Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прапануе новае выданне

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прапануе новае выданне

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі «Кнігі нашага дзяцінства» выдала зборнік вершаў Петруся Броўкі «Жывучая галінка» для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. У 2020 годзе адзначаецца 115 гадоў са дня нараджэння і 40 гадоў са дня смерці народнага паэта Беларусі,  акадэміка НАН Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы.


Пятрусь Броўка непасрэдна звязаны з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» – яно названа ў яго гонар, бо менавіта Пятрусь Броўка ў савецкі час спрыяў з’яўленню выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» і быў яго першым галоўным рэдактарам. На падмурку «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» зараз існуе «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». 

Літаратурная спадчына паэта складаецца з вялікай колькасці паэтычных зборнікаў,  празаічных твораў для дарослых і дзяцей, перакладаў твораў замежных і рускіх літаратараў, некалькіх лібрэта.


Кніга «Жывучая галінка» змяшчае як такія ўсім вядомыя вершы, як «Пахне чабор», так і меней вядомыя, але не менш прыгожыя. У вершах Петруся Броўкі – любоў да роднай зямлі, захапленне прыгажосцю яе прыроды, павага да гераічнага мінулага нашай Радзімы і гонар за людзей, якія яе насяляюць. Складальніца зборніка – беларуская пісьменніца-казачніца Алена Масла. Каляровыя ілюстрацыі да вершаў зроблены беларускай мастачкай Крысцінай Баранавай.


Зборнік вершаў «Жывучая  галінка» выдадзены ў рамках серыі «Кнігі нашага дзяцінства». У гэтай серыі таксама выйшлі  зборнікі вершаў «Нам не трэба вайны», «Любай маме», зборнік беларускіх народных казак «Залатая яблынька», кніга «Уладзімір Караткевіч. Казкі».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Опубликовано:
Просмотров:
1 140