Сёння функцыю ацэнкі якасці літаратуры бяруць на сябе літаратурныя часопісы

Сёння функцыю ацэнкі якасці літаратуры бяруць на сябе літаратурныя часопісы

Напярэдадні чарговага этапу падпісной кампаніі галоўныя рэдактары распавялі пра творчыя планы.

Для таго, каб апублікаваць свае творы і нават знайсці чытача, дастаткова мець або грошы для выдання кнігі, або проста выхад у інтэрнэт. Такая рэчаіснасць, зразумела, множыць колькасць тых, хто прэтэндуе на пісьменніцкае прызнанне, але ніколькі не дапамагае вылучыць сярод іх сапраўды вартых аўтараў. Функцыю ацэнкі якасці, ролю экспертнай ацэнкі твораў сёння, як і дзесяцігоддзі да гэтага, бяруць на сябе літаратурныя часопісы. Гэта адзначыў намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксей Чарота падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, прысвечанай літаратурным часопісам холдынга.

Напярэдадні чарговага этапу падпісной кампаніі галоўныя рэдактары часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць» распавялі пра знаходкі і тэндэнцыі, якія прасочваліся ў працы выдання на працягу года, і пра далейшыя творчыя планы.

Алена Мальчэўская, якая ўзначальвае «Полымя», распавяла, што ў выданні надаецца асаблівая ўвага захаванню балансу паміж мемарыяльнасцю і адпаведнасцю часу. Таксама адной са значных рысаў у публікацыях у «Полымі» стала серыяльнасць — на старонках, адведзеных для прозы, друкуюцца буйныя творы, якія расцягваюцца на некалькі нумароў, што дазваляе прыцягнуць увагу чытача на працяглы час.

Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», зрабіла ў сваім аповедзе акцэнт на спецыяльных праектах часопіса, стварэнні тэматычных нумароў, супрацоўніцтве з разнастайнымі конкурсамі. Часопіс актыўна выкарыстоўвае магчымасці найноўшага часу, што дае магчымасць яму адпавядаць інтарэсам мэтавай аўдыторыі. Напрыклад, да выхаду кожнага нумара часопіс рыхтуе відэапрэзентацыю — трэйлер.

Юлія Алейчанка, галоўны рэдактар часопіса «Нёман», звярнула ўвагу на тое, што выданне імкнецца да захавання традыцый, прадстаўляе творы беларускіх аўтараў больш шырокаму колу чытачоў дзякуючы перакладам на рускую мову. Большасць з аўтараў «Нёмана» — прызнаныя і дасведчаныя літаратары, але выданне не абмінае ўвагай і яскравыя літаратурныя дэбюты.

Акрамя гэтага, ва ўсіх выданнях актыўна распрацоўваюцца тэмы, звязаныя з юбілеямі класікаў беларускай літаратуры, яны імкнуцца прадстаўляць чытачам незвычайную, унікальную інфармацыю пра вядомых асоб і больш шырока знаёміць аўдыторыю з гісторыяй беларускага пісьменства. Таксама асаблівая ўвага ва ўсіх трох выданнях удзяляецца літаратурнаму супрацоўніцтву — практыцы перакладаў з розных моў свету як класікаў розных літаратур сусвету, так і сучаснікаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
190