У Мірскім замку пройдуць «Кніжныя сустрэчы»

У Мірскім замку пройдуць «Кніжныя сустрэчы»

15 чэрвеня адбудзецца новы кніжны фестываль у Мірскім замку. Ён разгорнецца ў замкавым дворыку, а таксама на некаторых паверхах самога старажытнага мура. І паўсюль арганізатары абяцаюць бясплатны ўваход. Асобным мерапрыемствам запланаваны круглы стол, прысвечаны гістарычнай літаратуры.

Пісьменніца, журналіст Людміла Рублеўская прэзентуе свае кнігі, якія выйшлі цягам апошняга года. Адбудзецца знакавая сустрэча. 

"Я зноў прыеду ў Мірскі замак, дзе літаральна месяц таму прысутнічала на здымачнай пляцоўцы экранізацыі майго рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча», - распавяла чытачам газеты "Звязда"  Людміла Рублеўская. - Атрымаецца такое падарожжа ў часе. Тым больш што прэзентаваць я буду адразу дзве кнігі з гэтай серыі. Апошнюю, шостую частку, а таксама першую — бо людзі пастаянна пыталіся, шукалі яе, — таму кніга перавыдадзеная яшчэ раз (менавіта па ёй адбываецца экранізацыя). Я прысутнічала на начных здымках праекта. І трэба сказаць, што Мірскі замак выступіў у ролі Слуцкага замка. Адбывалася рэканструкцыя тэатра Гераніма Радзівіла — жорсткага магната. Гэта было абсалютна чароўнае відовішча! Толькі ўявіце: дзеці з мінскага харэаграфічнага вучылішча ў касцюмах эпохі барока, напудраных парыках на фоне габеленаў, цудоўнай мэблі, на старажытным паркеце... Гістарычныя экспанаты нібы ажылі. У Мірскім замку здымалі сцэны з танкам на паравым рухавіку па эскізах Леанарда да Вінчы, які фігуруе ў маім рамане. Я ніколі ў жыцці не думала, што ўбачу яго на свае вочы. Тым не менш гэтая цуд-машына ездзіла, страляла. Па сеціве разышлося шмат здымкаў здзіўленых турыстаў. Я спадзяюся, тое, што кіношнікі «Беларусфільма» зрабілі, стане яшчэ адной турыстычнай прывабнасцю для наведвальнікаў замка".



Опубликовано:
Просмотров:
1 352
Направления: