоддзя, выдадзеная за сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага. Узнаўленне кніжнага помніка 1563 года стала адной з найбольш заўважных культурных падзей 2019 года і было прымеркавана да тысячагоддзя Брэста. Гэтае факсіміле, апублікаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, стала самым вялікім у кніжнай гісторыі краіны. Прэзентацыі выдання раней прайшлі ў розных гарадах Беларусі, падчас іншых міжнародных кніжных выставак.

«Мы прэзентуем незвычайную кнігу. Яна неверагодная, нават па памерах — больш за паўтары тысячы старонак, больш за пятнаццаць кілаграмаў вагой. Гэтая кніга, вялікая найперш па змесце. Берасцейская Біблія прайшла праз стагоддзі і вярнулася зноў. Мы маем на мэце вярнуць да сучаснасці помнікі не толькі нашай кніжнай культуры, але і ўсёй еўрапейскай гісторыі», — адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Ён паведаміў, што да гэтага часу ў Беларусі не было грунтоўнага даследавання Берасцейскай Бібліі, але цяпер яно з’явілася. Аўтарам манаграфіі, якая даследуе малавядомыя факты стварэння і жыцця знакамітага выдання, стаў Алесь Суша.

У мінулым годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентавала яшчэ два праекты, звязаныя з Берасцейскай Бібліяй. Гэта камплект рэпрадукцый найбольш яскрава аздобленых старонак кнігі ў арыгінальным памеры, а таксама электроннае выданне, прысвечанае гісторыі і культуры Брэста, у якое ўвайшлі і звесткі пра Берасцейскую Біблію.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.

Опубликовано:
Просмотров:
706