Урокі Стральцова

Урокі Стральцова

Пачатак вясны для факультэта журналістыкі БДУ азнаменаваны вельмі важнай датай: 1 сакавіка 1926 года нарадзіўся Барыс Васільевіч Стральцоў – вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар, сапраўдная легенда журфака. Словы пашаны, добрыя ўспаміны, гісторыі з жыцця гучаць гэтымі днямі ў факультэцкіх аўдыторыях, вучні і калегі Барыса Васільевіча распавядаюць аб ім студэнтам, знаёмяць моладзь з прафесійнымі запаветамі, якія ідуць ад журналіста, публіцыста і мастака слова Стральцова.

02.03

“Журналістыка – гэта лад жыцця!” – і мы з цягам часу толькі ўсё больш і больш пераконваемся ў дакладнасці стральцоўскай фармулёўкі. Выдатны практык, канешне, добра ведаў, што такое “лад жыцця”.

Барыс Васільевіч нарадзіўся на Быхаўшчыне, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, шмат гадоў працаваў у газетах “Чырвоная змена” і “Звязда”. Былы звяздовец, а зараз галоўны рэдактар “Гаспадыні” Зіновій Прыгодзіч успамінае, што да думкі Стральцова “заўсёды прыслухоўваліся і вельмі часта яна была вызначальнай ў прыняцці таго ці іншага рашэння”.

02.032020 1

З 1969 па 1990 год Барыс Васільевіч узначальваў кафедру тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі БДУ, з 1999 года працаваў прафесарам кафедры сацыялогіі журналістыкі, кафедры перыядычнага друку, а ў апошнія гады жыцця – на кафедры журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. І, бясспрэчна, за дзесяцігоддзі выкладчыцкай дзейнасці прафесар Стральцоў стварыў сапраўдную школу ў галіне тэорыі журналістыкі, і заканамерна, што менавіта пад яго кіраўніцтам абаронены дзясяткі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. “Мы – вучні Настаўніка,” – заўсёды падкрэслівае прафесар кафедры медыялогіі БДУ Васіль Вараб’ёў.

Лаўрэат прэміі Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў “За значны ўклад у развіццё журналістыкі”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў галіне журналістыкі, Барыс Васільевіч Стральцоў быў чалавекам сціплым, усмешлівым і добрым, меў шмат сяброў, з павагай ставіўся да калег і студэнтаў. І такое спалучэнне чалавечнасці і высокага прафесіяналізму, безумоўна, вельмі каштоўнае.

02.03 2

“Каб быць паходняй, трэба свяціць” – гэта назва аднаго з артыкулаў майстра, якая стала сапраўдным прынцыпам кожнага адданага прафесіі журналіста. Кожнага з тых, каго “выгадаваў” Барыс Васільевіч Стральцоў.

02.03.2020 22

У гонар дня нараджэння Барыса Васільевіча на журфаку БДУ з 2 па 7 сакавіка 2020 года ў межах заняткаў пройдуць “Урокі Стральцова”, пройдуць на ўсіх курсах і для студэнтаў усіх спецыяльнасцей.

Марына Лебедзева, дацэнт факультэта журналістыкі БДУ

Крыніца: mediana.by.

Опубликовано:
Просмотров:
1 201