Прэзентацыя "Маёй залатой Бенгаліі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Прэзентацыя "Маёй залатой Бенгаліі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

У Беларусі ўбачылі свет некалькі кніг лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора. На беларускай, рускай і англійскай мовах. Новы праект, які выйшаў дзякуючы паліграфічнаму камбінату імя Якуба Коласа, істотна адрозніваецца ад папярэдніх.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сабраў на прэзентацыю кнігі аднаго верша Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету” прадстаўнікоў самых розных краін.

У госці ў аўтарытэтную асветніцкую ўстанову прыйшлі дыпламаты Індыі, Казахстана, Украіны, Грузіі, Польшчы, Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Віктар Рыбак, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, старшыня Дзіцячага фонда ААН ЮНІСЭФ у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар, намеснік старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” паэт і празаік Валерый Казакоў, паэтэса Таццяна Сівец, перакладчыкі Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец і шмат хто яшчэ.

Усіх сабрала адна нагода – творчы праект, які можна лічыць ці не першым складнікам у падмурак беларуска-бангладэшскіх гуманітарных стасункаў. І хаця ў нашых краінах няма дыпламатычных місій, адносіны існуюць у самых розных галінах. У Беларусі вучыцца больш за 20 студэнтаў з Бангладэш. Знешнегандлёвыя адносіны паміж Беларуссю і Бангалдэш у 2018 годзе склалі 144 міліёны долараў.

Верш “Мая залатая Бенгалія”, напісаны на пачатку XX стагоддзя, – гэта гімнам Бангладэш. Дарэчы, гімн Індыі – таксама верш Рабіндраната Тагора. Пра гэта нагадала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Сангіта Багадур, якая прачытала “Маю залатую Бенгалію” на мове хіндзі.

У кнізе, выдадзенай паліграфічным камбінатам імя Якуба Коласа, змешчаны пераклады на 50 моў свету. Бенгальская, мова арыгінала, – 51-я. Зборнік “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету” ужо атрымаў два выданні.

Унікальнай назваў падзею прэзентацыі кнігі класіка бенгальскай літаратуры спадар Рашэд Мустафа Сарвар, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Бангладэш. “Я выпеставаны з імем Тагора, падлеткам я адкрыў яго кнігі, юнаком я захапіўся яго песнямі, музыкай,” – заўважыў Рашэд Сарвар і прачытаў легендарны твор на роднай бенгальскай мове.

Гучалі словы Тагора і на ўкраінскай, грузінскай, казахскай мовах. І, канешне ж, на беларускай. У зборнік увайшлі пяць розных варыянтаў пераўвасаблення верша на беларускую мову. Іх перакладчыкі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, паэты Марыя Кобец, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізьнік. Трое з перакладчыкаў – і Мятліцкі, і Кобец, і Гальпяровіч, – прысутнічалі ў зале Нацыянальнага гістарычнага і прачыталі свае пераклады “Маёй залатой Бенгаліі”.

Кранальным было выступленне аднаго з укладальнікаў кнігі – бангладэшскага перакладчыка Музахідула Іслама, які жыве і працуе ў Беларусі.

Грунтоўны экскурс да жыцця і творчасці Рабіндраната Тагора, які імкнуўся паяднаць культуры Усходу і Захада, зрабіў прафесар, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Унікальным аздабленнем музейнай прэзентацыі сталі і рэпрадукцыі работ вядомага мастака Бангладэш Зейнала Абедзіна. Яго серыя малюнкаў “Голад у Бенгаліі”, створаная ў 1940-я гады, стала ілюстрацыйным матэрыялам да кнігі аднаго верша на мовах свету. На сустрэчы ішла размова і пра тое, што выданне спадчыны Рабіндраната Тагора ў Беларусі будзе мець працяг.

– Зараз мы збіраем кнігу перакладаў Гімна Індыі на мовы народаў свету, – заўважыў прыхільнік таленту вялікага паэта Музахідул Іслам.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта «Созвучие».

Опубликовано:
Просмотров:
572
Направления: