Літаратурны падарунак з "Чароўнага куфэрка" чакае юных слухачоў "Культуры"

Літаратурны падарунак з "Чароўнага куфэрка" чакае юных слухачоў "Культуры"

22 ліпеня ў рубрыцы "Чароўны куфэрак", што выходзіць у межах праграмы для дзяцей і падлеткаў "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" на хвалях канала "Культура" Беларускага радыё, прагучалі першыя старонкі аповесці Янкі Маўра "Т.В.Т.". Гэты твор можна лічыць продкам гайдараўскага "Цімура і яго каманды".

Прачытаўшы аповесць упершыню, школьнікі 30-х гадоў мінулага стагоддзя па прыкладзе яе герояў стваралі свае "таварыствы ваяўнічых тэхнікаў" (менавіта так расшыфроўваецца абрэвіятура "Т.В.Т."), каб змагацца "супраць улады рэчаў". Ці патрэбна гэта сучасным дзецям? Героі "Т.В.Т." прышываюць гузікі і цыруюць шкарпэткі, разбіраюцца з электрапрыборамі і збіраюць смецце. Займаючыся такімі на першы погляд дробязямі, дзеці вучацца праяўляць ініцыятыву, уважліва глядзець навокал і не баяцца эксперыментаў.

"Хочацца адзначыць, што Янка Маўр як сапраўдны псіхолаг не ператаварае гісторыю "Т.В.Т." у ружовую карцінку суцэльнага трыумфу, - кажа дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок. - Кожнаму з герояў даводзіцца перажываць няўдачы, але яны працягваюць сваю гульню. Тое, што "Т.В.Т." у першую чаргу гульня, таксама сведчыць аб таленце Маўра-педагога. Ён не імкнецца ўзвальваць на дзяцей завялікую адказнасць, не прыдумвае для іх звышскладаных задач. І менавіта таму аповесць "Т.В.Т." застаецца запатрабаванай і ў наш час".

Праслухаць аповесць "Т.В.Т." у выкананні артысткі Лікі Пташук можна з аўторка да пятніцы ў праграме "Д.Н.К." у 16:05 на хвалях канала "Культура". Праграма гучыць у паўторы ў 10:05 наступнага дня (за выключэннем суботы і нядзелі), а таксама захоўваецца на працягу месяца ў архіве на сайце www.radiokultura.by.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.

Опубликовано:
Просмотров:
719