Навінкі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» для дзяцей і іх бацькоў

Навінкі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» для дзяцей і іх бацькоў

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла новая кніга беларускага паэта Віктара Кажуры «Слоўца да слоўца: амонімы для пачатковай школы», якая адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту.

Багацце нашай мовы, якое называецца лексікай, – невычэрпная крыніца, што дорыць словы-самацветы для  стварэння незвычайных карцін, замалёвак, прыгод. Толькі варта вельмі ўважліва ставіцца да слова.

У кнізе сабраны невялічкія рыфмаванкі, якія дапамогуць пазнаёміцца, зразумець і засвоіць раздзел лексікі, які вывучае амонімы, –  словы, што гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне.

Пасля знаёмства з кнігай дзецям прапануецца стварыць уласныя замалёўкі-рыфмаванкі з самастойна адшуканымі амонімімі.

Малюнкі-ілюстрацыі да кнігі падрыхтаваны мастачкай Таццянай Пінчук.

Кажура_1.jpg  

У 2020 годзе выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» таксама выпушчаны яшчэ дзве кнігі Віктара Кажуры.

«ПАКАЦІЛАСЯ СОНЕЙКА… ВЕРШЫ І ЗАГАДКІ ПРА МЕСЯЦЫ ГОДА»

Кожная пара года непаўторная. Зімой – гэта танец сняжынак, вясной – першыя падснежнікі і прылёт птушак, летам – яркае сонейка і салодкія ягады, а восенню – шматкаляровае ўбранне прыроды. Па-свойму ўнікальныя і 12 месяцаў, з якіх складаюцца чатыры пары года. На старонках маляўнічага выдання змешчаны вершы, прымаўкі і загадкі пра месяцы года, а таксама займальныя заданні.

Кажура_2.jpg

Кніга «Пакацілася сонейка… Вершы і загадкі пра месяцы года» ўключана ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў 4-м класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне», рэкамендаваных вучэбнай праграмай.

«АЗБУКА Ў ЗАГАДКАХ»

Кніга адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту і  прапануецца для выкарыстання на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ. «Азбука ў загадках» – гэта захапляльны свет, населены разнастайнымі раслінамі і жывёламі, прыгожымі прыроднымі з’явамі і казачнымі героямі. Што ні старонка – то новыя загадкі, якія пачынаюцца на пэўную літару. А ў якасці падказак выкарыстоўваюцца лексічныя значэнні слоў. Адгадкі таксама ёсць, але назіральнаму чытачу не абавязкова падглядваць у іх: адказы схаваны ў маляўнічых выявах, падрыхтаваных маладой мастачкай Марыяй Мароз.

Кажура_3.jpg 

Матэрыял кнігі не толькі мастацка-пазнавальны, але і навучальна-развіваючы, бо дазваляе паўтараць і замацоўваць веданне беларускага алфавіта, узбагачае лексічны запас вучня, выпрацоўвае навыкі перакладу з беларускай мовы на рускую, развівае паэтычна-творчыя здольнасці дзіцяці, дапамагае  адчуваць рытм вершаваных радкоў, падбіраць неабходныя словы-рыфмы, садзейнічае развіццю каліграфічных уменняў на ўроках чыстапісання, можа выкарыстоўвацца падчас вывучэння тэмы «Склад. Падзел слоў на склад». 


Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах  выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»

 

Опубликовано:
Просмотров:
718