Праекту «Жывая культура» на «Беларусь 3» два гады

Праекту «Жывая культура» на «Беларусь 3» два гады

Народныя рамёствы, абрады, завядзёнкі, стравы — штораз у кадры новы сюжэт, дзе можна падзівіцца на мясцовых майстрых, а таксама на багатую духоўную скарбніцу беларусаў са мноствам цікавага і адмысловага. Чаруе ці не больш, чым самі героі, прывабная і таленавітая вядучая. За якую справу ў кадры ні возьмецца, якое рамяство ні распачне — да канца перадачы бадай усё адолее ды яшчэ і майстар-клас пакажа. Ды соль не толькі ў тым, што да народнай навукі за лічаныя хвіліны здатная, — амаль усім з гэтага авалодала ўжо даўно. Кацярына Ваданосава — паэтка, музыкант, мастачка, вядучая, кравец, рэстаўратар кніг. Такое адчуванне, што ў адной асобе ўсе творчыя здабыткі.

— Кацярына, ці ёсць нейкае захап­ленне, якое ўсё ж пераважае ў вашай шматграннасці?

— Не магу адказаць адназначна. У пэўны момант я хацела вызначыцца, абраць пэўнае рэчышча і шчыльна ім зай­мацца, адрынуўшы ўсе астатнія. І нават спрабавала гэта зрабіць. Напрыклад, з усіх заняткаў удзяляць увагу толькі музыцы, ці толькі дызайну, ці ручной працы. Але ў такім выпадку я ўжо буду не я. Бо калі нешта са свайго жыцця закідаю, то мне становіцца блага фізічна. Некамфортна, калі доўга не выступаю, не шыю, не ствараю рукамі. Няма такой галіны, якую б абрала і толькі яе прытрымлівалася.

— Раней вялі фальклорны праект «Хата на хату», у якім вандравалі па сем’ях, вывучалі іх культуру, а потым з лепшымі ладзілі батлы. У цяперашняй «Жывой культуры» аснова таксама фальклорная. Чым прыцягвае такі фармат?

— Справа ў тым, што да праекта «Хата на хату» напачатку я не мела ніякага дачынення. З боку тэлебачання гэта адбылося абсалютна выпадкова: прадзюсеры запрыкмецілі мяне ў адной з тэлепраграм, дзе я была госцем, і адзначылі, што няблага выглядаю ў кад­ры, размаўляю па-беларуску, трэба паспрабаваць на ролю вядучай. Тым часам «Жывая культура» — сапраўды «мой» праект, за які перажываю ўсёй душой, які быў прыдуманы быццам спецыяльна для мяне. Тут значна больш творчасці, новых ведаў, знаёмстваў, уражанняў. Чаму мяне цягне да фальклору? Я б сказала, што не толькі да фальклору, бо па адукацыі я гісторык-рэлігіязнаўца і мне цікавыя этнаграфія, культуралогія, гісторыя мастацтваў. Да таго ж даволі часта апелюю да ведаў, якія атрымала падчас музычнай адукацыі. Гэта маё: я люблю сваю краіну, культуру, лічу яе надзвычай багатай і адметнай.

— Сталічная дзяўчына, нарадзіліся ў Мінску, а такі імпэт да беларускіх традыцый, якія перш за ўсё з вёскі.

— Беларускія традыцыі зараджаліся не толькі ў вёсках. Наша культура разнастайная, а шматлікія здабыткі, якія мы зараз назіраем у сельскай мясцовасці, часам нават пераходзілі туды з гарадоў. Напрыклад, адзін з выпускаў нашай праграмы быў прысвечаны падвойнаму ткацтву з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. І, як сцвярджаюць навукоўцы, у названым рэгіёне гэты від ткацтва напачатку існаваў у межах магнацкіх мануфактур, дзе распрацоўвалі ўзоры, ткалі дываны на продаж і экспарт, а ўжо потым майстры перанеслі яго ў свае хаты, на свае прыватныя кросны. Але шмат добрага і гістарычна цікавага паходзіць і з вёсак, пра што сведчаць нашы багатыя этнаграфія і фальклор. Лічу, што беларуская традыцыйная культура — фундамент, на якім грунтуецца ўся астатняя надбудова.

— У кожнай перадачы распавядае­це пра нейкае адметнае рамяство. А што асабіста для вас з нематэрыяльнай культурнай спадчыны больш цікавае? Чым прасякнуліся з тэлеэфіраў і што выкарыстоўваеце ў жыцці?

— У мяне ёсць пэўная падрыхтоўка ў тым плане, што сама ўмею ткаць, вышываць, шыць, таму найбольш цікавыя для мяне выпускі, дзе мы асвятляем менавіта гэтыя рамёствы. Імпануюць эфіры пра музыку. Але ў «Жывой культуры» былі і такія рэчы, якія я не ўмела рабіць: напрыклад, гатаваць клёцкі з душамі. Навучылася, і зараз яны рэгулярна ў рацыёне. Ці, напрыклад, не так даўно здымалі праграму пра кругавое пляценне з лазы ды саломы — гэта таксама адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Мяне навучылі гэтаму, і ўсё аказалася даволі проста, вельмі цікава і прадуктыўна. Зараз чакаю, калі прыйдзе жнівень, каб можна было зжаць абярэмак саломы і наплесці кошыкаў. Вядома, на здымках пазіцыяную сябе гарадской дзяўчынай, якая завітала ў вёску, каб даведацца пра нешта новае, яе ўсё ўражвае. Але часам бывае так, што я ўмею рабіць тое, пра што будзе сюжэт, ды не паказваю гэтага, напрыклад здзіўляюся, як ткуцца пая­сы: «О, гэта ж нейкая вышэйшая матэматыка!» Не выстаўляю сябе ўсёведнай, каб праграма глядзелася больш цікава і разнастайна.

— Абкалясілі ўсю Беларусь, у вас шмат камандзіровак, дзе праводзіце бадай траціну часу. Ці не стамляецеся ад такога ладу?

— Напачатку прыходзілася цяжкавата. Калі толькі пачынала гэты праект, у мяне былі яшчэ даволі малыя дзеці, але пакрысе яны растуць, становяцца больш самастойныя. Да таго ж я не тое каб «экстравертны экстраверт», таму па сваёй сутнасці мне даволі цяжка сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі. Напачатку гэта было выпрабаваннем — у незнаёмай вёсцы ісці па хатах, стукаць у дзверы і пра нешта пытацца. Але прызвычаілася: чалавек да ўсяго прызвычайваецца, тым больш што хібы і выдаткі маёй працы поўнасцю кампенсуюцца ўражаннямі, ведамі і задавальненнем, якое атрымліваю ад прыгожай прыроды і чалавечых адносін.

Поўнасцю артыкул вы можаце прачытаць на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня". 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Опубликовано:
Просмотров:
890