Газеце ”Прысталічча“ – 85!

Газеце ”Прысталічча“ – 85!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў газеты ”Прысталічча“, ветэранаў журналістыкі з 85-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты.

“Ваша выданне, якое ўбачыла свет за дзесяцігоддзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую: архівы захоўваюць для нашчадкаў экзэмпляры ”Шляха сацыялізма“, так яно тады называлася, за 1943-ці.

Праз два тыдні пасля вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў пачалося адрадженне газеты. Яе спадчынай была толькі партызанская радыёстанцыя ды партатыўная друкарская машынка з невялікім запасам шрыфту. Разам з краінай перажыла пасляваенныя цяжкасці і рэдакцыя” – гаворыцца ў віншаванні.

Міністр інфармацыі адзначыў: “Сумесна з землякамі газета прайшла адметны працоўны шлях, асвятляючы на сваіх старонках росквіт роднага краю. У пачатку 60-х гадоў яна выходзіла пад назвай ”Шлях камунізму“, падчас перабудовы – ”Наша жыццё“, с 2007 года – як ”Прысталічча“.

На старонках выдання заўсёды ўзнімаліся найбольш актуальныя тэмы, што хвалююць чытачоў. Сённяшні калектыў рэдакцыі з годнасцю працягвае справу сваіх папярэднікаў”.

“Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да землякоў”, – падкрэсліваецца ў віншаванні.

Аляксандр Карлюкевіч перакананы: “У выдання ёсць уласная пазіцыя, адметны твар. На яго старонках знаходзяць адлюстраванне самыя значныя падзеі з жыцця Міншчыны і краіны, а героі журналісцкіх матэрыялаў – людзі розных прафесій, якія працуюць на карысць прысталічнага краю, роднай Беларусі”.

Кіраўнік ведамства падзякаваў калектыву за нястомную працу, за праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця суайчыннікаў і выказаў упэўненасць, што і надалей работнікі рэдакцыі будуць разам ісці ў нагу з часам, застаючыся патрыётамі сваёй малой радзімы, нашай Айчыны.

Аляксандр Карлюкевіч пажадаў новых творчых дасягненняў, добрага здароўя, дабрабыту, нязменнай адданасці прыхільнікаў.

Опубликовано:
Просмотров:
702