"Суразмоўцы" на тэлеканале "Беларусь 3"

"Суразмоўцы" на тэлеканале "Беларусь 3"

У новым сезоне на сацыякультурным тэлеканале «Беларусь 3» з'явілася мноства ўласных цікавых праграм. Адна з іх — аўтарскі праект пісьменніка Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы».

Ужо сама назва праграмы адлюстроўвае яе сутнасць і складаецца з трох частак: «сучаснасць», «размова» і «цытаты». У эфіры гэта — 15 хвілін гутаркі з дзеячамі беларускай культуры: пісьменнікамі і крытыкамі, навукоўцамі і даследчыкамі, мастакамі, а па-за эфірам — пошук актуальных кірункаў і цікавых асоб, якія дапамогуць лепш зразумець вытокі і сучаснасць нашай літаратуры, мовы, нацыянальнага характару і культуры наогул.

 «Атрымліваецца такая сканцэнтраваная, прадметная гаворка пра літаратуру — і не толькі — у інтэр'ерах Нацыянальнай бібліятэкі, — гаворыць аўтар і вядучы праекта Навум Гальпяровіч у сваім інтэрв’ю карэспандэнту газеты “Звязда”. — Цяпер на тэлеэкранах часцей з'яўляюцца зоркі эстрады, спорту — асобы, так скажам, медыйныя. А гэта фігуры хоць і значныя, якія займаюцца літаратурай, гісторыяй, але, на жаль, не так добра вядомыя шырокаму колу гледачоў, асабліва калі гэтыя асобы з рэгіёнаў, як рэктар Магілёўскага ўніверсітэта Дзяніс Дук, краязнаўца Міхась Казлоўскі з Маладзечна, прафесар Іван Штэйнер з Гомеля ды іншыя. І як паказваюць водгукі на праграму, гэтыя знаёмствы аказваюцца для многіх карыснымі і цікавымі, многія адкрываюць для сябе імёны маладых — Юліі Алейчанкі, якая атрымала сёлета Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют», Васіля Дранько-Майсюка, шоўмена, артыста і пісьменніка, Міхаіла Бараноўскага, які ўзначаліў філіял музея Максіма Багдановіча і стварыў музычны гурт «Нельга забыць»... Таксама вялікая колькасць водгукаў была на сустрэчу з Людмілай Рублеўскай, якая па глядацкай увазе паставіла своеасаблівы рэкорд. І я лічу, што гэта вельмі важна, прапагандаваць і паказваць сучасную беларускую літаратуру і культуру”.

Праграма «Суразмоўцы» дазваляе гледачам зазірнуць у глыбіню літаратурных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, лепш пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснымі творцамі.

Крыніца - газета "Звязда"


суразмоўцы


Опубликовано:
Просмотров:
1 669
Направления: