Побач з Чыгрынавым

Побач з Чыгрынавым

Кнігі Івана Чыгрынава засталіся галоўным помнікам яму, калі пісьменніка не стала. Ён пражыў 62 гады, быў суаўтарам сцэнарыя легендарнага шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць» і актыўным грамадскім дзеячам.

Яго світальны ранак узышоў у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе будучы пісьменнік пачаў пісаць жыццёвы чыставік. Складанасць вясковага жыцця выкавала ў хлопчыка моцны ўнутраны стрыжань. Сямігодку Іван закончыў у сваёй вёсцы, а сярэднюю адукацыю атрымліваў у вёсцы Саматэвічы, дзе нарадзіўся выдатны паэт Аркадзь Куляшоў. Шырокая вядомасць Куляшова, усведамленне, што ваколіцы і людзі гэтай мясцовасці жывілі яго паэтычнае натхненне, паглыблялі зацікаўленасць здольнага юнака да літаратуры. Прасіў насычэння інтэлект, і з маладой вясной у сэрцы Чыгрынаў пакрочыў у жаданую дарогу па веды, па прафесію мары паступіў у БДУ на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта. На пытанне «Чаму абраў гэтую прафесію?» з гумарам адказваў: журналіст і філолаг — гэта ўменне гуляць словамі.

Гады студэнцтва — своеасаблівая жыццёвая вяха. Пяць гадоў навучання (1952—1957) — тугі вузел дзён-прыступак да будучыні. Чыгрынаў будаваў свой пісьменніцкі лёс не на прыстаўной (выпадковай) лесвіцы, а на моцным адукацыйным (журналісцкім) падмурку. Сябры, якім таксама было ўласціва шчырае захапленне літаратурай, гарачыя абмеркаванні літаратурных праблем спрыялі фарміраванню асобы будучага пісьменніка.

Амаль кожны з навучэнцаў факультэта спрабаваў сілы ў  літаратурнай творчасці, толькі не кожнаму хапала цярпення і таленту. У Чыгрынава было і тое, і другое — тоны цярпення і натхнення. Ён пачынаў з вершаў, паэзія гучала ў сэрцы студэнта непрыручаным рэхам, сцвярджаючы: верш  — гэта высвятленне сябе! Пераважная большасць аднакурснікаў бачыла ў Чыгрынавым таленавітага паэта. Многія з іх з задавальненнем распявалі падчас перапынкаў яго прыпеўкі на мелодыю народных песень. Аднак пазней Іван Гаўрылавіч перайшоў на прозу.

Чыгрынаў ніколі не прымяраўся да чужой меркі, вызначаўся адкрытасцю: што думаў, тое і гаварыў у вочы. Нават з выкладчыкамі мог паспрачацца. Са студэнцкай пары быў энергічным, ініцыятыўным, праўдзівым, не выказваў піетэту перад казённымі аўтарытэтамі. Гэта пасля знойдзе яркае ўвасабленне ў актыўнай грамадскай дзейнасці.

У народзе кажуць: хто не жыў у інтэрнаце, той не ведае сапраўднага студэнцкага жыцця — калектыўнага, а таму радаснага, нават пры пэўных праблемах. Інтэрнат на вуліцы Бабруйская, 9 стаў родным домам, надзейным прытулкам. Больш чым два навучальныя гады давялося жыць з Чыгрынавым у адным інтэрнацкім пакоі майму земляку, былому супрацоўніку і рэдактару бярэзінскай раённай газеты «Сцяг Леніна» Барысу Манцэвічу. Інтэрнат — вясёлая студэнцкая радня, з тых, пра каго ў народзе кажуць: адным арэхам падзеляцца. У тыя паўгалодныя дні ім даводзілася дзяліць і хлеб, і цукар, і кавалак сала. Як сведчыла цытата студэнцкай ананімнай паэмы: «не схаваеш ад нахала за акном кавалак сала». Жылі камунай. Адзін прывозіў з вёскі мех бульбы, другі — кавалак сала і  вясковыя праснакі. У складчыну са стыпендыі куплялі цэлы чамадан цукру, каб заўсёды быў салодкі чай.

Жартаў у інтэрнаце хапала, што згладжвала няпросты студэнцкі быт. Напрыклад, на дзвярах пакоя Клышкі, Сіпакова, Бураўкіна быў жартоўны надпіс: «Калі зайшоў у наш пакой, не будзь жывёлінай такой!» (і здымак свінні ў лужыне).

Энтузіязм — спружына студэнцкага жыцця. У інтэрнацкім пакоі Чыгрынава з жалезнымі панцырнымі ложкамі (жыло 5 чалавек) выходзіла свая насценная газета з мудрагелістай назвай «Кручкатвор». Пазнаёміцца з  арыгінальным выданнем прыходзілі студэнты з суседняга інтэрната. Камунай рыхтаваліся да заняткаў. Былі вызначаны дні выключна беларускага маўлення. Манцэвіч і Чыгрынаў часта разам працавалі ў бібліятэцы імя Леніна, хадзілі на вечары адпачынку ў суседні педінстытут імя Горкага. Радаваліся, калі ў верасні выязджалі на ўборку бульбы. У студэнцкім лексіконе слова «бульба» мела спецыфічны сэнс: дапамога на ўборцы «беларускага хлеба» — бульбы. За месяц бульба магла лепш перазнаёміць студэнтаў розных курсаў, а часам — нават розных факультэтаў, чым гады звычайнай вучобы. Хоць ад працы балелі спіны і рукі, аднак прыходзіў вечар, і збіраліся ў мясцовым клубе ці ў вясковай хаце, спявалі, танцавалі. Так, восенню 1955 г. у калгасе «За ўладу Саветаў» Мінскага раёна студэнтам журфака жылося весела, на вечарах адпачынку ахвотна спявалі прыпеўкі на тэксты Чыгрынава. Арганізавалі сваю футбольную каманду.

Восеньская бульба студэнтаў таго пакалення перацякала ў суботнікі па аднаўленні пасляваеннага Мінска і БДУ. Так яны традыцыйна называліся, аднак праводзіліся ў нядзелю, бо ў суботу студэнты вучыліся. Садзілі дрэвы, падмяталі вуліцы, дапамагалі будаўнікам… Любімым месцам адпачынку студэнтаў быў пляж Камсамольскага возера. На канікулы, як правіла, І. Чыгрынаў выязджаў не на Магілёўшчыну, адкуль родам, а ў Беразіно разам са сваім сябрам Леанідам Турцэвічам. Таму вуліцы нашага райцэнтра Беразіно захоўваюць памяць пра народнага пісьменніка Івана Чыгрынава.

Тамара Круталевіч 

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Опубликовано:
Просмотров:
987