Часопіс “Маладосць” у Швецыі

Часопіс “Маладосць” у Швецыі

Шведскі інстытут — галоўная шведская арганізацыя па акадэмічным абмене — згадвае на сваім сайце беларускі часопіс “Маладосць”. 

Размова ідзе пра пераклады са старажытнаісландскай мовы, зробленыя выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Яўгенам Папакулем і надрукаваныя ў часопісе “Маладосць”. Фотаздымак часопіса і развароту з перакладам размешчаны на афіцыйнай старонцы арганізацыі разам з расповедам аўтара пра тое, як нават падчас пандэміі ў чалавека ёсць выбар: проста пасядзець дома перад тэлевізарам і адпачыць або зрабіць нешта важнае і змястоўнае.

Для “Маладосці” Яўген Папакуль пераклаў знакаміты паэтычны твор старажытнай скандынаўскай літаратуры «Прароцтва вёльвы», тэкст якога, прысвечаны ўтварэнню свету і яго лёсу, вядомы як мінімум з 1270-х гадоў. Беларускім чытачам, асабліва аматарам фэнтазі, твор цікавы і даўніной, і адметнасцю. А для перакладчыка гэта была… “Увогуле, гэта была надзвычай складаная праца, якая патрабавала шмат часу і высілкаў, выкарыстання вялізнай колькасці слоўнікаў і даведнікаў па старажытнаісландскай мове, а таксама даследаванняў гістарычнага, культуралагічнага і лінгвістычнага кшталту”, — падзяліўся Яўген Папакуль, назваўшы працэс перакладу своеасаблівым моўным выпрабаваннем.

Яўген Папакуль (1).JPG

Яўген Папакуль выкладае ў Полацкім універсітэце шведскую і англійскую мовы, англійскую літаратуру Сярэднявечча і Адраджэння і міфалогію рамана-германскіх народаў і лічыць, што ўся добрая замежная літаратура павінна гучаць па-беларуску.

Часопіс “Маладосць” штомесяц друкуе пераклады прозы і паэзіі самых розных народаў і робіць гэта найчасцей у супрацоўніцтве з установамі вышэйшай адукацыі, увесь час далучаючы да свайго “бліжняга круга” самых таленавітых лінгвістаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса «Маладосць».

Опубликовано:
Просмотров:
789