НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ – 2019. “Страчанае рэха”

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ – 2019. “Страчанае рэха”

На Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii” Мінскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” вылучаны зборнік паэзіі Уладзіміра Цануніна “Страчанае рэха” (Мінск, “Колорград”, 2018);

У мінулым Уладзімір Цанунін турыст, па прафесіі – настаўнік гісторыі, а яшчэ бард, як кажуць, “знаўца чалавечай душы”. З якім замілаваннем кладзе радкі ў вершах аўтар! Каб так проста і прыгожа апісаць з’явы прыроды і лясны, азёрны сусвет, за ім трэба пільна, з любоўю назіраць. А потым беспамылкова знаходзіць дакладныя словы, трапныя параўнанні, каб як мага лепш данесці свае адчуванні да чытача. Адмысловасць у тым, што ў напружаны век высокіх тэхналогій, як раз і не хапае гэтага подыху роднай прыроды, і аўтар дае нам магчымасць скінуць на нейкі момант цяжар турбот, дае (без наведвання лесу) адчуванне таго, што ж на самой справе там адбываецца.

Аўтар арыгінальна пабудаваў свой твор: ён спалучыў пару года з паводзінамі жывёлін. І, зразумела, вершаваны зборнік адкрывае вясна. Яна як сімвал абуджэння прыроды, прадчування цёплага лета для людзей і лясных жыхароў. Адпаведныя гэтай задумцы і назвы раздзелаў: “Заплакаў дах капежам”, “Нябёсы дыхаюць блакітам”, “Пасівела неба над ракою”, “Мароз рассыпаў срэбра”.

Зборнік “Страчанае рэха” – гэта працяг раней выдадзенай кнігі “Пушчанскія галасы” (2015). Другі свой зборнік краязнаўчай тэматыкі аўтар прысвячае Году малой радзімы.

Цанунін Уладзімір Яфімавіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014) і Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь (2009).

Вершы і песні пачаў пісаць з юнацтва. Зараз ён аўтар дзесяці паэтычных зборнікаў: “Зачараваная чаромха” (2007), “Мы самі пра сябе”, “Не отправленные письма” (2009), “У струменях часу”, “Хто ж адкажа” (2011), “Пушчанскія галасы”, “Да вогнішча далёкага юнацтва” (2015), “Люстэрка” (2016), “Кліча бацькава хата”, “Страчанае рэха” (2018). У 2010 годзе напісаў вершаваны тэкст да дакументальнай стужкі “Горад на Вяллі”, якая атрымала першае месца на I рэгіянальным конкурсе аматарскага краязнаўчага фільма ў Вілейцы.

У 2016 годзе быў узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Опубликовано:
Просмотров:
1 909
Регионы Беларуси: