Міхась Карпечанка: У душы я — краязнавец

Міхась Карпечанка: У душы я — краязнавец

Рэдактар бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» падрыхтаваў да Дня беларускага пісьменства некалькі літаратурных навінак.

У рэдакцыі бялыніцкай раёнкі незвычайная лесвіцу. На кожнай прыступцы пазначаны імёны журналістаў, якія працавалі ў выданні і ўжо пайшлі з жыцця. Такім чынам галоўны рэдактар выдання Міхась Карпечанка вырашыў захаваць памяць пра сваіх папярэднікаў. Дзякуючы яго ініцыятыве ў горадзе з'явілася мемарыяльная дошка мясцоваму паэту Віктару Хаўратовічу. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў розных сталічных выдавецтвах выйшла ажно тры кнігі гэтага аўтара, дзе ён праславіў вядомых ураджэнцаў Бялыніччыны, прасачыў развіццё рэлігійнага руху і склаў зборнік мясцовых аўтараў. Кнігі былі прэзентаваны падчас вялікага літаратурнага свята, якое адбылося ў Бялынічах 6 верасня. Міхась Аляксеевіч крыху прыадкрывае іх змест і шляхі стварэння.


— «Імёны ў кантэксце эпох», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», — гэта ўжо другое перавыданне маёй кнігі пра славутых землякоў, зараз яна дапоўнена новымі звесткамі і здымкамі. Дагэтуль мы ведалі толькі трох Герояў Сацыялістычнай Працы — Віктара Якубава, Веру Буякову і Васіля Старавойтава. Я знайшоў інфармацыю яшчэ пра трох — Віктара Уса, Ганну Цэдрык і Станіслава Янчэўскага. Тая ж Ганна Цэдрык працавала свінаркай, у 1964 годзе атрымала званне Героя Сацыялістычнай працы за рэкордную колькасць парасят. Да яе нават Машэраў прыязджаў. У гонар працавітай жанчыны ў аграгарадку Натальеўск Чэрвеньскага раёна ёсць вуліца, якая носіць яе імя. Яна пахаваная ў Чэрвеньскім раёне, я нават наведаў яе магілу. Станіслаў Янчэўскі нарадзіўся ў Бялынічах, потым з бацькамі пераехаў у Магілёў. У маладосці будаваў чыгунку ў Казахстане. Аднойчы прыехаў у Магілёў на адпачынак, даведаўся, што ў Салігорску будуюць калійны камбінат, і накіраваўся туды. За сваю плённую працу быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды. Знойдзена інфармацыя пра Віктара Уса. Яго сын, дарэчы, сёння губернатар Краснаярскага краю. Я яму перадаў сваю кнігу.

Нічога не ведалі мы і пра поўнага кавалера ордэна Славы — Аляксандра Кагуценку, які жыў у горадзе Каралёве Маскоўскай вобласці. Яму быў ужо 91 год, калі мы з ім пазнаёміліся. На жаль, сёлета ў лютым ён памёр, так і не паспеўшы здзейсніць сваю мару — яшчэ раз наведаць Бялынічы. У кнізе шмат новых імёнаў вучоных, дактароў навук, людзей, якія дасягнулі вышынь у розных сферах дзейнасці. Казімір Чарноўскі — вынаходнік падводнай лодкі. А Герасім Якушка быў даваенным архітэктарам Мінска. Яго бацька, каб сын паступіў у піцерскі інстытут, прадаў каня. Памёр Якушка ў 1942-м ад тыфу, так і не ажыццявіўшы сваю мару перарабіць прывакзальную плошчу.

— Наколькі цяжка знаходзіць новыя імёны? Наогул, што становіцца стымулам для гэтых пошукаў?

— У душы я краязнавец, мне цікава гэтым займацца. Пачуў дзесьці прозвішча, пачаў цікавіцца, у выніку атрымаў унікальную інфармацыю. Пра тую ж Ганну Цэдрык ніхто не ведаў, што яна родам з Бялыніцкага раёна. Шмат ураджэнцаў Бялыніччыны былі генераламі. Напрыклад, генерал Мікалай Шаранкоў служыў намеснікам начальніка маскоўскай міліцыі. Генерал-маёр Іван Цімаховіч быў лётчыкам, пасля вайны выкладаў у Генштабе. А Іларыёна Фамічэнку я называю генералам ад журналістыкі. У 1938 годзе ён быў рэдактарам ленінградскай акруговай газеты, урыўкі паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін» выйшлі ўпершыню менавіта там. У 1942 годзе Фамічэнка быў прызначаны начальнікам палітупраўлення Ленінградскага фронту, а ў 1945-м у Маскве ўзначаліў газету «Красная звезда». Наогул у Бялыніцкім раёне нарадзіліся два будучыя рэдактары «Красной звезды» — Міхаіл Ланда і Іларыён Фамічэнка. Зямляк Іларыёна Якаўлевіча — Сава Фамічэнка — таксама генерал, камандзір 266-й стралковай Арцёмаўска-Берлінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені стралковай дывізіі. Яшчэ адзін генерал-маёр, лаўрэат Ленінскай прэміі, прафесар, доктар тэхнічных навук Артур Усянкоў быў акадэмікам Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Цыялкоўскага, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці на ўзбраенне стратэгічных ракетных комплексаў. Усіх генералаў пералічваць не буду, пра іх можна пачытаць у кнізе. Яшчэ дзве кнігі, якія былі прэзентаваны на Дні пісьменства, таксама краязнаўчыя. Кніга «...І Маці Божай памалюся» пра рэлігійны рух на тэрыторыі раёна ад язычніцтва да сённяшняга дня, гісторыю знаходжання цудатворнага абраза Бялыніцкай Маці Божай. А «Васільковае поле Айчыны» — зборнік літаратурных твораў бялыніцкіх аўтараў.

— Як доўга працавалі над усімі гэтымі кнігамі?

— Месяц, — бянтэжыць суразмоўнік. — Калі сур'ёзна, у галаве ўсё гэта даўно ўжо было, заставалася выкласці на паперы. У пачатку адпачынку я дамовіўся з жонкай, што з 10 да 16 гадзін раблю ўсё па доме, а пасля мяне не чапаеш. І сядзеў калі да трох, калі да чатырох ночы. Адключыў інтэрнэт, каб не адцягваў увагу, і працаваў. «Васільковае поле Айчыны» можна выкарыстоўваць на ўроках мовы і літаратуры. Тут 37 аўтараў. Знайшоў каля 10 апавяданняў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі — ён, аказваецца, пісаў не толькі карціны. Адно з іх увайшло ў гэтую кнігу. Аскар Курганаў, суаўтар вядомай пяцісерыйнай кінаэпапеі «Вызваленне», за сцэнарый да якой атрымаў званне лаўрэата Ленінскай прэміі, наогул вельмі цікавы чалавек. У 1980-я гады, калі я шукаў пра яго інфармацыю, ён працаваў журналістам у газеце «Известия». Напісаў туды, а ён ужо звольніўся. Я тады не ведаў, што ён з Бялыніч, бо ў крыніцах указвалася скажоная назва. А калі прыехаў у Бялынічы працаваць, даведаўся, што гэта ён і яго сапраўднае прозвішча Эстэркін. Ён сябраваў з Канстанцінам Сіманавым. У першыя дні вайны ішоў пешшу з Мінска ў Магілёў, дзе выпадкова сустрэўся з будучым аўтарам «Жывых і мёртвых». У кнізе ёсць яго апавяданні.

— Сімвалам духоўнасці і асветніцтва ў Бялынічах з'яўляецца ікона Бялыніцкай Божай Маці. Магчыма, таму Бялыніччына багатая на знакамітых людзей, бо з самага пачатку была пацалаваная Богам. У сваёй кнізе пра рэлігійны рух вы адзначаеце і найбольш яркіх духоўных асоб, якія звязаны з гэтай зямлёй.

— Так, знакаміты Мелхіседэк, Міхаіл Паеўскі, цэлы год служыў у нас ігуменам. А архімандрыт Іосіф, Міхаіл Чарноў, пэўны час узначальваў Казахстанскую і Алма-Ацінскую епархію. У савецкі час неаднаразова пазбаўляўся волі за «антысавецкую агітацыю». Быў таленавітым прапаведнікам. Пасля смерці Аляксія І разглядаўся як адзін з кандыдатаў на пост патрыярха, але ён адмовіўся. Іосіф, Мелхіседэк, Арсеній Смалянец — самыя вядомыя ў гісторыі Беларусі прапаведнікі праваслаўнай царквы.

Бялынічы наогул выбраны для Дня пісьменства невыпадкова. Тут у XVІІ стагоддзі пры манастыры была друкарня, дзе пабачылі свет кнігі «Памінальнае слова на смерць Таццяны Сапегі» і «Ісус Хрыстос сведка праўдзівы чалавечай нікчэмнасці».

— Бялыніцкая зямля знакамітая не толькі мастакамі і духоўнымі дзеячамі, але і сваімі пісьменнікамі і паэтамі.

— У нас 21 член Саюза пісьменнікаў, з іх 16 чалавек — ураджэнцы Бялыніцкага раёна. Сярод тых, чыя імёны і прадстаўляць не трэба, іх і так усе ведаюць — Ігар Шклярэўскі, Аскар Курганаў, Уладзімір Кароль і іншыя. Бацька Ігара Шклярэўскага Іван быў рэдактарам бялыніцкай газеты. У 1937 годзе ўпаўнаважаны ЦК КПБ(б) Зямцоў шукаў у Бялынічах ворагаў народа і знайшоў 19 чалавек, сярод якіх быў і Іван Шклярэўскі. Але праз дзевяць месяцаў усіх адпусцілі. Іван парваў пасля гэтага з журналістыкай і стаў працаваць настаўнікам. У Ігара Шклярэўскага ёсць пра гэта верш-згадка.

— Як атрымалася, што вы, ураджэнец Краснапольшчыны, так захапіліся гісторыяй Бялыніцкага раёна?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Болін, яе больш няма на карце, знікла пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Часам я жартам называю сябе чалавекам без радзімы. Без спецыяльнага дазволу ў тое мястэчка, дзе прайшло маё дзяцінства, зараз і праехаць нельга. Толькі на Радаўніцу на могілкі прапускаюць, а так закрытая зона.

А што датычыцца любові да краязнаўства, то ў мяне настаўнікі былі добрыя ў журналістыцы. Гэта Сямён Сямёнаў, ураджэнец Чэрыкаўшчыны, які працаваў на маёй малой радзіме ў краснапольскай раёнцы, і Анатоль Ярохін — былы супрацоўнік выдавецтва «Полымя». Сямёнаў падбухторваў: а ты ведаеш, адкуль пайшла твая вёска Болін? І мне стала сорамна, што я не ведаю. Паехаў у архівы і знайшоў. Аказалася, што раней тут быў маёнтак пана Ракузы-Сушчэўскага. Сама вёска паўстала ў 1918 годзе, значную частку яе жыхароў склалі выхадцы з суседняй Старой Буды, якую яшчэ называлі Разаронай. Знайшліся фотаздымкі панскага палаца і возера. Ракуза-Сушчэўскі, дарэчы, быў гардэмарынам. Бялыніччына — мая другая радзіма, я тут жыву і павінен ведаць гісторыю гэтай зямлі. А ёй ёсць чым ганарыцца. У рамках Дня пісьменства пройдуць краязнаўчыя чытанні, у якіх прыме ўдзел каля 20 краязнаўцаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
539